Нацыянальная акадэмія навук Беларусі: аддзяленне гуманітарных навук і мастацтваў, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, канал “Культура” Беларускага радыё запрашаюць да ўдзелу ў конкурсе.
15 – 17 мая 2025 года Нацыянальная акадэмія навук Беларусі арганізуе IV Міжнародны форум даследчыкаў беларускай казкі і міфалогіі. У межах форуму сумесна з каналам “Культура” Беларускага радыё запланавана правядзенне Дзіцячага конкурсу выканальнікаў беларускай казкі.
УМОВЫ КОНКУРСУ
1. Абярыце вашу любімую беларускую народную казку.
2. Здыміце відэаролік, у якім вы выконваеце гэтую казку альбо яе самы пазнавальны фрагмент.
3. Загрузіце відэаролік да 7 мая 2025 года ў сацыяльныя сеткі (TikTok, Instagram, Facebook, YouTube і інш.) і пазначце хэштэгамі #конкурсказкі2025, #kazki2025. Зрабіце гэта самастойна альбо з дапамогай бацькоў ці старэйшых сяброў.
4. Узрост удзельнікаў конкурсу – да 17 гадоў. Тыя, хто падае заяўку не ад установы адукацыі ці культуры, павінен зрабіць пазнаку – сямейны/самастойны ўдзел.
5. Дашліце заяўку на адрас: forum.kazki2025@gmail.com, у якой пазначце імя, прозвішча, узрост, назву казкі, кантактны тэлефон, спасылку на сацыяльную сетку, дзе размешчаны запіс; па жаданні імя педагога ці таго з бацькоў, старэйшых, хто дапамагаў у падрыхтоўцы.
6. Да пачатку працы Форуму экспертнае журы падвядзе вынікі конкурсу і вызначыць пераможцаў.
7. Падчас форуму будуць прадстаўлены лепшыя ролікі, а пераможцы атрымаюць узнагароды. Дадатковы бонус – сертыфікат на ўдзел у праграме для дзяцей і падлеткаў “Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя” на канале “Культура” Беларускага радыё.
КРЫТЭРЫІ АЦЭНКІ
1. казка павінна быць выканана адным удзельнікам на беларускай мове або яе дыялекце (мясцовай гаворцы); зварот да мясцовых казак дадае балы;
2. выканальніцкае майстэрства, арыентаванае на расказванне ў натуральных умовах, што не роўнае тэатралізацыі;
3. імправізаванне (важна не вывучыць на памяць казку, а ўмець яе пераказаць).