Рукатворныя навагоднія дзівосы ствараюць выхаванцы школ

Установы адукацыі Іванаўшчыны ўключыліся ў падрыхтоўку да Новага года. У сярэдняй школе №4 вучні – аўтары адмысловай выставы ялінак. Адметнасцю стала тое, што навучэнцы кожнага класа падрыхтавалі сімвал Новага года ў стылі прадмета, які выкладае класны кіраўнік.

Вось прыгажуня, на галінкі якой падвешаны цацкі з надпісам слоў на беларускай мове. Ніжэй – дадзены пераклад і малюнак прадмета ці з’явы: дахоўка, суніцы, вакацыі, спёка, летуценнік… Верх другой упрыгожаны чырвонай зоркай. На яе гранях – назвы хімічных рэчываў: HNO3, H₂SO₃… Вядома, што яе аздобілі тыя вучні, класны кіраўнік якіх праводзіць урокі хіміі.

Побач прыгажуня з шакаладнымі цукеркамі. Атрымаць іх можна, але пры адной умове – трэба раскрыць сэнс паняцця, расказаць пра асобу альбо дату, якая напісана на салодкім падарунку. Што такое нацыя, грамадзянства, ліберум вета, які беларускі горад заснаваны ў 1019 годзе, што важнага адбылося ў 1517 годзе, а яшчэ 9 мая 1945 года, хто такія Вітаўт, Францыск Скарына, Марына Васілеўская? Дырэкцыя школы мяркуе ўзнагародзіць не толькі пераможцаў, але і ўсіх удзельнікаў цікавай выставы.

Наталля КРЫВЕЦКАЯ

Фота аўтара

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.

Яндекс.Метрика