У ліку ганаровых гасцей памятнага мерапрыемства, прымеркаванага да 90-годдзя з дня нараджэння беларускага вучонага-дыялектолага, сталі яго родныя.
Асноўнай лакацыяй была раённая бібліятэка, у чытальнай зале якой напачатку правялі круглы стол. Дакладчыкі выступілі з паведамленнямі на розныя тэмы. Магістр гістарычных навук Антон Дацкевіч расказаў пра асаблівасці ўжывання ў фальклоры двух этнонімаў у дачыненні да насельніцтва Драгічыншчыны. Жыхароў паўднёвай часткі называлі багнюкамі, на тых, што жылі паўночней, гаварылі ліцвіны (так называлі землякоў Фёдара Клімчука). Багнюкі – назва абумоўлена ландшафтам мясцовасці, дзе яны пражывалі. Гэта замацавалася ў прыказках, адна з якіх сведчыла пра наступнае: «лытвэна кожух гріе, а багнюка корч».
Алена Ігнацюк даследавала мастацкую каштоўнасць літаратурных твораў Фёдара Данілавіча. Ён пісаў як прозу, так паэзію, займаўся перакладамі на гаворку роднай вёскі Сіманавічы спадчыны Гамэра, Максіма Багдановіча, Шата Руставэлі, Роберта Бернса, Мікалая Гогаля, Тараса Шаўчэнкі, Льва Талстога, Ондра Лысагорскага. Дзякуючы намаганням Фёдара Клімчука па-сіманавіцку (належыць да дыялекту сярэднезагародскага тыпу) у 1990-х гадах загучала «Слова пра паход Ігараў».
Этнограф Ірына Мазюк правяла для хлопчыкаў і дзяўчынак, што навучаюцца ў гарадскіх школах, майстар-клас па калыханках, якія былі запісаны ў вёсках Драгічынскага, Іванаўскага і Кобрынскага раёнаў. Вучні прызналіся, што дыялектную мову чуюць рэдка, таму вымаўленне пэўных слоў выклікала цяжкасці. Некаторыя прасілі тэксты дадому, каб спяваць даўнія песні малодшым брацікам ці сястрычкам:
А-а, а-а, люлі,
Прылэтілы куры…
Тыйі куркы путкы,
Залэтілы в Суткы.
А за йімы шулячок,
Наставывшы ковпачок.
Калі юныя драгічынцы нібыта пабывалі на ўроку музыкі, які, упэўнена, ім запомніцца надоўга, то вучням старэйшых класаў прыйшлося рупліва папрацаваць загаддзя – яны перакладалі на мясцовыя гаворкі байкі Льва Талстога. Удзельнікі прызналіся: адкрыццём стала тое, што творы такога жанру пісалі не толькі Кандрат Крапіва, Іван Крылоў, але і Леў Талстой, імя якога трывала асацыіруецца з эпапеяй «Вайна і мір». Пераможцамі конкурсу прызналі Ганну Кавалевіч (Радастаўская сярэдняя школа) і Фёдара Мядзведзя (Асавецкая сярэдняя школа). «Ден бідны прудавяць іхав в дурогу і давав всёй свій жалізны тувар пуд сухраность бугатому прудавцю. Кулэ він вярнувся, він прішов ду бугатого прудавця і пупрусэв назад свуе жалізо» – пачатак павучальнай байкі «Два прадаўцы» Льва Мікалаевіча Талстога ў перакладзе на гаворку вёскі Радастава. Дарэчы, як сцвярджаў Фёдар Клімчук, тараканскія, радастаўскія, сярэднезагародскія, паўднёвазагародскія і паўночназагародскія гаворкі – найбольш распаўсюджаныя на Драгічыншчыне.
Трэба сказаць, што дыялекты трапілі ў кола захапленняў Фёдара Клімчука (27.02.1935–22.10.2018) ў канцы 1950-х гадоў. Ён атрымаў прафесію настаўніка ў Пінску, выкладаў гісторыю ў школе. Быў час, калі Клімчук-старэйшы настаўнічаў у класе, дзе вучыўся Клімчук-малодшы (родны брат). На канікулах малады педагог арганізоўваў дзецям паходы. Пазней аматарскія падарожжы змяніліся моўнымі экспедыцыямі (мэта якіх – фіксацыя беларускіх дыялектаў) і сталі часткай яго навуковай дзейнасці.
Бацькі Фёдара Клімчука ставіліся да сынавай зацікаўленасці гаворкамі па-рознаму. Спярша думалі, што гэта несур’ёзна, а таму ненадоўга. Калі ж зразумелі, што занятак важны для навукоўцаў, якія выкарыстоўваюць дыялектны матэрыял для напісання дысертацый, складання лінгвістычных карт, кардынальна змянілі сваё меркаванне. Яны сталі ва ўсім падтрымліваць сына, ніколі не пярэчылі, калі Фёдар купляў новыя кнігі, якія не проста колькасна ўзбагачалі яго бібліятэку – ён імі карыстаўся. Былі рады, калі падчас экспедыцыі на Палессе на хутары ў Сіманавічах спыняўся свяціла – Мікіта Талсты (праўнук пісьменніка Льва Талстога), які працаваў у Інстытуце славяназнаўства і балканістыкі АН СССР у Маскве. Здзівіла жыхара мегаполіса не толькі маленькая драўляная хата сям’і Клімчукоў, якая знаходзілася ў абдымках лесу, дзе не было ні святла, ні тэлевізара, ні тэлефона. Захаванасць архаічнага лексічнага пласта ў гаворках беларускіх, у тым ліку палескіх вёсачак, сталі адкрыццём для савецкага даследчыка.
Рэцензентам многіх чарнавых прац Фёдара Данілавіча была яго маці – Анастасія Андрэеўна. Маючы фенаменальную памяць, яна наспявала сыну, а ён занатаваў некалькі соцень мясцовых песень. Удзельнікі краязнаўчай канферэнцыі выказалі надзею змясціць пад адной вокладкай багатую песенную спадчыну, якая была сабрана і запісана Фёдарам Клімчуком. Такі добры намер, пераканана, абавязкова будзе рэалізаваны. Праўда, на гэта спатрэбяцца не толькі час, але і сродкі.
Добрыя навіны са сталіцы прывезла загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вераніка Курцова. Яна расказала, што да друку падрыхтаваны саліднага аб’ёму зборнік навуковых артыкулаў Фёдара Клімчука. У цэлым яго навуковая спадчына – каля 270 матэрыялаў у галіне дыялекталогіі, лінгвагеаграфіі, лексікаграфіі, славістыкі, фальклору, этнагенэзу, тапаніміі, сацыялінгвістыкі. Зразумела, такой літаратурай звычайна цікавяцца тыя, хто прафесійна займаецца навукай. Таму яе можна знайсці на паліцах сталічных кнігарняў, у абласных бібліятэках. Аднак некаторыя выданні Клімчука ёсць ва ўстановах Драгічынскага раёна: іх калісьці школам, музею падарыў сам аўтар. На гэты раз госці з Акадэміі навук папоўнілі фонды Драгічынскай бібліятэкі навінкамі спецыяльнай літаратуры. Падарункам стаў пяцітомны «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак». Вераніка Курцова назвала гэтую грунтоўную працу – за яе аўтарскі калектыў (Фёдар Клімчук таксама) быў удастоены Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь – нацыянальным капіталам.
Землякі ж Фёдара Данілавіча, якія не так цесна сябруюць з навукай, яго галоўным дасягненнем лічаць пераклад на заходнепалескую гаворку «Новага Запавету». Ім аўтар займаўся амаль два дзесяцігоддзі. У прадмове да помніка біблейскай літаратуры Клімчук пісаў: «Звычайна для перакладу браўся адзін верш. Часам крыху больш. Была заўважана аздараўляльная ўласцівасць перакладу: калі ўвечары быў перакладзены хоць бы адзін верш, то пасля ўсю ноч быў цудоўны прадуктыўны сон, раніцай – свежая галава і добры настрой. Калі з’яўляўся хваравіты стан, то я звяртаўся да перакладу Евангелля». На жаль, да прэзентацыі ўнікальнага выдання Фёдар Клімчук не дажыў усяго некалькі месяцаў.
У спадчыну нашчадкам Клімчук пакінуў багата прац, у тым ліку і манаграфію «Традыцыйнае вяселле вёскі Сіманавічы Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці», дзе на гаворцы населенага пункта падрабязна апісаў этапы вяселля, умовы святкавання гэтай важнай падзеі. Краязнаўцы, фалькларысты, работнікі культуры цяпер выкарыстоўваюць гэты і іншы каштоўны матэрыял пры аднаўленні забытых абрадаў. 21 сакавіка калектывам Леснікоўскага Дома фальклору быў паказаны майстар-клас па ўпрыгожванні вясельнага каравая. Як і раней гэтым займаліся «коровайныці», якія рыхтавалі з паперы «квыткы», а пасля імі ўпрыгожвалі «двойчакы» і «тройчак». Уваткнутыя ў бохан галінкі абвязваліся чырвонай ніткай, на якую нанізвалі заўжды дзевяць абаранкаў. Абавязкова спяваліся песні, якія, верыў народ, здольныя дапамагчы сям’і будаваць жыццё з радасцю, якія паспрыяюць дабрабыту новай ячэйкі грамадства.
Удзельнікі і госці канферэнцыі выказалі надзею, што справа Фёдара Клімчука працягнецца ў даследаваннях вучоных, што імя ўраджэнца Драгічыншчыны будзе аб’ядноўваць грамадства, што такія мерапрыемствы на малой радзіме дыялектолага стануць традыцыяй.
Наталля МЕЧНАЯ
Фота аўтара