Майстар-клас “Роспіс па шкле” прайшоў у Ганцавічах

У Ганцавічах на базе раённага Дома рамёстваў 12 лістапада прайшоў майстар-клас “Роспіс па шкле” ад народнага майстра Рэспублікі Беларусь Вольгі Івановіч.

Прымеркаваны майстар-клас да 85-годдзя Брэсцкай вобласці, якое адзначаецца сёлета. Таму і выява зубра – аднаго з галоўных сімвалаў Берасцейшчыны была абрана для майстар-класа невыпадкова.

Удзельнікамі мерапрыемства стала творчая група выхавальнікаў дашкольных устаноў нашага раёна, якія сабраліся, каб пазнаёміцца з нетрадыцыйнай для нашага часу тэхнікай малявання.

Роспіс па шкле, як адзін з традыцыйных відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, на тэрыторыі Беларусі пачаў распаўсюджвацца ў пачатку ХХ стагоддзя. Сёння ж у нашай краіне ім займаюцца лічаныя майстры, адным з якіх з’яўляецца Вольга Івановіч. Майстар з вялікім задавальненнем дзеліцца творчым вопытам з усімі зацікаўленымі. Разам з Вольгай Паўлаўнай удзельнікі майстар-класа пазнаёміліся з асноўнымі этапамі стварэння традыцыйнага малюнка на шкле, а таксама прымянілі атрыманыя веды на практыцы. Майстар-клас прайшоў ва ўтульнай творчай атмасферы, дзе кожны змог дакрануцца да традыцыйнай народнай творчасці.

Наталля БІЛІМАВА, загадчык Ганцавіцкага раённага Дома рамёстваў
Фото з архіва Дома

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.

Яндекс.Метрика