Канцэрт, прысвечаны памяці віртуоза-піяніста і кампазітара Юрыя Блінова, адбыўся ў вялікай зале Белдзяржфілармоніі

04.12.2025

Канцэрт «Запрашэнне ў палёт», прысвечаны памяці віртуоза-піяніста і кампазітара Юрыя Блінова, ураджэнца горада Драгічына, адбыўся ў вялікай зале Белдзяржфілармоніі. У жніўні гэтага года Юрыю Уладзіміравічу споўнілася б пяцьдзясят гадоў.

Іпастасі таленту

Ён нібыта прадчуваў, што яму наканавана радавацца і ўпрыгожваць свет сваёй прысутнасцю так мала часу, таму спяшаўся жыць, тварыць, рабіць добрыя справы. Роспачна, але жыццё Юрыя Блінова абарвалася вельмі рана: піяністу было толькі 43 гады. Аднак нягледзячы на кароткі жыццёвы і творчы шлях, дасягненні гэтага чалавека і пакінуты ім след у сферы музычнага мастацтва ўражвае. Піяніст, кампазітар, грамадскі дзеяч, арганізатар міжнароднага конкурсу юных музыкантаў «Палескі агеньчык» і праекта «Маладыя віртуозы», сузаснавальнік футбольнага клуба «Крумкачы», спартсмен, а яшчэ добры і светлы чалавек…

Захапленне спортам стала для Блінова фатальным. Яго сэрца спынілася падчас удзелу ў «Экамарафоне» ў Гомелі за некалькі крокаў да фінішу. Здарылася гэта 21 красавіка 2019 года. Можна доўга, але, на жаль, бессэнсоўна разважаць, чаму так сталася. Напэўна, у той раз арганізм музыканта пасля нядаўняй хваробы, не вытрымаў вялікую спартыўную нагрузку – паўмарафонскую дыстанцыю (больш за 21 кіламетр). Увогуле, нельга не пагадзіцца з вядучым аўтарскай праграмы «Люблю і помню» Уладзімірам Арловым, які заўважыў:

– Юрый парушыў нешта Боскае: меў светлую галаву, шырокую душу, спагадлівае сэрца, чароўныя рукі. Здаецца, столькі талентаў! А ён захацеў яшчэ хуткія ногі…

Літаратура, спорт, мастацтва, мовы (валодаў акрамя беларускай і рускай яшчэ польскай, англійскай, нямецкай, французскай, італьянскай), астраномія – для Юрыя Блінова ўсё гэта і іншае было цікавым, але другасным. Дамінантнай з малога ўзросту і на працягу ўсяго жыцця заставалася музычная стыхія.

Магія белых і чорных

Выключнасць хлопчыка праявілася вельмі рана: у два гады ён ведаў алфавіт, у чатырохгадовым узросце – свабодна чытаў і пісаў, складаў маленькія казачкі і нават падбіраў мелодыі песень на слых. Адным словам, ужо дзіцем праяўляў не прымітыўны, а ўсвядомлены інтарэс да спеваў і музыкі. З улікам сынавых прыхільнасцей бацькі паклапаціліся, каб Юрый як мага раней пачаў засвойваць музычную грамату. Адначасова ў ранцы першакласніка Юрачкі Блінова размясціліся буквар і нотны сшытак.

Назіраючы, як лёгка, а самае галоўнае – з якім вялікім імпэтам, «глытае» шасцігадовы выхаванец музычную навуку, як магічна дзейнічае на яго інструмент з чорнымі і белымі клавішамі, настаўніца музыкі параіла маці Ларысе Гаўрылаўне адвезці сына на праслухванне ў сярэднюю спецыяльную музычную школу для адораных дзяцей (пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі). Там пасля Юрый і вучыўся. Пад кіраўніцтвам педагогаў-прафесіяналаў пачаўся яго зорны шлях.

Вялікае шчасце

На памятным канцэрце, прысвечаным Юрыю Блінову, ганаровым госцем была Інэса Барташэвіч, якая падзялілася асабістымі думкамі: «Быць педагогам такога таленавітага вучня – вялікае шчасце. Юрый валодаў дзіўнымі здольнасцямі не толькі ў музыцы, але ў іншых прадметах. Настаўніца матэматыкі, напрыклад, лічыла яго матэматычным геніем».

Аднак уся яго энергія, сілы былі падпарадкаваны ўдзелу ў сур’ёзных музычных конкурсах і мерапрыемствах. Так, калі Юрыю было толькі 10 гадоў, яму апладзіравалі слухачы Ленінградскай філармоніі, дзе ён выканаў канцэрт для фартэпіяна з аркестрам №2 Дзмітрыя Шастаковіча. У 16 гадоў адбыўся яго першы сольны канцэрт у Белдзяржфiлармоніі ў Мінску. Апагеем стала абсалютная перамога ў Першым міжнародным конкурсе піяністаў і дырыжораў імя Сяргея Пракоф’ева ў Санкт-Пецярбурзе (1992 год). Бліскучае выступленне беларуса Юрыя Блінова заваявала тады сэрца ўсіх членаў журы. Адзін з іх запрасіў пераможцу разам з педагогам Людмілай Шаламенцавай на гастролі ў Японію. З гэтага часу малады піяніст становіцца таксама медыйнай персонай. У лёсе Юрыя Блінова важнае месца займае публікацыя музыказнаўцы Норы Патапавай «Запомніце імя – Юрый Бліноў»:

«Запомніце яго твар. Запомніце яго імя. Лаўрэат рэспубліканскіх конкурсаў у Рызе і Мінску, удзельнік юнацкіх ансамбляў у Маскве, дзіцячага конкурсу ў Тбілісі, лаўрэат Першага конкурсу імя Пракоф’ева ў Санкт-Пецярбурзе: Юрый Бліноў. Яму сямнаццаць гадоў. Ён вучань адзінаццатага класа музычнага ліцэя пры Беларускай кансерваторыі. Маці і педагог называюць яго «вялікім дзіцём»… Жывую, пераканаўча асабістую інтанацыю я адчула падчас яго ігры. Гэта былі ні «цалкам» Бетховен ці Скрабін, а думкі і адчуванні яго, Юрыя Блінова, якія ладна ўклаліся ў гукі Бетховена; яго сталыя паўнакроўныя эмоцыі, што вырваліся на волю, дзякуючы Скрабіну. З Пракоф’евым яны як быццам зусім парадніліся…».

Крокі ў кампазітарства

Тады ж музыказнаўца, журналіст даведалася, што юнак мае яшчэ адзін талент: піша музыку. Гэта пачалося недзе з шасці гадоў. Дэбютнымі ў партфелі пачынаючага кампазітара былі цыклы фартэпіянных п’ес, аб’яднаныя ў «Дзіцячы сшытак» і «Шахматную сюіту». Юрый Бліноў напісаў іх яшчэ ў падлеткавым узросце – у 12 гадоў! Трапная назва другога сачынення з’явілася не без дай прычыны: на яго стварэнне натхнілі шахматы – яшчэ адно захапленне Юрыя Блінова. Увогуле, таленавітаму піяністу было надзвычай складана, бо ён заўжды стаяў перад выбарам – іграць канцэрты альбо пісаць музыку.


– Кампазітарствам ён займаўся ў вольны ад піяністычнай дзейнасці час, якога заставалася зусім мала, – адзначыла салістка Белдзяржфілармоніі і педагог Акадэміі музыкі Наталля Котава-Громава. – Спецыяльна да гэтага мерапрыемства выдадзены два зборнікі фартэпіянных твораў Юрыя Блінова. У другі ўвайшлі познія, больш сталыя, а таму складаныя творы: фугі, саната, цыкл п’ес «Настроі», іншыя.

Трэба сказаць, падчас выступленняў Юрыя Уладзіміравіча як на радзіме, так і за яе межамі гучалі ў тым ліку і асабістыя творы. Увогуле, рэпертуар піяніста налічваў звыш пяцідзесяці сольных праграм, якія ахоплівалі ўсе стылі фартэпіяннай музыкі, больш за сорак канцэртаў для фартэпіяна з аркестрам. І яшчэ: беларус Юрый Бліноў – адзін з нешматлікай колькасці піяністаў у свеце (!!!), хто выконваў усе фартэпіянныя санаты Аляксандра Скрабіна і Сяргея Пракоф’ева.

Таленавіты і адкрыты

Аўтарскія шэдэўры, напісаныя піяністам у розныя гады, гучалі таксама на памятным мерапрыемстве ў выкананні сяброў, калег, а таксама пераможцаў заснаванага Юрыем Бліновым конкурса «Палескі агеньчык» – Фёдара Чарэнка, Ганны Харпер, Алены Навуменка, Ганны Найдзёнак. Фёдару пашчасціла браць удзел у конкурсе тры разы запар. Дэбютнае выступленне мінчаніна на «Палескім агеньчыку» адбылося ў 2014 годзе.

– Нягледзячы на тое, што ў Драгічыне заняў толькі чацвёртае месца, запомнілася неверагодная творчая атмасфера, што панавала ў конкурсныя дні. Шмат з кім тады пазнаёміўся, упершыню сустрэўся з Юрыем Бліновым. З таго часу ён пачаў запрашаць мяне на свае канцэрты, раіў самому часцей выступаць у творчых праектах. Увогуле, на «Палескі агеньчык» хацелася вяртацца, – падзяліўся Фёдар Чарэнка.

Ведаючы тое, што Юрый Бліноў вучыўся ў Амерыцы, шмат гастраляваў па свеце, даў канцэрт у адным з залаў Карнегі-Хола, падлетак меркаваў, што піяніст – недасягальная зорка. Стэрэатыпы пра гэтага вядомага чалавека былі разбіты ўшчэнт пры асабістым знаёмстве. Наколькі Юрый быў таленавіты, настолькі просты і адкрыты. Нехта з яго сяброў на гэты конт правільна зазначыў: меў нулявы паказчык «зорнасці». Пры жыцці піяністу неаднойчы даводзілася чуць і з задавальненнем выконваць наступную просьбу:

Калі ў маім сэрцы панура
І точыць журба кіпцюры,
Сыграй мне Чайкоўскага, Юра,
Па нотах нябеснай ігры.

Пасля сумнай навіны аб смерці Блінова паэты напісалі вершы-прысвячэнні, якія прагучалі на канцэрце памяці; у холе Белдзяржфілармоніі ў той жа дзень экспаніраваліся барэльеф піяніста, створаны скульптарам Спартаком Аруцюнянам, і карціна «Крылы анёлаў», намаляваная Аксанай Аракчэевай. Убачыць можна было і канцэртныя афішы з удзелам нашага земляка…

У сваю чаргу Юрый Бліноў таксама зрабіў шмат прысвячэнняў: «Шахматную сюіту» – вядомаму піяністу Эльдару Нябольсіну, цыкл п’ес «Дэкатлон» – беларускаму дзесяціборцу Андрэю Краўчанку (сярэбранаму прызёру Алімпіяды-2008), канцэрт для фартэпіяна, струннага аркестра і свістка «Concerto-Krooso» – нямецкаму футбалісту, паўабаронцу мадрыдскага «Рэала» Тоні Кроасу, музычную п’есу «Прысвячэнне ў палёт» стварыў у гонар футбольнага клуба «Крумкачы», не толькі заўзятым балельшчыкам, але і сузаснавальнікам якога Юрый з’яўляўся. Яшчэ ён пісаў вершы, цудоўна рабіў мастацкія пераклады з замежных моў, а таксама меў вялікую любоў да сваёй малой радзімы – Драгічына. У Юрыя Блінова было асабістае бачанне, як зрабіць гэты палескі горад прывабным і вядомым. Адну з такіх ідэй піяніст рэалізаваў: арганізаваў тут міжнародны конкурс юных музыкантаў «Палескі агеньчык».

Трансфармацыя «фантазіі»

Сёння гэта ўжо канстатацыя: упершыню «Палескі агеньчык» на драгічынскай зямлі запаліўся ў 2014 годзе, ярка ззяў да 2020 года, у ім выступіла больш за 500 удзельнікаў з трыццаці пяці краін, у складзе журы былі вядомыя музыканты з усяго свету. Аднак за гэтымі лічбамі, статыстыкай, хаваецца няпростая гісторыя ўзнікнення конкурсу, правядзенне якога кожны раз найперш у арт-дырэктара Юрыя Блінова забірала шмат сіл – эмацыянальных, фізічных. Ды арганізацыйныя і нават матэрыяльныя пытанні даводзілася вырашаць.

На канцэрце ў Белдзяржфілармоніі ў якасці ганаровых гасцей прысутнічала сям’я Падлужных з Драгічына. З Сяргеем Васільевічам – былым дырэктарам мясцовай школы мастацтваў, а цяпер педагогам, яго жонкай Інай Канстанцінаўнай (настаўніца па класе цымбал), дзецьмі Падлужных Марынай і Аляксеем Юрый Бліноў сябраваў. Сувязь з гэтай сям’ёй была не толькі тэлефонная – часта Бліноў да іх прыязджаў у госці. Такая сустрэча адбылася і летам 2012 года. Тады піяніст упершыню падзяліўся з Сяргеем Васільевічам сваімі думкамі наконт арганізацыі міжнароднага конкурсу юных музыкантаў сярод піяністаў, баяністаў і акардэаністаў у райцэнтры. Суразмоўца, які на справе ведаў «кухню» такіх мерапрыемстваў, успрыняў гэта як фантазію, добрую Юраву мару.

– Я меркаваў, што мы пагаварылі, і на гэтым усё скончылася. Але не. Праз год, у канцы жніўня 2013 года, Драгічын наведаў сусветна вядомы музыкант. Піяніст жыў у гарадской гасцініцы. Атрымаўшы дазвол, прыходзіў займацца на раялі «Эстонія» ў школу мастацтваў. Некалькі разоў гэта рабіў у Доме культуры на раялі «Блютнер». Прайшоў некаторы час, і Юрый Уладзіміравіч расказаў аб сапраўднай прычыне візіту піяніста ў наш правінцыяльны горад. Як аказалася, ён ацэньваў пляцоўкі, дзе планавалася праводзіць конкурсныя праслухванні юных талентаў. Такім чынам быў атрыманы «зялёны свет» на правядзенне конкурсу «Палескі агеньчык» у Драгічыне, – паведаміў Сяргей Падлужны.

Пры жыцці арт-дырэктара Юрыя Блінова конкурс быў праведзены ў 2014, 2016 і 2018 гадах. Апошні, чацвёрты раз, дзякуючы яго сябрам, вядомым музыкантам з розных краiн, у завочным фармаце «Палескі агеньчык» адбыўся ў 2020 годзе. На жаль, «Палескі агеньчык» як конкурс згас, аднак памяць пра яго арганізатара, які, дарэчы, прыдумаў такую трапную назву, назаўжды застанецца ў памяці не толькі беларусаў-землякоў, але ўсіх знаўцаў і прыхільнікаў высокага мастацтва. А гэта азначае, што справа Юрыя Блінова, яго музыка будзе жыць вечна.

P.S. Маці Юрыя Блінова, Ларыса Гаўрылаўна Луцэвіч, выказвае ўдзячнасць усім арганізатарам вечара памяці і асабліва Наталлі Котавай-Громавай за каласальныя працу і падтрымку.

Наталля МЕЧНАЯ

Фота аўтара