У дзіцячым садку № 1 горада Століна дзейнічае ўнікальная пляцоўка, дзе час, можна сказаць, спыніў свой ход. Міні-музей «Беларуская хатка» пачаў сваю работу ў 2023 годзе. Яго стварэнне стала агульным праектам для прадстаўнікоў розных пакаленняў.
Выхавальнікі, бацькі і дзеці аб’ядналіся, каб захаваць для будучыні крупінкі гісторыі. Хтосьці прынёс з дому вышыты ручнік, нехта знайшоў на гары старую прасніцу, а хтосьці – гліняны збан. Кожны экспанат захоўвае памяць аб пакаленнях і цеплыню чалавечых рук продкаў, для якіх гэтыя рэчы былі вернымі памочнікамі ў штодзённай працы. Пераступаючы парог музейнага кутка, дзеці і дарослыя нібыта трапляюць у госці да сваіх прабабуль. Асаблівую цікавасць у хлопчыкаў і дзяўчынак выклікаюць прадметы, якія сёння яны могуць убачыць хіба што на кніжных старонках.
Намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Вікторыя Чайка расказвае, што міні-музей быў створаны з мэтай фарміравання ўмоў для пашырэння і ўзбагачэння ўяўлення выхаванцаў аб навакольным асяроддзі і родным краі, народных традыцыях, фальклоры, мастацтве праз дотык да мінулага: у пакоі традыцыйнай беларускай хаты сабраны аўтэнтычныя прадметы побыту і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
– Інтэр’ер у музеі пастаянны, але карэкціруюцца асобныя экспазіцыі і элементы, якія адлюстроўваюць сезонныя змяненні, – дзеліцца Вікторыя Анатольеўна. – Нашы выхаванцы маюць магчымасць дакрануцца да сапраўдных экспанатаў даўніны. Практычна ўсе прадметы можна не толькі разглядзець, а і патрымаць у руках, пагуляць з імі, таму што фізічныя і эмацыянальныя адчуванні дазваляюць сфарміраваць поўнае ўяўленне аб асаблівасцях матэрыялаў, іх падабенстве ці адрозненні, спосабах асваення.
Вікторыя Чайка правяла невялікую экскурсію па «Беларускай хатцы» і пазнаёміла з прадстаўленымі экспанатамі. У хаце заўсёды асаблівае месца займала печ, якая выконвала мноства функцый. Побач размясціліся чыгункі, гаршкі, вілкі, маслабойка, кадка, верацяно, рубель, бёрда, лапці, лыка, начоўкі, збаны і іншыя рэчы. Нашы продкі абавязкова мелі ў доме іконы – ёсць яна і ў музеі. Тут знайшлі сваё месца стол з посудам, калыска для дзяцей, ложак для дарослых. Таксама ў створаным кутку прадстаўлены разнастайныя лялькі-мотанкі. На паліцах непадалёк – вырабы з лазы, з дрэва, з саломы, з гліны і музычныя інструменты.
Асноўныя формы работы з дзецьмі ў музеі – гэта экскурсіі, гульні, выставы, заняткі, правядзенне фальклорных святаў. На занятках, якія тут праходзяць, дзеці не толькі даведваюцца значэнне тых ці іншых паняццяў, але і спрабуюць сябе ў якасці экскурсаводаў. У ходзе падобнай дзейнасці ў выхаванцаў дзіцячага садка папаўняецца слоўнікавы запас, складваюцца каштоўнасныя адносіны да роднай мовы і жаданне часцей карыстацца ею. Праз тактыльны кантакт з дрэвам, праз гульню і дзякуючы шчырай дапытлівасці ў дзяцей фарміруецца важнае пачуццё – любоў да Радзімы і павага да мінулага.
Да слова, «Беларуская хатка» станавілася пераможцам раённага конкурсу сярод міні-музеяў. Гэтае месца не пакідае раўнадушным падрастаючае пакаленне. Гледзячы на простыя, але зручныя і практычныя рэчы нашых продкаў, маленькія беларусы вучацца шанаваць і берагчы родную ўнікальную культуру, а значыць, сувязь, якая яднае пакаленні, ніколі не знікне.
Святлана МАРОЗ, г. Столін
Фота аўтара