Парэчкавыя галінкі, апельсіны і “Дзюшэс”: сакрэты прыгатавання бярозавага соку на Лунінеччыне

З чым у многіх асацыіруецца вясна? Хутчэй за ўсё, з абуджэннем наваколля ад зімовага сну, з пырскамі пяшчотных коцікаў на вярбе і, вядома ж, з першым глытком бярозавага соку. Беларусы нездарма лічаць гэты напой нацыянальным. Пра стаўленне да гаючага напітку і пра рэцэпты яго прыгатавання пацікавілася ў землякоў.

Ірына СЕМЯНЧЭНКА, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Лунінецкага райвыканкама:

– Бярозавік – напой майго дзяцінства. Памятаю, як з надыходам вясны дарослы люд накіроўваўся ў бліжэйшы лес. Бяроз там было шмат. Каб пускаць сок, выбіралі сталыя дрэвы. Тады ўсё было прасцей, ніякага дазволу ніхто не патрабаваў, а людзі самі стараліся моцна не нашкодзіць прыгажуням-бярозам.

У даўніну захоўвалі бярозавік у драўляных бочках ці дзежках. Дадавалі туды смажаны ячмень або падсушаныя скарынкі чорнага хлеба, ад чаго напітак праз пэўны час станавіўся падобным на рэзкі квас. Улетку нічога смачнейшага за такі напой не было. Сёння так, мабыць, ніхто сок не гатуе. Ды і я прытрымліваюся іншых рэцэптаў, хаця перабрала іх мноства. Спрабавала закрываць бярозавік у слоікі, дадаючы парэчкавыя галінкі, лімоны, апельсіны і нават цукеркі “Дзюшэс”. Урэшце спынілася на класічным – з лімоннай кіслатой і цукрам. Дабаўляю іх па смаку, стараючыся захаваць прыродны водар гаючага напітку.

Алена АНДРУШ, ветэран працы:

– Ці назапашваю бярозавы сок? Вядома! Менавіта з яго і пачынаецца сезон нарыхтовак. Сок прывозяць сябры з вёскі, колькі год таму куплялі яго ў лясгасе. Як правіла, каштуе ён там капейкі, і не трэба замарочвацца, дзе і як знайсці. Хадавыя рэцэпты самыя розныя, але найбольш люблю з парэчкавымі галінкамі і журавінамі. Замарожаныя ягады спецыяльна для гэтых мэт захоўваю да вясны ў халадзільніку. Лічу бярозавік найбольш прыдатным для наталення смагі ў летні час.

Іван АРХІПЧЫК, ветэран працы:

– Можна сказаць, што я – дзіця вайны і няпростага пасляваеннага часу. Малымі мы заўсёды ахвотна ласаваліся ранняй вясной бярозавым сокам, спрачаючыся, з якога дрэва ён саладзейшы. Гэта сёння ведаю, што бярозавік – крыніца вітаміў і мікраэлементаў, утрымлівае вітаміны С, В6, В12, жалеза, магній, калій, солі кальцыя, натрыя, медзі. А яшчэ – садзейнічае ўмацаванню імунітэту, бо валодае антысептычнымі якасцямі і з’яўляецца эфектыўным сродкам пры запаленчых працэсах. А тады гэта быў проста даступны, смачны напітак.

Вясна заўсёды прыносіла надзею на лепшае. З яе надыходам адступаў голад, бо на сагрэтых сонцам прагалінах першымі з’яўляліся кволыя маладзенькія парасткі крапівы. З яе маці варыла зялёны боршч, які нам, нявыпеставанай вясковай дзетвары, быў найсмачнейшым у свеце. Прайшло шмат гадоў. Пасля заканчэння медыцынскага інстытута атрымаў размеркаванне на Лунінеччыну, дзе на ніве медыцыны адпрацаваў усё жыццё. Даўно на заслужаным адпачынку, але кожны год з нецярпеннем чакаю вясны, каб зноў прыгатаваць з маладзенькай крапівы страву, якая так напамінае дзяцінства…

Алена МЁРЗЛАЯ, намеснік дырэктара ДЛГУ “Лунінецкі лясгас” па ідэалагічнай рабоце:

– З надыходам устойлівага веснавога цяпла на Лунінеччыне пачынаецца гарачы сезон нарыхтоўкі бярозавага соку. Вось і сёлета кампанія стартавала ў вызначаны час і зараз упэўнена набірае абароты. Ахвотна бярэ нашу сыравіну ЗАТ “Мінскі завод безалкагольных напіткаў”. Заключылі з прадпрыемствам дагавор на пастаўку сыравіны і на гэты сезон. Летась нарыхтавалі 750 тон бярозавіку, 18 тон – прадалі насельніцтву. Астатняе адправілі на перапрацоўку. Поўным ходам ідзе рэалізацыя і зараз. Набыць свежы сок можна прама ў лесе на месцах яго нарыхтоўкі, якія падкажуць у лясгасе. Каштуе літр бярозавіку там 17 капеек. На тэрыторыі лясніцтваў, а гэта Баравікоўскае, Борскае, Чучавіцкае, Навасёлкаўскае, Бастынскае, Дзятлавіцкае, Лунінскае, Сітніцкае і Мікашэвіцкае, літр соку абы-дзецца ўжо ў 27 капеек. Цана, як бачыце, не кусаецца, таму купляюць яго людзі ахвотна. Ды і спяшаюцца: сезон бярозавіку кароткі.

Апытанне правяла Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ

Яндекс.Метрика