Неба героя: Якім у памяцi родных застанецца Андрэй Нічыпорчык

28.10.2025

Больш за чатыры гады таму ў Баранавічах адбылася трагедыя, якая скаланула ўсю Беларусь: ваенныя лётчыкі Андрэй Нічыпорчык і Мікіта Куканенка падчас выканання вучэбна-трэніровачнага палёту разбіліся на самалёце Як-130. Насуперак загаду дыспетчара аб катапульціраванні, што, верагодна, выратавала б жыццё 33-гадовага гвардыі маёра Нічыпорчыка і 22-гадовага гвардыі лейтэнанта Куканенкі, экіпаж гераічна імкнуўся справіцца з тэхнікай, якая з шалёнай хуткасцю падала ўніз. Пазбегнуць катастрофы не ўдалося.

Якім назаўжды для родных застанецца Андрэй Нічыпорчык, дзе мацнела яго мара пра неба, што не паспеў здзейсніць лётчык, якой была апошняя просьба Героя Беларусі – размова з бацькам Уладзімірам Леанідавічам, ураджэнцам вёскі Хідры Драгічынскага раёна, і маці Галінай Міхайлаўнай Нічыпорчык.

Хідры за каналам

Каб трапіць у гэтую вёску, што на Драгічыншчыне, трэба мінуць райцэнтр, Дубавое, Папіну, Новую Папіну, Ляхавічы, пераехаць Дняпроўска-Бугскі канал, а потым, павярнуўшы з Зарэчкі налева, яшчэ пэўныя кіламетры праехаць па гравійнай дарозе. У акружэнні гонкіх соснаў ды старых дубоў прытуліліся драгічынскія Хідры. Росквіт населенага пункта прыйшоўся на 70-я гады мінулага стагоддзя –  тут жыло больш за дзвесце пяцьдзясят жыхароў, знаходзілася пачатковая школа, працаваў магазін, дзейнічаў калгас. Гэтая, як і многія беларускія вёскі, раней «багацела» за кошт хутарскіх жыхароў. З хутаран у вёску – такой была доля і дзяцей Емяльяна Нічыпорчыка, што нарадзіліся ды жылі пэўны час на хутары Леляк, потым апынуліся ў Хідрах.

Сярод тых, хто перасяліўся жыць у вёску, быў сын Леанід, які меў вялікую сям’ю: чатыры дочкі і сына. Насуперак няпісаным тагачасным законам малодшы з дзяцей Леаніда Емяльянавіча і Галіны Піліпаўны Уладзімір не застаўся жыць у бацькоўскай хаце, родны парог пакінуў адразу ж пасля заканчэння Зарэчкаўскай сярэдняй школы, бо паступіў у Барысаглебскае вышэйшае ваеннае авіяцыйнае вучылішча лётчыкаў імя Валерыя Чкалава (Варонежская вобласць, Расія).

Трыццаць тры гады свайго жыцця Уладзімір Нічыпорчык аддаў небу – займаўся фарміраваннем пілатажнай групы ваенна-паветраных сіл і войск проціпаветранай абароны Беларусі. Служыў як на радзіме, так і па-за яе межамі. Валодаў кіраваннем каля дзясятка паветраных суднаў. Калі Уладзімір Леанідавіч пайшоў на пенсію, дзеці падарылі бацьку макеты ўсіх адзінак авіяцыйнай тэхнікі, на якой ён лятаў. «Адчуванне палёту – незабыўнае. Час ад часу перажываю яго ў снах: ці то проста бачу сябе ў кабіне самалёта, ці то выконваю розныя фігуры вышэйшага пілатажу», – падзяліўся мужчына.

Па яго слядах пайшоў сын Андрэй, які нарадзіўся ў Паставах Віцебскай вобласці, спасцігаў школьную навуку ў Лідзе, прафесійную – у Ваеннай акадэміі ў Мінску, служыў лётчыкам у 116-й гвардзейскай штурмавой авіябазе (знаходзіцца ў горадзе Ліда), вельмі любіў вёску Хідры Драгічынскага раёна. Для любімай і мудрай матулі Андрэя яны таксама былі дарагімі сэрцу: тут нарадзіўся яе бацька, жылі родзічы, тут знайшла яна сваё шчасце і лёс – мужа Уладзіміра Нічыпорчыка. Разам па жыцці яны крочаць ужо трыццаць дзевяць год.

– Сюды сын прыязджаў з вялікай ахвотай. Звычайна ў бабулі разам з роднай сястрой Алесяй (з ёй, нягледзячы на чатырохгадовую розніцу ва ўзросце, моцна сябравалі), дваюраднымі братамі і сёстрамі праводзіў тры месяцы летніх канікул. Кампанію складалі суседскія ўнукі. З імі гулялі, не забываючыся пра працоўныя абавязкі. Так, калі дзеці падраслі, дапамагалі дарослым пасвіць кароў, хлопцы, як атрымлівалася, секлі дровы, што развівала іх фізічна. Пры такой занятасці час пралятаў  незаўважна, – расказалі Галіна Міхайлаўна і Уладзімір Леанідавіч Нічыпорчыкі.

Кнігі і самалёты

Пра кнігу Андрэй ніколі не забываў. У дзяцінстве любіў Карнея Чукоўскага. Творы як гэтага, так і другіх аўтараў ведаў на памяць. Калі падрос, чытаў розную літаратуру. У апошні час аддаваў перавагу дэтэктывам. Ён нібыта прадчуваў, што сам сутыкнецца з няпростымі абставінамі, ад якіх будзе залежаць вельмі многае, і нават асабістае жыццё… Чытанне кніг узбагачала інтэлект маладога чалавека, развівала крытычнае мысленне, і таму ён заўжды аргументавана адстойваў асабістае меркаванне. За гэта, а таксама за мэтанакіраванасць, камунікабельнасць, здаровае пачуццё гумару яго паважалі ў любым калектыве.

Жаданне служыць у авіяцыі мацнела ў свядомасці Андрэя паступова. Хлапчуком, прыкладаючы ў спякотны дзень маленькую ручку да ілба, ён падоўгу ўзіраўся ў белую лінію на небе – так званы інверсійны след, што пакідае самалёт. Больш упэўненымі мары пра авіяцыю станавіліся кожны раз, калі з бацькам бываў на аэрадроме і бачыў доўгія рады крылатай тэхнікі. Як правіла, такія «экскурсіі» заканчваліся сынавымі роспытамі пра «жалезных птушак», якія чамусьці не падаюць, нягледзячы на свае гіганцкія памеры. Потым падлетак захоплена расказваў сябрам пра фюзеляж, крылы, кіль самалёта, пра ўзлётна-пасадачную паласу, экіпіроўку і подзвігі лётчыкаў. Увогуле, кожная сустрэча з авіяцыйнай тэхнікай у небе і на зямлі падагравала цікавасць Андрэя Нічыпорчыка да законаў жыцця там – у вышыні. У дзяцінстве ён успрымаў яе як свабоду, юнаком зразумеў, што гэта яшчэ неймаверныя нагрузкі і вялікая рызыка.

Ад курсанта да інструктара

Малады чалавек рыхтаваў сябе не толькі тэарытычна. Сяброўства са спортам развілі ў ім вынослівасць, сілу, спрыт. Жаданне стаць лётчыкам сын агучыў у старэйшых класах. Сям’я падтрымала. Праўда, бацька, які на ўласным вопыце не аднойчы сутыкаўся з непрадказальнымі паводзінамі тэхнікі і сюрпрызамі надвор’я падчас палётаў, расказаў Андрэю пра некаторыя нюансы будучага «хлеба». Аднак сын быў непахісны.

Тонкасці прафесіі Андрэй Нічыпорчык спасцігаў на авіяцыйным факультэце Ваеннай акадэміі ў Мінску, куды быў залічаны ў 2005 годзе. Запамінальнымі былі тэарытычныя заняткі, практыка, а яшчэ авіяшоу, якое глядзеў у 2006 годзе на аэрадроме пад Баранавічамі ў гонар юбілею 61-й знішчальнай авіябазы ВПС і войск СПА Беларусі. Тады дэманстрацыйны палёт здзяйсняла знакамітая пілотная група «Рускія віцязі» на чале з ваенным лётчыкам Ігарам Ткачэнкам. Спачатку ў складзе групы, потым самастойна камандзір у паветры выканаў фігуры вышэйшага пілатажу. Тады курсант-першакурснік Нічыпорчык, на здольнасці якога ў лётнай справе звярталі ўвагу многія выкладчыкі, не дапускаў нават думкі, што з часам яго кандыдатура будзе зацверджана на ўдзел у паветраных парадах, міжнародных спаборніцтвах, дэманстрацыйных палётах.

З 2016 года гвардыі маёр Андрэй Нічыпорчык быў прызначаны камандзірам авіяцыйнага звяна, што дазволіла яму (як і бацьку калісьці) рыхтаваць да палётаў маладых пілотаў. Адбывалася гэта на тэрыторыі 116-й гвардзейскай штурмавой авіяцыйнай базы, дзе і пазнаёміўся з будучым ваенным лётчыкам Мікітам Куканенкам. «Здольны і жыцццярадасны» – так лаканічна характарызаваў свайго вучня настаўнік.

Пару Нічыпорчык–Куканенка не адразу прызначылі ў якасці асноўнага экіпажу авіяшоу 22 мая 2021 года ў Баранавічах з нагоды 150-годдзя горада і юбілею авіябазы.

– 2 мая Андрэй патэлефанаваў, каб павіншаваць мяне з днём нараджэння. Многа і натхнёна расказваў пра авіяшоу. Адчувалася па голасе: ён чакаў гэтую падзею, – адзначыла хросная маці Таіса Леанідаўна.

Апошняя сустрэча

За некалькі дзён да паказальнага выступлення лётчык з дзецьмі і бацькамі правёў выхадныя на ўласнай дачы, якая знаходзіцца недалёка ад Ліды.

– У суботу з сынам добра папрацавалі – закончылі садовыя арэлі, гойдаючыся на якіх зрабілі фота. Яно стала апошнім прыжыццёвым здымкам з сынам. У нядзелю адпачывалі: гатавалі шашлыкі, жартавалі, абмяркоўвалі палёт і набліжалі, пакуль у думках, агульную мару: збіраліся будаваць тут лазню, – удакладнілі суразмоўцы.

Усё было як заўсёды. Пасля абеду дачнікі пачалі збірацца ў горад: бацькам і Андрэю трэба было ў панядзелак выпраўляцца на работу, дзецям – амаль шасцігадоваму сыну Аляксею і чатырохгадовай дачцэ Вікторыі – у садок. І хоць дома (кватэру шматдзетная сям’я атрымала напярэдадні Новага 2021 года)  чакала жонка Анастасія і самы малодшы сынок Максім, Андрэю не хацелася пакідаць дачу – крыніцу сілы, дзе ён па-сапраўднаму адпачываў пасля рызыкоўных рабочых будняў, месца, якое, так было наканавана, ён бачыў у апошні раз.

 

Незавершаная рэпетыцыя

За перыяд службы Андрэй Нічыпорчык асвоіў планер Л-13, вучэбна-трэніровачны самалёт Як-52, вучэбна-баявыя самалёты Л-39, Як-130, штурмавік Су-25. За спінай лётчыка – сотні трэніровак, тысячы паўтарэнняў розных фігур вышэйшага пілатажу: «бочкі», «пятлі», «штопару», «звона» і іншых. Трэніроўкі будучага  дэманстрацыйнага палёту раней прайшлі на лідскім і баранавіцкім аэрадромах. Генеральную рэпетыцыю прызначылі на сераду – 19 мая 2021 года. Група лётчыкаў, у іх складзе таксама быў экіпаж Андрэя Нічыпорчыка і Мікіты Куканенкі, вылецела з Ліды ў Баранавічы. Адлегасць паміж гарадамі складае каля ста кіламетраў. Падчас палёту ўсё было выдатна. Пасля ажыццяўлення пілатажу ў саставе групы экіпаж гвардыі маёра Нічыпорчыка пачаў выкананне самастойнага задання. Выканалі некаторыя фігуры. І тут… перастала дзейнічаць сістэма дыстанцыйнага кіравання самалётам. Час ад часу яна працавала са збоем. Тыя секунды, калі тэхніка «слухалася» пілотаў, сталі вырашальнымі, бо далі магчымасць лётчыкам выбраць правільную, каб пазбегнуць людскіх ахвяр, траекторыю падзення паветранага судна. Самалёт пацярпеў катастрофу ў некалькіх метрах ад жылых дамоў. Апошнімі словамі лётчыкаў, якім, на вялікі жаль, не ўдалося ўратавацца, былі: «Дапамажы, Госпадзі».

За подзвіг у імя жыцця суайчыннікаў, за мужнасць і гераізм, праяўленыя падчас выканання воінскага абавязку праз некалькі месяцаў пасля трагедыі згодна з загадам Прэзідэнта абодвум афіцэрам пасмяротна было прысвоена званне Герой Беларусі. У памяць пра подзвіг лётчыкаў у гадавіну трагедыі на яе месцы адкрылі мемарыял. Пазней імёнамі герояў былі названы школы, піянерскія дружыны, вуліцы ў розных гарадах. Да жалобнай даты, пяцігоддзя з моманту трагедыі, рыхтуецца мастацкая стужка пра лёс гвардыі маёра Андрэя Нічыпорчыка і гвардыі лейтэнанта Мікіты Куканенка.

 

… Свой дзень нараджэння 17 кастрычніка Андрэй Нічыпорчык, бывала, сустракаў у Хідрах – вёсцы, жыхары якой, як і ўсе беларусы, заўжды будуць помніць вялікі подзвіг гэтага светлага і добрага

Наталля МЕЧНАЯ

Фота аўтара, з архіва сям’і Нічыпорчык