Адным з сімвалаў Новага года лічыцца ўпрыгожаная ёлка, якую ўсе імкнуцца аздобіць паводле модных тэндэнцый, купляючы яркія цацкі, якіх, на шчасце, у сучасных магазінах – вялікі выбар.
У многіх захаваліся ёлачныя ўпрыгожанні бацькоў і бабуль. Падумайце, якое чараўніцтва пачыналася, калі з далёкай паліцы даставалася скрынка з уборам для ёлкі, і які смутак прыносіла кожная неспадзявана пабітая цацка?!
Сёння старыя савецкія ёлачныя цацкі з’яўляюцца прадметам калекцыяніравання. У антыкварных крамах і на блышыных рынках кошт на многія экзэмпляры вельмі значны. Аднак некаторыя людзі не пагадзяцца расстацца з цацкамі ёлак свайго дзяцінства ні за якія грошы.
У дарэвалюцыйнай Расіі галоўным святам быў не Новы год, а Каляды, таму ёлачныя цацкі тых часоў былі звязаны з біблейскімі сюжэтамі: фігуркі анёлаў, калядныя званочкі, зоркі. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі калядная ёлка была адменена як буржуазны перажытак, аднак у лістападзе 1935 года савецкі дзяржаўны дзеяч Павел Пастышаў апублікаваў у «Праўдзе» адкрыты ліст, у якім выступіў супраць «асуджэння» ёлкі і прапанаваў арганізаваць свята для савецкіх дзяцей: «Зладзім добрую савецкую ёлку ва ўсіх гарадах і калгасах!»
Спачатку вырабам навагодніх упрыгожанняў займаліся невялікія арцелі. Матэрыялы і тэхнікі былі традыцыйнымі – вата, кардон, пап’е-машэ, шкло. Папулярнасцю карысталіся плоскія ціснёныя цацкі, якія складаліся з дзвюх злепленых паловак – такія цацкі выпускаліся на працягу ўсяго савецкага перыяду гісторыі.
Савецкае свята запатрабавала новых атрыбутаў. Традыцыйную Віфлеемскую зорку на верхавіне ёлкі змяніла пяціканцовая Крамлёўская зорка, замест анёлаў з’явіліся ўпрыгожанні з партрэтамі кіраўнікоў партыі. Аднак выпуск гэтага віду цацак вельмі хутка спынілі – па меркаваннях паліткарэктнасці.
Святочныя ўпрыгожанні ў пачатку савецкай гісторыі былі ідэалагічна выверанымі. Напрыклад, існавала серыя цацак «Агітацыя» – з чырвонаармейцамі, матросамі і чырвонымі зоркамі. Да 1940-х гадоў у краіне наладзіўся мірны побыт, і на змену чырвонаармейцам і дырыжаблям прыйшлі іншыя персанажы.
Навагоднія цацкі, як перадавіцы газет, перадавалі тое, чым жыў, чаму радаваўся, аб чым марыў савецкі народ. У 1939 годзе быў створаны камплект цацак «Скотны двор» да адкрыцця Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставы. Птушніцы, даяркі, сельскагаспадарчыя жывёлы – гэты камплект прадаваўся толькі падчас дзеяння выставы і больш ніколі не ўзнаўляўся.
Лётчыкі, палярнікі, героі-пагранічнікі, а таксама персанажы папулярных фільмаў шырока выпускаліся пасля выхаду у пракат таго ці іншага фільма. Напрыклад, калі выйшаў фільм «Цырк», з’явіліся ёлачныя клоўны, гімнасты, дрэсіраваныя сабачкі.
Яшчэ адзін кінематаграфічны навагодні подых – ёлачныя цацкі ў выглядзе гадзіннікаў, якія паказваюць без пяці хвілін дванаццаць. Памятаеце песеньку гераіні Людмілы Гурчанкі з фільма «Карнавальная ноч»: «Пять минут… Пять минут… Бой часов раздастся вскоре…»? Шкляныя гадзіннікі з’явіліся і сталі папулярныя пасля гэтага фільма.
Цацкі выпускаліся серыямі, напрыклад, героі казкі «Чыпаліна» або наборы з героямі казак Пушкіна – да юбілею паэта. Быў і Айбаліт з кампаніяй звяроў, і зайцы з барабанамі, і Алёнушкі, і Чырвоныя шапачкі, і Васілісы Прамудрыя. Серыя ёлачных цацак «15 рэспублік – 15 сясцёр» – фігуркі людзей у нацыянальных строях выпускалася ў 1960-я гады. Упрыгожанні цікавыя і як узор дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, і як прыклад ідэалогіі і менталітэту таго часу. У далікатных ёлачных упрыгожаннях, як у люстэрку, адбівалася гісторыя краіны: і першы спадарожнік, і Вавёрку са Стрэлкай, і касманаўтаў можна было ўбачыць на святочным навагоднім дрэве.
Асаблівую павагу выклікаюць цацкі ваеннага часу. Нягледзячы на нягоды і страты, людзі ўпрыгожвалі ёлкі. Нават у блакадным Ленінградзе для дзетак ладзілі свята – з Дзедам Марозам і Снягуркай, з прыбранай ёлкай, са святочным пачастункам. Магчыма, проста дадатковы кавалак хлеба, які для кагосьці быў саладзейшы за самыя смачныя цукеркі. У гады вайны з’явіліся Дзяды Марозы з аўтаматамі і ў шапках-вушанках, а таксама Снягуркі з санітарнай сумкай і кранальныя самаробныя цацкі з перагарэлых электрычных лямпачак, стрэляных гільзаў, урыўкаў бінтоў, размаляваных ампул ад лекаў.
Усім вядомы лозунг «Усё для фронту! Усё для перамогі!», але падчас вайны ў краіны знаходзіліся рэсурсы не толькі для вытворчасці снарадаў: на заводах выпускаліся цацкі з рэштак дроту, а на прадпрыемствах, якія займаліся пашывам ваеннай формы, майстравалі ёлачныя ўпрыгожанні з рэштак матэрыялу для пагонаў.
У 1970-я гады вытворчасць ёлачных цацак стала масавай, іх пачалі вырабляць яркімі і бліскучымі, але разам з тым упрыгожанні страцілі сваю індывідуальнасць. Цацкі сталі больш абстрактнымі, страцілі скульптурнасць формы, з намаляваных вочак знік выраз. А потым мішкі, вавёрачкі, зайчыкі, чалавечкі і зусім змяніліся безаблічнымі ледзяшамі, ільдзінкамі і ліхтарыкамі…
Марына КАЎТУНЮК, галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы «Пружанскі палацык»