18 чэрвеня для адкрытага акцыянернага таварыства «Снітава-Агра» быў вельмі адказным днём. З раніцы на машынны двор гаспадаркі прыязджала камісія, якая правярала гатоўнасць зернеўборачнай тэхнікі да жніва-2024. Дарэчы, усе камбайны – іх тут налічваецца шэсць – атрымалі дазвол на працу ў полі.
Ужо праз гадзіну тры камбайны выйшлі ва ўрочышча Сад, каб пакласць пачатак уборачнай эпапеі.
– На гэтым полі паспеў азімы ячмень. На гатоўнасць культуры ўказвае колас, які хіліцца долу. Таму, каб не дапусціць страт ураджаю, было прынята рашэнне распачаць жніво. Усяго ж гэтая культура ў гаспадарцы займае плошчу каля 100 гектараў. Пасля ячменю, недзе праз тыдзень, пачнем прыбіраць рапс. Сёлета ўборцы падлягае каля 1600 гектараў зерневых культур, 400 гектараў рапса і яшчэ 350 гектараў кукурузы на зерне, – удакладніў галоўны аграном ААТ «Снітава-Агра» Аляксандр Лукша.
Для Івана Галаўчука цяперашняя ўборачная кампанія – трыццатая па ліку. Ён працуе ў тандэме з Васілём Труцыкам. Памочнік камбайнера правярае ў тым ліку, ці застаецца на зямлі зерне. Да адказнай пары гэтыя мужчыны, як і ўсе работнікі, ставяцца сур’ёзна. Радуе іх тое, што надвор’е спрыяе ўборцы.
Дарэчы, часта снітаўскія камбайнеры становяцца пераможцамі сярод экіпажаў-тысячнікаў у раёне. Так, у мінулым годзе перамогу святкаваў экіпаж у складзе камбайнера Рыгора Дашкуна і памочніка камбайнера Аляксандра Ката.
Наталля МЕЧНАЯ
Фота аўтара
Оставить комментарий