Як выхавацельніца дзіцячага садка з Іванава Кацярына Гетманчук стварыла брэнд – варэнне з сасновых шышак

26.04.2025

Выхавацельніца дзіцячага садка з Іванава Кацярына Гетманчук стварыла брэнд – варэнне з сасновых шышак. У яго аснову пакладзены старадаўні рэцэпт прыгатавання прадукта, які можна выкарыстоўваць не толькі ў якасці прысмакаў.

Глядзіце мульцікі

Гераіня-гарэза аднаго сучаснага мульфільма пераконвала, што нават варэннем з шышак пачастуе мядзведзя. Але якія адносіны мае дзіцячы мульцік да нашай справы? Адкрыю таямніцу: непасрэдныя. Па-сутнасці, прагляд Кацярынай Гетманчук мультфільма «Маша і Мядзведзь» падштурхнуў маладую маму, якая на той момант знаходзілася ў дэкрэтным адпачынку, паэксперыментаваць не толькі з духмянымі клубніцамі, малінамі і парэчкамі. Успомніць пра прымяненне лясных дароў давялося пазней.

– Аднойчы падчас рэвізіі старых рэчаў, што засталіся ад прабабулі Вольгі – жыхаркі вёскі Віўнева, знайшла пажоўклы абрывачак паперы. Збіралася выкінуць у сметніцу, але спярша разгарнула: на ім неразборлівым почыркам быў запісаны даўні рэцэпт варэння з шышак. Вырашыла прыгатаваць. У прынцыпе, усё атрымалася, аднак натурпрадукт хутка згубіў вадкасны стан, – расказала суразмоўца. – Аднак я не разгубілася і пачала шукаць дадатковую інфармацыю ў інтэрнэце: чаму так сталася, у чым карысць бурштынавага колеру варэння, тэрміны яго прыдатнасці. Удасканаленнем прадукта займалася некалькі гадоў. Так простая зацікаўленасць перарасла ў маленькі бізнес, які сумяшчаю з асноўнай дзейнасцю – педагагічнай.

Ласунак і прыродныя лекі

Каля дзясятка гадоў Кацярына Раманаўна настаўнічала ў школе, потым перайшла ў дзіцячы садок. Кантынгент на працы – дзеці – падвергнуты розным захворванням. Змагацца з імі прыходзілася і сям’і Гетманчукоў.

– Гаючы элексір наш сын упадабаў, як толькі яго пакаштаваў. Калі быў малым, не надта ахвотна еў шышкі. Цяпер, ведаючы, што такое варэнне ўмацоўвае імунітэт, штодзённа яго ўжывае, – расказвае Кацярына.

Увогуле, кулінарны шэдэўр, які складаецца ўсяго з трох кампанентаў, – універсальны. Па-першае, яго варта ўжываць і малым, і дарослым; па-другое, ён выкарыстоўваецца і як ласунак, і як сродак для паляпшэння работы галаўнога мозга, у мэтах прафілактыкі астэапарозу, дзеля зніжэння артэрыяльнага ціску, варэнне дабратворна ўплывае на органы дыхання. Карацей кажучы мегасмачны і бясконца карысны прадукт.

Дзесяць тысяч «зялёных»

Тры гады таму 34-гадовая жанчына наважылася выйсці з зоны камфорту – пачала актыўна займацца рэкламным прасоўваннем свайго брэнда. Найперш, трэба было стварыць лагатып. Многа думала сама. Потым звярнулася да прафесіяналаў, якія «заламілі» такую цану за паслугі, што ад пачутых лічбаў вушы раптам забалелі. Дапамога прыйшла выпадкова. Аналізавалі неяк з дзецьмі мастацкі твор прыроднай тэматыкі. Дамашнім было творчае заданне. Адна дзяўчынка, нібыта ведала мой галаўны боль, прынесла цікавы малюнак: на заднім плане – хваёвы лес, на пярэднім – галінкі з шышкамі. Падумалася: гэта акурат тое, што мне трэба», – падзялілася гераіня.

Потым пачалася эпапея з назвай. Былі розныя варыянты: гасцінец, прысмакі, пачастунак, ласунак, смаката… Першыя два словы Кацярына выкрасліла адразу: ёсць гатунак мотальскай каўбасы «Гасцінец ад дзеда Сцяпана» і гастранамічны фестываль «Мотальскія прысмакі». З трох астатніх назваў найбольш спадабалася – ласунак. Паколькі ў зборы маладых шышак вясной прымае ўдзел сын Мікалай, які, спадзяюцца бацькі, прадоўжыць справу, то ў назве брэнда фігуруе яго імя. А вось фірмовы рэцэпт прыгатавання шышачнага пачастунку, які даўно ўжо карыстаецца попытам не толькі на Іванаўшчыне, гаспадыня трымае выключна ў галаве.

– Суадносіны інгрэдыентаў – адзін з трох сакрэтаў, якія ніхто, апроч мяне, не ведае. За вялікія грошы рэцэптуру хацелі выкупіць. Але на гэты харчовы прадукт у мяне іншыя планы. Мару аб адкрыцці крафтавай майстэрні. У параўнанні з мінулым годам, калі нарыхтавала амаль семдзесят кілаграмаў сыравіны, гэтай вясной маю намер падвоіць лічбу стратэгічнага запасу. Буду яшчэ больш удзельнічаць у выставах. На іх тавар прадаецца як гарачыя піражкі. У мяне ёсць пастаянныя кліенты, якія любяць прадукцыю і давяраюць ёй, – дадала Кацярына.

Оптавы дэбют

Ёсць у народзе такое павер’е: гандаль на дзень вызначае першы пакупнік. Дэбютная замова на «Ласунак ад Мікалая» была шыкоўнай – некалькі дзясяткаў слоічкаў варэння з шышак. Але не заўсёды было прыбыткова і густа. Сустракаліся недобрасумленныя кліенты. Такім быў уладальнік беларускага рэстарана, які не разлічыўся за оптавую пакупку. Кацярына зрабіла вывады…

Шышкі, абляпіха, каліна…

Прыхільнікаў здаровага ладу жыцця, сцвярджае суразмоўца, з кожным годам становіцца болей. Найперш для сябе, а таксама для іншых людзей яна гатуе серыю карысных пачастункаў: з шышак, кавуна, салёнага арахісу, каліны, лаванды, мяты, абляпіхі, грэцкага арэха, з кветачак ліпы.

– Грэцкі арэх – скарбніца ёду, ягады абляпіхі, каліны з’яўляюцца рэкарсдменамі вітаміну С, мята і ліпа дапамагаюць ад бяссоніцы, – расказвае Кацярына Гетманчук.

Сваю ўнікальную прадукцыю жанчына рэкламуе ў сацыяльных сетках. Праз інстаграм, напрыклад, яе знайшлі супрацоўнікі АНТ. На агульнанацыянальным тэлеканале яна пабывала двойчы. Запрасілі гэтым летам прыехаць зноўку. Яна дала згоду. А гэта азначае, што такая марудная справа, як збор шышак, сёлетняй вясной стане для Кацярыны Гетманчук творчым квэстам: трэба ж прыдумаць фішкі, каб здзіўляць гледачоў і вядучых у чарговы раз!

Наталля КРЫВЕЦКАЯ
Фота з архіва Кацярыны ГЕТМАНЧУК