Якая культурная праграма чакае жыхароў Іванава на працягу будучага каляндарнага года

08.01.2025

Пазнаёміць землякоў і гасцей Беларусі з багатай культурнай спадчынай, назапашанай за перыяд нашай шматвекавой гісторыі, заклікана акцыя «Культурная сталіца». Першым горадам, які атрымаў гэты ганаровы статус, быў Віцебск. Пачынаючы з 2010 года цэнтр культурнага жыцця Беларусі мяняе прапіску. Самабытны код, адмысловы культурны скарб раней двойчы прэзентаваў першы рэгіён: у названай ролі пабывалі старажытныя Брэст – у 2015 годзе, а таксама Пінск – у 2019 годзе. І вось прэстыжнае свята працягласцю у цэлы каляндарны год зноў вяртаецца на Берасцейшчыну: гонар называцца культурнай сталіцай атрымала Іванава.

Аб мерапрыемствах, што адбудуцца сёлета і гасцях, якія завітаюць Іванава, пра культурную палітру палескага рэгіёну расказала начальнік аддзела культуры Іванаўскага райвыканкама Валянціна БАРАДЗІНЧЫК.

– Валянціна Андрэеўна, у 2018 годзе Іванава стала пляцоўкай для правядзення Дня беларускага пісьменства. У 2025 годзе горад у чарговы раз адчуе сябе сталіцай, на гэты раз культурнай. Сталічны статус будзе доўжыцца 365 дзён. Што зроблена вялікай камандай работнікаў культуры раёна для таго, каб менавіта наш райцэнтр прымаў ад Бялыніч Магілёўскай вобласці эстафету правядзення рэспубліканскай акцыі «Культурная сталіца» ў 2025 годзе?

– Жаданне паўдзельнічаць у такім маштабным праекце ўзнікла паступова, паколькі было разуменне, што Іванаўшчына – край з багатай гісторыяй і адметнай рэгіянальнай культурай. Мясцовая культура, вызначае наш нацыянальны каларыт. Жаданне ўзмацнілася, калі на вышэйшым узроўні ўвага пачала ўдзяляцца перспектыўным вёскам, якія сталі называцца аграгарадкамі; калі была абвешчана трыяда малой радзімы – 2018–2020 гады. Названыя і іншыя падзеі пераконвалі: абавязкова варта паспрабаваць сілы ў конкурсе. Гэта была першая спроба, і яна стала паспяховай.

За права называцца культурнай сталіцай у 2025 годзе змагаліся пяць беларускіх гарадоў – па адным ад кожнай вобласці: Паставы (Віцебская вобласць), Масты (Гродзенская вобласць), Іванава (Брэсцкая вобласць), Салігорск (Мінская вобласць) і Рагачоў (Гомельская вобласць). Выключэнне складалі канкурсанты з Магілёўшчыны, паколькі горад Бялынічы летась меў такі статус.

Шлях да перамогі ва ўсіх намінантаў быў аднолькавы: заяўка аб удзеле, абгрунтаванне выбару культурнай сталіцы, партфоліа. Асаблівых цяжкасцей з пачатковым і наступнымі этапамі, прызнаюся, не было, дружнай камандай аднадумцаў, а таксама нашымі папярэднікамі назапашаны велізарны фактычны матэрыял, мы маем багаты практычны досвед, а самае галоўнае – Іванаўшчына валодае сваім культурным почыркам, тут ёсць знакавыя мясціны, традыцыі і абрады, дзейнічаюць свае статусныя калектывы – іх, дарэчы, 29. Гонар нашага краю – заслужаны аматарскі калектыў – ансамбль народнай музыкі і песні «Палешукі» – закрываў праграму. І гэта быў яркі фінальны акорд. Я мела магчымасць назіраць за выступленнем іванаўцаў у глядзельнай зале. Прэзентацыя прайшла на адным дыханні. Адчувалася – кожны прыехаў, каб менавіта перамагчы. Гэта быў узровень! Гэта было годнае выступленне!

– Што абавязкова прапануеце наведаць у горадзе і раёне гасцям, якія не знаёмы з выдатнымі мясцінамі нашай культурнай сталіцы?

– Наша малая радзіма, дзе ўсё размешчана кампактна, упэўнена, спадабаецца любому наведвальніку – зблізку ці здалёку ён прыедзе. Магіяй зачараваць валодаюць аб’екты ў цэнтры Іванава. Гэта Пакроўская царква, якая была асвечана ў 1901 годзе. У Першую сусветную вайну храм быў ваенным шпіталем, потым стайняй. Урэшце рэшт справядлівасць перамагла – цяпер гэта галоўны сімвал духоўнасці нашых праваслаўных вернікаў.

Зусім блізка ад царквы знаходзіцца праменадная вуліца 17 Верасня, дзе ўстаноўлены арыгінальны памятны знак «Янава слова». Ён нагадвае пра тое, што Іванава ў 2018 годзе прымала маштабнае свята – Дзень беларускага пісьменства. Побач размешчаны храмы кнігі – бібліятэкі, унікальная памятная мясціна – парк макетаў «Лабірынт часу», дзе сабраны выкананыя ў зменшаным выглядзе як страчаныя (адзін з іх адноўлены – сядзібны дом Напалеона Орды ва ўрочышчы Чырвоны Двор), так і тыя, што захаваліся, аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны Іванаўскага раёна.

Непадалёку знаходзіцца адзіны ў Еўропе помнік сусветна вядомаму мастаку Напалеону Ордзе. У Іванава працуе адзіная ў рэспубліцы і першая ў СНД школа бондарства. Дарэчы, старадаўняя тэхналогія вырабу драўлянага бондарскага посуду, як і вясельная каравайная традыцыя вёскі Моталь уключана ў спіс нематэрыяльнай спадчыны Беларусі. Каб адчуць палескі каларыт, трэба абавязкова наведаць Моталь, пабываць у мотальскіх музеях, пакаштаваць мотальскіх пачастункаў. А лепш прыехаць у жніўні на міжнародны фестываль «Мотальскія прысмакі». Цудоўны адпачынак гарантаваны кожнаму госцю!

Мы ганарымся многімі куточкамі нашай малой радзімы: аграгарадком Дастоева, дзе прадстаўнікі роду вялікага рускага пісьменніка Фёдара Дастаўскага жылі каля двухсот гадоў; вёскамі Махро, дзе нарадзіўся вядомы беларускі маданіст Аляксей Кузьміч, там жа ёсць яго карцінная галерэя; Стрэльна – тут знаходзіцца музей народнай медыцыны; Моладава, дзе жылі славутыя Скірмунты. Да слова, тут быў пабудаваны палацавы ансамбль знакамітага роду (не захаваўся да нашых дзён), побач – капліца-ратонда, на якой цяпер ідуць рэстаўрацыйныя работы. З мясцовага бюджэту на гэтыя мэты выдаткавана 80 тысяч рублёў. У Варацэвічах гасцінна сустрэне кожнага раённы музейны комплекс і сядзіба Напалеона Орды. Спіс цікавых месцаў для наведвання можна пра даўжаць. Адначасова можна бясконца расказваць пра іх. Агульнымі намаганнямі маіх таленавітых і працалюбівых землякоў зберагаецца і памнажаецца наша культура.

– Звычайна да святаў гарады мяняюць сваё аблічча. Ці зведае нейкія пераўтварэнні Іванава ў сувязі з новым статусам?

– Абавязкова. Да вясны здымем будаўнічыя лясы з моладаўскай капліцы. Прыгожы ахітэктурны помнік стане даступным для масавага наведвання. Да дня горада плануем адкрыць «Галерэю славы землякоў» у Іванава. Ва ўрочышчы Карасіна паблізу Махро на тэрыторыі партызанскай стаянкі з’явіцца новая тэматычная лакацыя, звязаная з хутарскім жыццём людзей ваеннага часу. Безумоўна, да ўрачыстай цырымоніі адкрыцця (падзея запланавана на люты) рэспубліканскай акцыі «Культурная сталіца» будзе створаны лагатып свята, бігборды, якія ўпрыгожаць горад. Райцэнтр папоўніцца малымі архітэктурнымі формамі, якія тэматычна адпавядаць мерапрыемствам у рамках акцыі.

Запланаваны рамонт Цэнтра культуры і народных традыцый, бібліятэкі імя Ф.І. Панфёрава. Пэўныя сродкі пойдуць на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў: будуць закуплены новыя музычныя інструменты для школы мастацтваў, камп’ютарная тэхніка і інш.

Зразумела, для выканання такога аб’ёму работ спатрэбяцца немалыя сродкі. Ужо вядома, што для правядзення культурных мерапрыемстваў на 2025 год прадугледжана фінансаванне ў памеры 160 тысяч рублёў (у тры з паловай разы больш, чым у мінулым годзе). На рамонтныя работы выдаткавана 750 тысяч рублёў.

– Дык якая культурная праграма чакае жыхароў горада на працягу будучага каляндарнага года?

– Насычаная. Яркая. Запамінальная. Яна ўключае больш за 100 культурных мерапрыемстваў – гэта і рэгіянальныя фестывалі з улікам інавацыйных праектаў, якія прэзентуюць культурную самабытнасць нашай мясцовасці, брэндавыя святы, правядзенне якіх спрыяе павышэнню турыстычнай прывабнасці Іванаўскага раёна, акцыі, плэнэры, канцэрты зорак айчыннай і замежнай эстрады, семінары.

У пачатку новага года традыцыйна працягнецца акцыя «Нашы дзеці». 12–13 студзеня гасцінная Іванаўшчына сустрэне ўдзельнікаў XIII Міжрэгіянальнага фестывалю «Фальклор без межаў». Акрамя шырокага рэгіянальнага прадстаўніцтва чакаем гасцей з Расійскай Федэрацыі. З нагоды значнай падзеі, 85-годдзя з даты ўтварэння Іванаўскага раёна, падрыхтавана юбілейная праграма, якая будзе паказана 17 студзеня.

У лютым пад назвай «Культурны код Іванаўшчыны» запланавана адкрыццё акцыі «Культурная сталіца». Не абмінем увагай святы 23 лютага, 8 Сакавіка, 1 Мая, прыстойна адзначым 80-годдзе Вялікай Перамогі. Іванава на цэлы год стане пляцоўкай яркіх грамадскіх праектаў і акцый. З гастролямі на нашай зямлі пабываюць вядомы ансамбль «Песняры», калектывы і выканаўцы з Беларусі і не толькі. Гледачы пазнаёмяцца з навінкамі кіно, тэатральныя трупы прывязуць да нас свае лепшыя спектаклі. Адным словам, акцыя «Культурная сталіца» дасць магчымасць паказаць уласныя набыткі і патэнцыял, а таксама ўбачыць і ацаніць іншых.

Жыхароў нашага горада і раёна як «сталічных» людзей чакае мноства культурных сюрпрызаў. Будзем далучаць іванаўцаў да высокага прафесійнага мастацтва. Гэтаму паспрыяюць таксама фестывалі джазавай і арганнай музыкі. Упершыню ў Іванава пройдзе абласны песенны форум «З любоўю да песні». Пералічыць усе мерапрыемствы ў газетным фармаце немагчыма, але вядома адно – наступны год для культуры Іванаўшчыны знакавы. Упэўнена, самабытнасць і каларыт палескага краю застанецца ў сэрцах наведвальнікаў назаўжды. Абяцаем, усё пройдзе на высокім узроўні.

Гутарыла Наталля КРЫВЕЦКАЯ
Фота аўтара