Паяднаныя «Духоўнай веліччу»
Спрадвечная біблейская ісціна «Спачатку было Слова» не раз гучала на цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў абласнога літаратурнага конкурсу «Духоўная веліч-2024», што праводзілася 27 чэрвеня ў Бярозе.
Гэта больш чым конкурс
Паняцце «духоўная веліч» звязана з высокімі маральна-этычнымі якасцямі чалавека. Людзі, якія валодаюць такімі якасцямі, імкнуцца да дабрыні, справядлівасці, мудрасці і спагады. Яны стараюцца рабіць свет лепшым і дапамагаць іншым. У дадзеным выпадку – сваім пісьменніцкім талентам.
Вытокі адметнага і надзвычай прэстыжнага конкурсу – у 2018 годзе, калі Брэсцкае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі выступіла з ідэяй узнагароджваць творцаў, якія шчыруюць на духоўнай літаратурнай ніве. Ініцыятыву ахвотна падтрымалі ў Галоўным упраўленні ідэалагічнай работы і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама, а таксама ў Беларускім фондзе міру. Вядома, не маглі застацца ў баку ад тэмы духоўна-патрыятычнага выхавання, якую закраналі ў сваіх творах празаікі і паэты, прадстаўнікі праваслаўнай царквы. Прынамсі, абласны літаратурны конкурс знайшоў водгук у Брэсцка-Кобрынскай і Пінска-Лунінецкай епархіях.
Пагэтаму нядзіўна, што сярод ганаровых гасцей творчага свята ў Бярозе былі начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама Таццяна Гагакава, старшыня праўлення абласнога аддзялення Беларускага фонду міру Лідзія Раманюк, кіраўнік Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Дземідовіч, дырэктар абласной бібліятэкі імя Максіма Горкага Алена Стрыжэвіч і прадстаўнікі пісьменніцкай суполкі Брэстчыны.
Творчы конкурс праходзіў у год 80-годдзя Вялікай Перамогі, якую з годнасцю адзначыла ўся краіна. Яго вынікі былі падведзены напярэдадні галоўнага дзяржаўнага свята краіны – Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Паэты і празаікі сустрэлі святочныя даты новымі творамі, прысвечанымі гераічнаму подзвігу беларускага народа, у якіх расказалі пра глыбіні духоўнасці і веры.
Дакрануліся ў Бярозе да мінулага
Месцам правядзення ўрачыстай цырымоніі невыпадкова быў выбраны горад Бяроза. Гэтая зямля здаўна славіцца сваімі талентамі і адзначана на літаратурнай карце Брэстчыны імёнамі выдатных творцаў: Ніны Мацяш, Раісы Баравіковай, Міколы Арахоўскага, Алеся Разанава, Васіля Сахарчука, Віктара Супрунчука…
Перад пачаткам уганаравання пераможцаў конкурсу гасцям «Духоўнай велічы-2024» было прапанавана бліжэй пазнаёміцца з гісторыка-культурнай спадчынай краю. Яны наведалі храм святога Архангела Міхаіла, дзе іх сустракаў дабрачынны цэркваў Бярозаўскай акругі Брэсцкай епархіі протаіерэй Георгій Шаўцоў.
Айцец Георгій расказаў пра гісторыю стварэння храма-помніка, асвечанага восенню 2009 года ў памяць воінаў, што загінулі ў Афганістане. Асаблівую дапамогу пры стварэнні духоўна-патрыятычнага цэнтра, якім цяпер з’яўляецца храм і яго наваколлі, аказаў нараджэнец вёскі Бастынь Лунінецкага раёна генерал-маёр Іван Дырман.
Для ўдзельнікаў святочнага мерапрыемства была праведзена экскурсія па музеі баявой славы пры Свята-Міхайлаўскай царкве, госці таксама пабывалі ў Бярозаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі, наведалі залы, дзе рэканструяваны гістарычныя карціны канцэнтрацыйнага лагера «Бяроза-Картузская». Музейнымі сродкамі перададзена цяжкая атмасфера здзекаў і катаванняў, якія давялося перажываць тысячам вязняў. Лагер дзейнічаў у гэтым месцы ажно да векапомнай восені 1939 гада, калі адбылося ўз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР. Госці мерапрыемства ўсклалі жывыя кветкі да помніка ахвярам канцлагера «Бяроза-Картузская».
І вось настаў той урачысты час!
Галоўная цырымонія праводзілася ў «Галерэі мастацтваў» гісторыка-краязнаўчага музея.
За перыяд, як існуе конкурс «Духоўная веліч», узнагароды атрымалі 12 берасцейскіх аўтараў у намінацыях «Паэзія», «Проза», «Публіцыстыка», «Літаратура для дзяцей і юнацтва». Сёлета, падчас чацвёртага па ліку ўганаравання, да іх далучыліся яшчэ чацвёра.
Першым прагучала імя паэта Мікалая Кавалевіча, аўтара лірычнай кнігі «Перад іконай зямлі». Пераможца ў намінацыі «Паэзія» атрымаў узнагароду з рук начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі абласнога выканаўчага камітэта Таццяны Гагакавай. Таццяна Міхайлаўна шчыра павіншавала Мікалая Іванавіча з узнагародай і пажадала далейшых творчых поспехаў, падкрэсліўшы, што пісьменнікі Брэстчыны годна прадстаўляюць першы рэгіён на рэспубліканскім і міжнародным узроўнях.
Дабрачынны цэркваў Бярозаўскай акругі протаіерэй Георгій Шаўцоў з асаблівай прыемнасцю выканаў місію і ўганараваў наступную лаўрэатку – аўтара кнігі «Бездзеж – праваслаўны наш край» Валянціну Валковіч. Валянціна Пятроўна, якая перамагла ў намінацыі «Публіцыстыка», з удзячнасцю прыняла заслужаную ўзнагароду і падзякавала арганізатарам конкурсу за высокую ацэнку яе творчасці.
Далей у намінацыі «Проза» ў літаратурным спаборніцтве былі адзначаны творы Ірыны Фаміной, аб’яднаныя ў зборнік «Мімалётнасць». Прыз пераможцы ўручыў сакратар Пінскага епархіяльнага ўпраўлення протаіерэй Канстанцін Балакай. Асаблівую падзяку ў адрас Ірыны Міхайлаўны выказала дырэктар Брэсцкай абласной бібліятэкі імя Максіма Горкага Алена Стрыжэвіч. Алена Якаўлеўна падкрэсліла: надзвычай прыемна, што аўтар кнігі «Мімалётнасць» прысвяціла сваё жыццё бібліятэчнай справе, вельмі блізкай да прыгожага пісьменства.
Па выніках абласнога конкурсу «Духоўная веліч» у намінацыі «Літаратура для дзяцей і юнацтва» журы адзначыла кнігу «Самае лепшае свята». На жаль, яе аўтар Лана Аркуш (Святлана Агеевец) не змагла прысутнічаць на ўрачыстасці ў Бярозе, аднак, як гаворыцца, узнагарода абавязкова знойдзе свайго героя.
Падзяку ўдзельнікам конкурсу выказала старшыня абласной пісьменніцкай суполкі Таццяна Дземідовіч. Да таго ж, памятныя сувеніры пераможцы атрымалі ад Фонду міру з рук кіраўніка праўлення абласнога аддзялення гэтай дабрачыннай арганізацыі Лідзіі Раманюк.
Намеснік старшыні Бярозаўскага райвыканкама Аляксандр Крагель з задавальненнем пералічыў імёны выдатных пісьменнікаў, чые жыццё і творчасць звязаны з Бярозаўшчынай, у тым ліку тых, хто і цяпер знаходзіўся ў зале: Аксаны Валуй і Зінаіды Дудзюк. (Да слова, Зінаіда Іосіфаўна была ў ліку самых першых пераможцаў літаратурнага конкурсу, атрымала статуэтку з пяром у 2018 годзе на Дні беларускага пісьменства ў Іванаве).
На працягу ўсёй вечарыны цудоўны святочны настрой падтрымлівалі бярозаўскія самадзейныя артысты вакальнага ансамбля «Смайл» і салістка Ірына Малькова. Іх музычныя выступленні яшчэ больш збліжалі ўсіх паяднаных у той дзень «Духоўнай веліччу».
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара