Як стваралася кніга Міхаіла Шыманскага «Я зноў перажыў вайну»

«Я зноў перажыў вайну»

Так называецца кніга Міхаіла Шыманскага, якая ўбачыла свет у выдавецтве «Адукацыя і выхаванне» ў мінулым годзе.

Імя аўтара добра вядома беларускаму чытачу, асабліва людзям сярэдняга і старэйшага веку. Чвэрць стагоддзя Міхаіл Мікалаевіч быў уласным карэспандэнтам газеты «Известия» – адной з самых тыражных у Савецкім Саюзе – па Беларускай ССР.

Без гэтага імя немагчыма ўявіць старонкі «Звязды», «Рэспублікі», «Сельской газеты». У мінулым годзе наша «Заря» публікавала праект Міхаіла Шыманскага «Вайна вачыма дзіцяці», які атрымаў шмат станоўчых водгукаў.

Асабіста я чытаў Шыманскага яшчэ ў падлеткавым узросце: «Известия» выпісвалі мае бацькі. Я нават сёння магу ўспомніць не толькі сюжэты ягоныя публікацый, але нават і назвы некаторых з іх. Таму тым больш прыемна, што цяпер асабіста знаёмы з патрыярхам беларускай журналістыкі, аўтарам соцень публікацый і дзясяткаў кніг.

Выданне, пра якое ідзе гаворка, выйшла немалым па сённяшніх мерках тыражам – 1 200 экзэмпляраў. За паўтара месяцы разышлася палавіна. Гэта лепшае сведчанне таго, што кніга з’явілася ў патрэбны час.

Надта сімвалічна, што прадмову да выдання напісаў старшыня праўлення Беларускага фонду міру Максім Місько. Гэта прадмова – сімвалічны знак якасці ад арганізацыі, што рупіцца пра ідэалы свабоды і справядлівасці праз захаванне гістарычнай памяці.

На момант пачатку Вялікай Айчыннай вайны аўтару было няпоўных шэсць гадоў. Некаторыя ўласныя ўспаміны таму няпоўныя і абрывістыя, дапоўненыя больш сталымі сведкамі, чые словы аўтар шчодра цытуе па дзіцячай учэпістай памяці.

Эмацыйна кніга вельмі цяжкая. У першай палове ХХ стагоддзя заходнебеларуская вёска, яшчэ даволі патрыярхальная, закрытая ад навакольнага свету, жыве па сваіх спаконвечных законах. Новае жыццё ўрываецца з пачаткам Другой сусветнай вайны, ад небяспекі якой, здавалася, уратавала ўваходжанне ў склад Савецкага Саюза.

Але адчуванне бяспекі было нядоўгім. Лета 1941 года прынесла на беларускую зямлю самую страшную ў гісторыі вайну. Разам з акупацыяй прыйшлі смерць, страх, голад. «Нечаканае і жудаснае – так успрымалі жыхары маёй ціхай і прыветнай вёскі Пешкі Бярозаўскага раёна пачатак вайны», – такімі словамі пачынае размову пісьменнік.
Убачыць смерць ўласнымі вачыма, самому адчуць магчымасць пагібелі, назіраць знішчаную малую радзіму – з гэтага складаецца паняцце «перажыць вайну»для Міхаіла Мікалаевіча.

«Як і ўсім беларускім дзецям у тую жудасную пару мне не хапала чалавечай ласкі, пяшчоты, цеплыні, таму і было наша дзяцінства абкрадзеным», – адзначае аўтар.

Але разам з тым не знікала і надзея на перамогу і вызваленне. З цеплынёю згадвае аўтар сваё наіўнае дзіцячае ўспрыманне партызанаў, з якімі яму даводзілася сустракацца, як увасабленне надзеі на вяртанне мірнага, спакойнага.

Я знарок у пачатку матэрыяла згадаў, што імя Шыманскага найперш вядома чытачу сталага веку. Кніга «Я перажыў вайну» адкрые аўтара і для маладога пакалення, якому яна, здаецца, найперш адрасавана. Не засталося незаўважаным выданне на малой радзіме пісьменніка. Настаўнікі і вучні Боркаўскай сярэдняй школы Бярозаўскага раёна выказалі словы падзякі дырэктару выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» Валянціну Навадворскаму за падрыхтоўку і выпуск кнігі, а Міхаілу Шыманскаму адрасавалі наступныя словы: «Вы далі магчымасць навучэнцам нашай школы яшчэ раз асэнсаваць паняцце малой радзімы, мірнага жыцця. Хочацца адзначыць Ваш высокапрафесійны падыход да выкладу матэрыялаў, іх змястоўнасць. Вы надзелены шчаслівым дарам убачыць цікавае, дарагое і хвалюючае ў самым звычайным, на што мы не звяртаем увагі, і абудзіць цікавасць да гэтага ў чытачоў сваім талентам, глыбокім роздумам, свежасцю думкі, вобразным словам. Прачытаць Вашу кнігу – значыць лепш зразумець час і самога сябе, сваю Радзіму».

Ігар ГЕТМАН

Яндекс.Метрика