Саюз пісьменнікаў Беларусі і выдавецтва «Аверсэв» падрыхтавалі кнігу для айчынных школ і юнага чытача – убачыла свет «Хрэстаматыя для пазакласнага чытання ў пачатковай школе» ў трох частках. Сярод аўтараў – нямала пісьменнікаў, чый лёс звязаны з Брэстчынай.
У першым раздзеле – «У родным краі» – змешчаны вершы, казкі і апавяданні Расціслава Бензерука («У родным краі», «Беларусачка») і Анатоля Бензерука («Ішоў дарогай Чалавек» і іншыя творы).
Юны чытач краіны ўжо добра ведае творчасць Таццяны Дземідовіч. У раздзел з красамоўнай назвай «Я малюю тату з мамай» увайшоў яе празаічны твор «Хто іграў на дзедавай скрыпцы?» І гэта апавяданне, і творы Расціслава Бензерука («Бульбашы», «Загадка для Венькі», «Дамавічок» і іншыя) вучаць хлопчыкаў і дзяўчынак дабрыні, вобразна, па-мастацку пераконваюць у вартасцях цёплых сямейных адносін, нагадваюць пра важнасць любові да родных і блізкіх.
У трохтомніку надрукаваны творы Алеся Зайкі і Яраслава Пархуты, якія нарадзіліся на Івацэвіччыне, Міколы Бусько, які жыў і працаваў у Баранавічах, а таксама ўраджэнцаў Брэсцкай вобласці лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі Алеся Бадака, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Раісы Баравіковай, рэдактара выдавецтва «Мастацкая літаратура» Аксаны Спрынчан.
З «Хрэстаматыяй…» можна смела ісці не толькі на ўрокі ў пачатковую школу, а і займацца героіка-патрыятычным выхаваннем (раздзел «У жыце цвілі васількі» прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне), даваць урокі прыродазнаўчага, экалагічнага характару (раздзелы «Зялёныя варотцы», «Прырода – пра свае прыгоды» змяшчаюць ілюстрацыі да кожнай пары года).
«Хрэстаматыя…», несумненна, з тых кніг, якія добра было б мець у кожнай сям’і, дзе ёсць малодшыя школьнікі.
А што да сённяшніх літаратурных сіл у рэгіёне, то на ніве дзіцячай літаратуры працуюць сапраўды яркія, таленавітыя асобы. Поруч з Таццянай Дземідовіч, Анатолем Бензеруком, Расціславам Бензеруком, якога можна смела залічваць у класікі беларускай дзіцячай літаратуры, яшчэ і Алена Гневушава, Наталля Андрасюк, чые кнігі ўбачылі свет у выдавецкім доме «Звязда» і выдавецтве «Беларусь».
Алесь КАРЛЮКЕВІЧ,
г. Мінск