Сёлета мела яно яшчэ большы маштаб за кошт удзелу прадстаўнікоў не толькі суседніх Ганцавіцкага, Столінскага, Пінскага, але і больш аддаленых Баранавіцкага і Салігорскага раёнаў. Імпэту дадавала група блогераў – удзельнікаў праекта «Рэгіён вачамі блогераў», якія, не сумняваюся, ацанілі клубнічны фэст са свайго пункту гледжання.
Удзельнікаў свята і гасцей вітаў старшыня Лунінецкага райвыканкама Аляксандр Савіна, які назваў «Лунінецкія клубніцы» сімвалам адзінства і дружбы, крыніцай матывацыі для будучых дасягненняў.
У гэтым годзе клубнічных падворкаў было паўдзясятка: у склад кожнага ўваходзіла адразу некалькіх сельсаветаў. У намаганні здзівіць гасцей гаспадары, здавалася, пераўзышлі самі сябе. Яркія кампазіцыі здалёк прыцягвалі ўвагу змястоўным убраннем, дзівоснымі выставамі і найсмачнейшымі пачастункамі. Пра іх вельмі гожа напісала мясцовая паэтка Настасся Пратасавіцкая:
Хто не зведаў, людцы, з вас
Наш клубнічны смачны квас?
Паспрабуйце яго смак –
Счырванеюць шчочкі ўраз!
Промні сонца ёсць у ім,
А не толькі вітамін!
Хто варэнікі не еў? А варэнне?
Чуць чарніц трэб дабавіць да клубніц.
Торт клубнічны і пірог
Нас парадаваці змог!
Дарэчы, і на гэты раз Настасся Пратасавіцкая ўвайшла ў лік пераможцаў аднаго з творчых конкурсаў, якіх было мноства. Задаволенымі ўсмешкамі сустракалі чарговае паведамленне аб перамозе і дарослыя, і дзетвара. Разам з іншымі на свяце абвясцілі вынікі конкурсу на лепшы эскіз помніка ягадзе, якая лічыцца брэндам Лунінеччыны. Пераможцам стаў лунінчанін Максім Гаргун.
Урачыстыя моманты на сцэне чаргаваліся з добрымі песнямі і дасціпнымі жартамі, якія шчодра дарылі як мясцовыя самадзейнікі, так і госці.
Цікавасць у наведвальнікаў выклікала выстава сучаснай сельскагаспадарчай тэхнікі, у тым ліку прызначанай для апрацоўкі параўнальна невялікіх надзелаў. Вялікай папулярнасцю карысталіся забаўляльныя лакацыі для дзетвары. Не пуставалі месцы пад парасонамі на імправізаванай пляцоўцы летняга кафэ. Ва ўсю працаваў святочны гандаль. Упершыню самы актыўны ўдзел у ім прымалі фермерскія гаспадаркі. Былі сярод іх як вядомыя, так і маладыя. Адну з іх – «ЯрСад» – прадставіла гаспадыня Кацярына Яраховіч.
– Вельмі хвалююся, бо мы зусім нядаўна сталі фермерскай гаспадаркай, а цяпер нароўні з іншымі прымаем удзел у такім знакавым свяце. Хочацца заявіць пра сябе як мага лепш, – падзялілася з намі Кацярына.
Скажу адразу, у маладых фермераў гэта атрымалася, бо разам з прывычнымі клубніцамі і малінамі прапаноўвалі яны частавацца буйнымі буякамі, час выспявання якіх яшчэ наперадзе. Гаспадынька прызналася, што першы ўраджай далі цяпліцы, а асноўныя плантацыі – пад адкрытым небам.
Найбольш дасціпныя прапаноўвалі купіць не толькі свежыя ягады, але і рассаду папулярных гатункаў клубніц. А ўжо колькі было майстроў народных рамёстваў – не злічыць! Самае сапраўднае сузор’е талентаў! Гандлярам аддалі адну з цэнтральных вуліц, якая поўнілася гасцямі. Тут кожны мог прыдбаць сувенір ці выраб на свой густ.
Бліжэй да вечара ахвотнікаў атрымаць асалоду ад незвычайнага свята пабольшала. Было тут удосталь усяго: ад душы і для душы. А што яшчэ трэба для добрага адпачынку?
Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ
Фота аўтара