На плошчы ў Іванава ўсталявалі 15-метровую прыгажуню

17.12.2024

Зусім хутка, менш як праз два тыдні, мы развітаемся з 2024 годам, сімвалам якога згодна з кітайскімі традыцыямі з’яўляўся драўляны дракон. У Беларусі навагаднія святы асацыіруюцца найперш з ялінкамі.

На плошчы ў Іванава ўжо ўсталявалі 15-метровую прыгажуню. Паклапаціліся аб гэтым работнікі мясцовай камунальнай гаспадаркі. 18 снежня адбудзецца ўрачыстае адкрыццё галоўнай елкі. Тады ж будзе дадзены старт традыцыйнай акцыі – «Нашы дзеці».

Год ад году арганізатары ўрачыстасці імкнуцца здзівіць гасцей рознага ўзросту святочнай праграмай. Каб цэнтральнай ялінцы не было сумна адной, вырашана падрыхтаваць карагод з маленькіх зялёных прыгажунь. Розныя арганізацыі і ўстановы павінны аформіць дрэўца такім чынам, каб лёгка ўгадваўся накірунак дзейнасці спецыялістаў пэўнай галіны. Конкурсныя экспанаты прадставяць работнікі, занятыя ў сферы аховы здароўя, сацыяльнай абароны, сельскай гаспадаркі, тыпаграфіі, гандлю і іншыя.

Некаторыя ўдзельнікі ўжо выканалі заданне. Цацкамі на адной з іх служаць транспарцір, буквар, аловак, міні-глобус. Лёгка здагадацца, што навагодняе дрэва ўпрыгожылі работнікі сістэмы адукацыі. Амаль побач са «школьнай» ялінкай яе сяброўка – Дрэва міру, на галінках якога побач з класічнымі шарыкамі падвешаны сімвал арганізацыі – голуб.

Наталля КРЫВЕЦКАЯ
Фота аўтара