На пачатку тыдня аграрыі Брэстчыны на жніве пераадолелі планку ў 500 тысяч тон збожжа. Гэта знакавая падзея, у якой вялікі ўклад ёсць і пружанскіх хлебаробаў, што пацвярджае ўшанаванне шматлікіх перадавікоў з пружаншчыны, якія першымі ставяць сёлетнія ўборачныя рэкорды на ўзроўні вобласці і нават рэспублікі.
Чарговая ўрачыстасць адбылася 27 ліпеня на палетках ААТ «Жураўлінае». Непасрэдна ў полі каля аграгарадка Сухопаль высокія госці ўшанавалі працу камбайнераў і вадзіцеляў гэтага акцыянернага таварыства. У цэнтры ўвагі – адразу два экіпажы. Сямейны тандэм братоў Сахарукоў першым у краіне ўзяў новую вяршыню ў 2000 тон намалоту. Разам з імі на свой рэкорд выйшаў унікальны для Беларусі экіпаж брэндавага камбайна МНС. Варта адзначыць, што выратавальнікі Вячаслаў Бірук і Арцём Фядзечка – адзіныя ў вобласці сярод калег, якія не толькі працуюць у такой звязцы, але і намалацілі 1000 тон збожжа. Таму і нядзіўна, што побач з імі вадзіцелі велікагрузаў, працуючых на адвозе ўраджаю, таксама дасягаюць рэкордаў. Вось так і атрымалася ў Аляксандра Крэйдзіча, які ў спаборніцтве сярод сваіх маладых калег першым у вобласці перавёз 2000 тон новага ўраджаю.
Каб адзначыць гэтыя перамогі, са словамі віншаванняў да герояў жніва прыехалі першы намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі, старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, намеснік начальніка абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Аляксей Цалка і старшыня абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Саланевіч. Яны выказалі пажаданні новых дасягненняў і падзякавалі за такую шчырую працу на карысць грамадства і дзяржавы ў цэлым.
Безумоўна, віноўнікі ўрачыстасці атрымалі каштоўныя падарункі і кветкі. Асабліва пранікнёнымі былі словы старшыні ААТ «Жураўлінае» Аляксандра Пішча, які спыніўся на адданасці працы як ветэранаў гаспадаркі Сяргея і Генадзя Сахарукоў, так і маладога работніка Аляксандра Крэйдзіча. А пра экіпаж МНС паведаміў, што падрыхтоўку да жніва ён пачаў яшчэ ўзімку. Адсюль і такія рэкорды: калі ставішся да працы шчыра, то і вынікі яе заўсёды будуць радаваць.
Алег СІДАРЭКА, Пружанскі раён
Фота аўтара