Як у Аброве праходзіць абрад «Намскі Вялікдзень»

Аброўскі абрад «Намскі Вялікдзень» з 2009 года ўнесены ў Спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Свята адбываецца штогод у першы чацвер пасля Вялікадня і сёлета прыпала на 6 мая.

 

Намскі Вялікдзень – гэта, па сутнасці, старадаўні хрэсны ход ад хаты да хаты па ўсёй вёсцы з ліхтаром, крыжам, харугвамі, «хаткай» з абразом Маці Божай і велікоднымі царкоўнымі песнаспевамі, якія праслаўляюць Уваскрэсенне Хрыста.

 

Гісторыя ўзнікнення аброўскага абраду, як казала паважаная 83-гадовая жыхарка Аброва Ніна Тысевіч, ляжыць не за нашай памяццю, перадаецца з пакаленне ў пакаленне, мусіць з 1800-х гадоў.

 

 

– Старыя людзі казалі, што прыйшла калісь да нас бяда – сталі паміраць дзеці, хлопцы і дзяўчаты. Ні знахары, ні дактары не дапамагалі, – казала Ніна Мікалаеўна. – І нехта падказаў, што трэба зрабіць аброк: за ноч напрасці і выткаць ручнік і абнесці яго з абразом вакол сяла тры разы. Да захаду сонца назбіраліся бабы, напралі, аснавалі і выткалі ручніка і з абразом Божай Маці на досвітку абышлі вёску. І так прагналі бяду.

 

У апісанні цэркваў і прыходаў Мінскай епархіі 1879 года сказана, што царква пабудавана ў Аброве ў 1754 годзе, а летам 1800 года перабудавана на сродкі праваслаўнай памешчыцы сяла Аброва Еўдакіі Казлянінавай. І людзі кажуць, што Казлянінаў падарыў царкве «хатку» для абраза Божай Маці, якая стала Захавальніцай Аброўскай.

 

 

Святочны праваслаўны хрэсны ход з абразом Маці Божай у «хатцы» пачынае свой рух ад Свята-Міхайлаўскай царквы. Сустракаюць аброўцы хрэсны ход традыцыйна: перад хатай выносіцца стол, на якім – хлеб або пірог, яйкі, кветкі і ахвяра для царквы. Ля кожнага такога стала прыпыняецца працэсія, радасна вітаючы людзей узнёслым «Хрыстос уваскрэс!» Настаяцель Свята-Міхайлаўскай царквы айцец Расціслаў Рэдзько чытае над галавой гаспадароў урывак з Евангелля, бласлаўляе іх і акрапляе святой вадой. Пад спяванне святочных велікодных кандакоў вестка аб Уваскрашэнні Хрыста ідзе па вёсцы. Атрымліваецца, што, літаральна, кожнаму, нясуць Благавест – «нам Вялікдзень», адсюль, магчыма, і назва – Намскі Вялікдзень…

 

Немалы шлях трэба адолець хрэснаму ходу, каб абысці ўсе вуліцы аграгарадка Аброва. І ён ідзе з ранку да вечара, не зважаючы на дождж ці вецер, – нясе, як спяваецца ў святочных песнаспевах, радасць усяму свету Уваскрашэння Хрыстовага.

 

Валянціна БОБРЫК,

Івацэвіцкі раён

Фота Валерыя МІСКЕВІЧА

Опубликовано: 13:30 - 08.05.2021г.
Поделиться новостью

Последние новости