Мікалай Дарагакупец з Іванава амаль сорак тры гады прысвяціў сферы сувязі

Прозвішча Дарагакупец – унікальнае. Зазвычай радзімай яго носьбітаў з’яўляецца палескі горад Іванава Брэсцкай вобласці. Там жыве Мікалай Мікалаевіч Дарагакупец, які ўсё сваё прафесійнае жыццё, амаль сорак тры гады, прысвяціў сферы сувязі. З іх два дзесяцігоддзі Мікалай Дарагакупец кіраваў Іванаўскім раённым вузлом паштовай сувязі. Да мінулага года ён узначальваў ветэранскую «пярвічку» Іванаўскага РВПС, які спачатку быў рэарганізаваны ў цэх, а пасля стаў раённым участкам сувязі.

Магільнянскі хлопец

У 1970-х гадах вёска Магільна, на адным з хутароў якой 30 кастрычніка 1935 года нарадзіўся Мікалай Дарагакупец, а таксама населеныя пункты Накла і Астравок увайшлі ў склад горада Іванава. Такім вось чынам вясковыя жыхары ў адзін момант сталі гараджанамі, і толькі іх «метрыкі» ўказваюць на былы статус сённяшніх гарадскіх мікрараёнаў.

– Раней нават існаваў Магільнянскі сельсавет, куды ўваходзілі вёскі Радаўня і Заруддзе. Потым жа, калі Магільна далучылі да Іванава, сельсавет аўтаматычна быў скасаваны, – удакладніў суразмоўца.

Ветэран паштовай галіны, які менш чым праз пяць месяцаў сустрэне 90-гадовы юбілей, прызнаўся: многія моманты з далёкага дзяцінства помніць выразна і ў дэталях.

Сонечнай нядзеляй запомніўся дзень 22 чэрвеня 1941 года. Паколькі сям’я жыла непадалёку ад чыгункі, дарослыя і дзеці не маглі не заўважыць, што тады на працягу дня амаль бесперапынна ішлі грузавыя цягнікі. Увечары над станцыяй Янаў-Палескі з’явіліся два варожыя самалёты, ад якіх адарваліся чорныя кропкі. Праз лічаныя секунды прагучалі аглушальныя выбухі. З таго моманту рух па станцыі быў паралізаваны, – расказаў Мікалай Мікалаевіч.

Праз некалькі дзён вораг ступіў на іванаўскую зямлю. У жніўні 1943-га для большай надзейнасці гаспадар сям’і перавёз яе на хутар Пыкачы, што знаходзіўся паміж вёскамі Залядынне і Карсынь.

– Там стаялі ўсяго чатыры хаты. У кожнай жылі некалькі сем’яў. Усе былі абсалютна чужымі людзьмі, але ніколі ні паміж дарослымі, ні паміж дзецьмі не ўзнікала непаразуменняў або спрэчак. Агульнае гора нас аб’яднала. Мы стараліся адзін другога падтрымаць, нават часам рассмяшыць. Помню, як аднойчы гаварылі пра паравозы. Тыя дзеці, якія не бачылі чыгунку, адкуль маглі ведаць, як гэтая тэхніка выглядала. І вось Федзя Божка, які палічыў, што паравозы – гэта жывёла, запытаў, што яны ядуць. Тады мы, прыезджыя, не стрымаліся, пачалі гучна рагатаць, – успамінае Мікалай Дарагакупец.

Там жа, на хутары, хлопчыкі замест дарослых мужчын, якія пайшлі партызаніць, вымушаны былі выконваць гаспадарчыя справы. Напрыклад, аратымі станавіліся далёка нават не падлеткі. Іх вучылі запрагаць валоў, кіраваць імі пры дапамозе двух сакрэтных словаў: «Цоб!», што азначала неабходнасць трымацца левага боку, і «Цобэ!» – ісці ўправа.

Вяртанне

Вызваленне раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Дарагакупцы сустрэлі ў роднай хаце. Пайсці ў школу суразмоўца змог амаль у дзесяцігадовым узросце.

– Школьнае жыццё запомнілася найперш тым, што настаўнікі душу ўкладвалі ў сваю справу. Якімі выдатнымі педагогамі былі Марыя Пятроўна Лазюк, Іван Міхайлавіч Міхнавец, Агрыпіна Пятроўна Тузік і іншыя! Пасля заканчэння сямі класаў, у 1952 годзе, падаўся ў Беларускі электратэхнікум сувязі, што знаходзіўся ў Пінску. Там ужо вучыўся мой сусед – Васіль Крыпіневіч, які прывозіў дадому дапаможнікі па электратэхніцы і радыётэхніцы. Аднойчы іх давялося пагартаць. Так, дзякуючы Васілю, выбраў сабе прафесію, якой заставаўся верным 42 гады 10 месяцаў і адзін дзень, – удакладніў Мікалай Дарагакупец.

Да 8 студзеня 1954 года Іванава знаходзілася ў складзе Пінскай вобласці, а названы тэхнікум сувязі да 1956 года быў адзіным на прасторах рэспублікі, дзе рыхтавалі тэхнікаў-электрыкаў правадной сувязі і радыёфікацыі. Потым аналагічную ўстанову адкрылі ў беларускай сталіцы, а тэхнікум з Пінску перавялі ў Віцебск.

З тэхніка – у радыста

Размеркавалі ўчарашняга студэнта на малую радзіму – Іванаўшчыну. Першым рабочым месцам стаў Мотальскі радыёвузел. Але надоўга затрымацца там не давялося, бо ў снежні 1956 года Мікалай Мікалаевіч атрымаў павестку ў армію. Падчас праходжання трохгадовай службы паляпшаў прафесійныя навыкі – быў радыётэлеграфістам.

– Аднойчы навабранцаў сабралі разам. Можна было задаць хвалюючыя пытанні. Я скарыстаўся такой магчымасцю, выказаў жаданне служыць па спецыяльнасці. Так трапіў у хімічную роту ў Брэсцкую крэпасць. Калі прыязджаюць унукі, туды абавязкова ездзім, каб ушанаваць памяць герояў, што склалі галовы за нашу незалежнасць. Маладое пакаленне, якое, дзякуй Богу, расце ў мірны час, не павінна страціць адчуванне магчымай небяспекі. Чалавечы розум і памяць заўжды павінны быць у тонусе, – падкрэсліў суразмоўца.

Прапановы і змены

Калі Мікалай Дарагакупец адслужыў, яму прапанавалі працаваць у Маларыцкім радыёвузле. Аднак 24-гадовы малады чалавек вырашыў застацца на малой радзіме, дзе, працуючы на розных пасадах, адчуваў сябе самым шчаслівым чалавекам. І вось чаму: «Штодзень я ішоў на работу і вяртаўся адтуль з песняй у сэрцы. На працы мне было камфортна. Разам з калегамі, з якімі было паразуменне, адказна і старанна выконвалі свае абавязкі, бо ведалі, што маем дачыненне да важнай справы: забяспечваем людзей свежай прэсай, устаўлёўваем радыёкропкі, праводзім тэлефанізацыю населеных пунктаў – спрыяем пашырэнню інфармацыйнай прасторы і даступнасці сродкаў сувязі для насельніцтва Іванаўскага раёна».

Як расказаў ветэран паштовай галіны, развіццё сувязі асабліва імклівымі тэмпамі ішло ў 1960–1970 гады. Калі ў 1956 годзе на адзін сельсавет (а гэта 10-12 вёсак) было толькі тры тэлефоны – у паштовым аддзяленні сувязі, сельскім Савеце дэпутатаў і канторы калгаса, то ў 1965-м тэлефонная сетка мела камутатар на 120 нумароў у горадзе Іванава, на 30 – у Моталі, а ў Бродніцы, Дружылавічах, Трудавой – па 10 нумароў.  У хуткім часе пабудавалі АТС – аўтаматычную тэлефонную станцыю на 500 нумароў. Суцэльную радыёфікацыю правялі да канца 1965 года.

– На той час у раёне, які складаўся са 107 населеных пунктаў, існавала 22 тысячы радыёкропак – галоўных «прапагандыстаў». Слухаць перадачы па радыё маглі не толькі жыхары бліжэйшых да райцэнтра населеных пунктаў. Радыё гучала на аддаленых хутарах. Сувязісты 70-х гадах мінулага стагоддзя абслугоўвалі сотні кіламетраў паветраных ліній перадачы. Потым сувязь пайшла ў зямлю – пачалі пракладваць тэлефонныя кабелі і кабелі радыёфікацыі, затым оптавалаконныя сеткі. Раней у кожным раёне існавала даведачнае бюро – яго замянілі цэнтралізаванай даведкай па нумары 109, – успамінае былы начальнік Іванаўскага раённага вузла сувязі Мікалай Дарагакупец. – Калі ў 1995 годзе сыходзіў на пенсію, у раёне было 38 паштовых аддзяленняў, у якіх працавалі 89 паштальёнаў. У 1980-х гадах насельніцтва рэгіёну выпісвала каля 75 тысяч газет і часопісаў. Каманда іванаўскіх сувязістаў налічвала каля двухсот чалавек.

Новая эра

Новыя тэхналогіі, а разам з тым сучаснае абсталяванне ў галіну сувязі прыйшлі ў 2000-х. Пачалася перабудова працы прадпрыемства і яго спецыялістаў. За тэлекамунікацыйныя паслугі даўно адказвае Белтэлекам, з’явіліся перасоўныя паштовыя аддзяленні сувязі, уведзена адзіная электронная паштовая сістэма, запрацаваў праект «Мабільны паштальён».

Нягледзячы на тое, што Мікалай Мікалаевіч Дарагакупец на заслужаным адпачынку знаходзіцца не адно дзесяцігоддзе, яму цікавы ўсе грамадскія і вытворчыя пераўтварэнні, ён з захапленнем чытае газеты, куды, дарэчы, часам дасылае публікацыі. Так, некалькі год таму ў Іванаўскай раённай газеце змяшчаліся яго аўтарскія матэрыялы аб ваенных падзеях у перыяд акупацыі, развіцці партызанскага руху і вызваленні раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, аб развіцці сувязі на Іванаўшчыне – зямлі, якой суразмоўца адданы 89 год, дзе стварыў моцную сям’ю, гадаваў траіх дзяцей, шчыраваў у органах сувязі, дзе сэрца з радасцю сустракае кожны новы дзень. Яшчэ Мікалай Мікалаевіч ганарыцца сучасным калектывам іванаўскіх сувязістаў, якія робяць усё магчымае для таго, каб сувязь надзейна служыла землякам, яднала іх сэрцы і лёсы.

Наталля КРЫВЕЦКАЯ

Фота аўтара

Яндекс.Метрика