Развіццю музейнай справы на Іванаўшчыне заўсёды надавалася вялікая ўвага. Сем унікальных міні-музеяў, захавальнікаў гісторыі і памяці пра мінуўшчыну радзімы, дзейнічаюць пры ўстановах адукацыі. Гісторыка-краязнаўчы музей ДУА «Махроўская сярэдняя школа» – найстарэйшы ў раёне – у гэтым годзе святкуе 45-годдзе з часу заснавання. Яго ўрачыстае адкрыццё адбылося 5 мая 1979 года. Амаль праз два дзесяцігоддзі музею было прысвоена званне «Народны».
Намаганні педагога
Сваім узнікненнем гісторыка-краязнаўчы музей у Махро абавязаны апантанаму чалавеку – настаўніцы гісторыі Ірыне Палікарпаўне Галяк. У 1970-я гады яна трапіла сюды па размеркаванні. Гераічнае мінулае краю, партызанскі рух на Іванаўска-Пінска-Валынскім Палессі зацікавіў маладога педагога.
Афіцыйнаму адкрыццю школьнага музея папярэднічалі нястомная праца Ірыны Палікарпаўны ў архівах, працяглая пошукавая работа, перапіска з былымі ўдзельнікамі ваенных дзеянняў, запіс юнымі следапытамі ўспамінаў ветэранаў-аднавяскоўцаў. На тое, каб назапасіць неабходны матэрыял, на збор артэфактаў спатрэбілася некалькі гадоў. Заўзятым чырвоным следапытам, а таксама першым экскурсаводам у названым музеі была Галіна Шафран (Трушко). Журналістыцы Галіна Віктараўна прысвяціла амаль сорак гадоў жыцця, а шлях у прафесію, мабыць, пачаўся тады, у школьныя гады. Першымі інтэрв’юерамі сталі ветэраны.
– Мы, школьнікі, выслухалі сотні людзей, якія расказвалі пра жыццё ў жудасныя ваенныя гады. Часцей гэта былі скупыя ўспаміны. Разумею цяпер, чаму так размаўлялі з намі: моладзь, якая жыла ў мірны час, глядзела на свет бесклапотна і радасна. Але дзякуючы тым сустрэчам я набыла пэўны вопыт зносін, які надта спатрэбіўся пазней. Увогуле, быў назапашаны вялікі аб’ём каштоўнага матэрыялу пра вайну. Яго выкарыстала падчас вучобы на факультэце журналістыкі, – адзначыла Галіна Шафран. – Зацікаўленасць подзвігамі ветэранаў мае біяграфічную аснову. Бацька маёй маці не вярнуўся з Вялікай Айчыннай вайны. Потым прыйшла «пахаванка», дзе было пазначана, што ён загінуў у Польшчы. Бабулю вайна зрабіла ўдавой, іх агульных дзяцей – бязбацькавічамі.
Суразмоўца ў якасці запамінальнага прыкладу прывяла размову з ужо памерлым ветэранам Якавам Сцяпанавічам Жушмам. Кавалер Ордэнаў Славы на запытанне ўжо вопытнага журналіста Галіны Шафран: «Чаму ніколі не паказваеце ўзнагароды?» са скрухай адказваў: «Я ж таксама забіваў. Няхай ворага, няхай у крытычны момант, але…». А потым працягваў, як і ўсе, з кім давялося весці дыялог: «Трэба жыць мірна».
Легендарны Самуйлік
Спачатку гэта быў музей баявой і працоўнай славы, экспазіцыі якога займалі адзін школьны кабінет. Часта тут можна было сустрэцца з чалавекам гераічнага лёсу – Аляксандрам Іванавічам Самуйлікам. Да вайны ён працаваў старшынёй Махроўскага сельсавета. Калі вораг ступіў на палескую зямлю, Самуйлік накіраваўся на фронт, потым узначаліў партызанскі атрад імя С.М. Кірава.
У мірны час былы камандзір, якога называлі палескім Чапаем, перадаў у падарунак музею журнал асабістых баявых дзеянняў. У ім ёсць запіс пра аперацыю, якая распачалася 5 лістапада 1942 года. Група Самуйліка на паўстанку Сваротная пад Любяшовам Валынскай вобласці (Украіна) захапіла варожы цягнік з нарабаваным багаццем (жыта, пшаніца, свойская птушка, яйкі). Спыняючыся на станцыях, каб мясцоваму насельніцтву раздаць прадукты, партызаны праехалі на цягніку каля 40 кіламетраў па акупіраванай тэрыторыі. Шлях пралягаў і праз вёску Махро да станцыі Вулька.
Подзвігу групы Самуйліка прысвечана асобная экспазіцыя ў музеі. Там акрамя фотаздымкаў, дакументаў, асабістых рэчаў народнага мсціўцы (раскошныя вусы – адметная прыкмета А. Самуйліка) ёсць невялічкая кніга «Чырвоны цягнік» Міхаіла Рылко. На яе старонках падрабязна расказваецца пра гэтую партызанскую аперацыю.
Ворагі – украінскія нацыяналісты-бандэраўцы – адпомсцілі Самуйліку: у сакавіку 1945 года ў цэнтры Махро павесілі яго родную сястру Вольгу. Брата Пракопа пасля жорсткіх катаванняў кінулі ў Дольскае возера (тэрыторыя Украіны). У пасляваенны час Аляксандр Іванавіч працаваў на розных пасадах у Камянецкім раёне, быў Ганаровым грамадзянінам Камянца. У 1960-х гадах палымянаму патрыёту, махроўскай легендзе, пашанцавала: у латарэю ён выйграў машыну. Замест аўтамабіля мужчына ўзяў грошы, на якія на малой радзіме ўсталяваў помнік тым, хто стаў ахвярамі ўкраінскіх нацыяналістаў.
Экспазіцыі
З гадамі ў музеі павялічвалася колькасць маўклівых сведак гісторыі – экспанатаў. Сёння іх налічваецца 1340 у асноўным фондзе і 2400 – у дапаможным. Руплівымі збіральнікамі каштоўных прадметаў былі ўсе без выключэння кіраўнікі музея – Ірына Палікарпаўна Галяк, Валянціна Аляксандраўна Раманюк, Наталля Мікалаеўна Мурына, Міхаіл Іванавіч Кунахавец, Ірына Мяфодзьеўна Кунахавец.
Настаўніца гісторыі Валянціна Раманюк узначальвала музей больш за дваццаць гадоў. У памяці калег яна засталася светлым, таленавітым, неабыякавым да сваёй справы прафесіяналам, не шкадавала ні сіл, ні часу на ўдасканаленне музея. Пры ёй ён пашырыў сваю экспазіцыйную прастору. Так, у снежні 2007 года з’явіўся новы раздзел, прысвечаны жыццю і творчасці мясцовага мастака, сына настаяцеля Петрапаўлаўскага храма Анатоля Рубановіча (1908–1970), а таксама яго вучняў. Сярод іх – слынны беларускі маданіст Аляксей Кузьміч.
Анатоль Паўлавіч Рубановіч – фігура каларытная і шматгранная. Як самага граматнага (ведаў шэсць моў, меў еўрапейскую адукацыю) немцы прызначылі яго бургамістрам Махроўскай воласці. Пераканаўчае слова старасты ў гады ваеннага ліхалецця двойчы выратавала Махро ад вогненнай помсты. Гітлераўцы мелі намер спаліць вёску 25 лютага і 2 сакавіка 1944 года.
У чэрвені 1944-га Анатоль Рубановіч ажаніўся з Анастасіяй Паўлюкавец. Пасля вызвалення Беларусі ад фашысцкай навалы заставацца ў роднай хаце экс-бургамістру было небяспечна. Адоранаму ад прыроды Рубановічу прапаноўвалі выехаць у Амерыку, але ён застаўся жыць у Махро. У 1947 годзе Анатоля Рубановіча ўсё ж такі асудзілі на 10 гадоў пазбаўлення волі. Дачцэ Волечцы на той момант не было і годзіка.
Вядома, што жыхары Махро збіралі подпісы ў абарону мудрага аднавяскоўца, толькі гэта не дапамагло. Тры гады ён правёў у Мінскай турме, затым на чатыры гады быў сасланы ў Архангельскую вобласць. Там ствараў не толькі карціны, але і вершы. Вось як апісваў Рубановіч-«здраднік» чужыну:
Зябнет в белой однотонище Край архангельский немеренный. В серебристой снегозвоннице Дремлет он, в зиме уверенный. Лето зноем здесь не славится, Дни на убыль быстро катятся, Солнце словно заупрямится – Чуть согреет и запрячется.
У 1954 годзе Анатоль Рубановіч вярнуўся да сям’і. Працаваў настаўнікам малявання ў мясцовай школе, загадчыкам клуба, кіраваў калгасным хорам. Родныя краявіды натхнялі адоранага мастака на напісанне карцін. Многія і цяпер упрыгожваюць хаты махроўцаў. Дарэчы, калі афармлялася новая экспазіцыя, то не ўсе аднолькава лёгка развітваліся з некалі прыдбанымі палотнамі слыннага земляка, імем якога названа адна з вясковых вуліц. З карцінай «Сакавік на Піншчыне» ўвогуле звязана цікавая, а лепш сказаць – прыгодніцкая гісторыя.
– Аднойчы шматметровы шэдэўр аўтарства Рубановіча заўважыў наш зямляк у адной са сталічных бібліятэк. Паведаміў пра гэта Валянціне Раманюк, якая звязалася з кіраўніцтвам храма кнігі і расказала пра дзейнасць нашай установы. У рэшце рэшт карціну «Сакавік на Піншчыне» падарылі махроўскаму музею. Аднак па дарозе адбылася непрыемная сітуацыя – забылі купіць білет на правоз у транспарце твора мастацтва, – расказала кіраўнік гісторыка-краязнаўчага музея Ірына Кунахавец.
Цэнтральнае месца ў зале займае партрэт Анатоля Рубановіча, напісаны ўдзячным вучнем Сяргеем Талатыннікам. З вёскі Адрыжын (ад Махро знаходзіцца на адлегласці каля сямі кіламетраў) на заняткі да любімага настаўніка Сяргей у цёплую пару хадзіў, бывала, пешшу і басанож.
Праз пяць год
У 2008 годзе музей упершыню атрымаў ганаровае званне «Народны». Сёння ў Іванаўскім раёне такі статус мае яшчэ школьны музей, які дзейнічае пры Дастоеўскай сярэдняй школе імя Ф.М. Дастаеўскага. Кожныя пяць год званне трэба пацвярджаць. З 2008 па 2024 гады такі экзамен махроўскаму музею давялося трымаць ужо чатыры разы.
Жывы арганізм
Калісьці пасярэдзіне школьнага музея размяшчалася імітаваная зямлянка. Асабліва яна прываблівала маленькіх наведвальнікаў, якія любілі памерацца з ёю ростам, зазірнуць, а што там унутры. Прайшло некалькі дзесяцігоддзяў, і педагогі махроўскай школы разам з выхаванцамі ўвасобілі ў жыццё вялікую мару – аднавілі партызанскую стаянку ва ўрочышчы Карасіна, што знаходзіцца за сем кіламетраў ад вёскі Махро. Сёння гэта паўнавартасны турыстычны аб’ект (налічвае два дзясяткі тэматычных лакацый), дзе рэгулярна ладзяцца экскурсіі. Для прадстаўнікоў рознага ўзросту стала добрай традыцыяй першыя выхадныя чэрвеня праводзіць у гэтым месцы, якое, як і школьны музей у Махро, служыць найлепшым сродкам ваенна-патрыятычнага выхавання сучаснікаў.
Наталля КРЫВЕЦКАЯ Фота аўтара