Выйшаў чарговы том прозы ў серыі «Сучасная беларуская літаратура» (праект Саюза пісьменнікаў Беларусі і выдавецтва «Аверсэв»). Назва ў кніг даволі красамоўная – «Любоў і каханне». Разам сабраны творы дзесяці беларускіх празаікаў. Чытач сустракаецца з героямі Алеся Жука (вядомы літаратар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, нядаўна пайшоў з жыцця, пакінуўшы багатую творчую спадчыну), Людмілы Лазуты, Людмілы Маркоўскай, Алены Брава, Іны Фраловай, Алеся Бычкоўскага і іншых пісьменнікаў.
Берасцейскі мастацкі свет у зборніку прадстаўляюць вядомы журналіст, публіцыст, аўтар многіх кніг Анатоль Бензярук (гэта яго апавяданне «Любоў і каханне» дало назву новай кнізе серыі «Сучасная беларуская літаратура») і пісьменнік-фантаст, лаўрэат многіх прэстыжных літаратурных прэмій Сяргей Белаяр (змешчана яго апавяданне «Агонь мёртвых»). З прадмовы да публікацыі Анатоля Бензярука: «…Мабыць, усё ж найчасцей словы «любоў» і «каханне» трэба пісаць з вялікай літары, а прамаўляць са шчаслівым хваляваннем, з адчуваннем, наколькі велізарную сілу мае гэтая пара слоў, здольных назваць нешта вельмі глыбокае і надзвычай цудоўнае. Таму ў любы час, ва ўсялякую эпоху творы, прысвечаныя любові і каханню, што асвятляюць дарогу, якою мы ідзём па жыцці, знаходзяць шлях да сэрца чытача…»
Варта дадаць, што кніга «Любоў і каханне», якая вайна тыражом 1100 экзэмпляраў, мае і электронны дадатак, пры дапамозе якога можна праслухаць кожны з твораў чарговага зборніка серыі «Сучасная беларуская літаратура».
Нагадаем, што ў серыі «Сучасная беларуская літаратура» не аднойчы друкаваліся пісьменнікі з Брэста і Брэсцкай вобласці, а таксама ўраджэнцы рэгіёну – Таццяна Дземідовіч, Расціслаў Бензярук, Алесь Бадак, Настасся Нарэйка, Раіса Баравікова, Ясенія Аляксеева і згаданыя Анатоль Бензярук і Сяргей Белаяр.
Алесь КАРЛЮКЕВІЧ,
г. Мінск