Кожны населены пункт мае асаблівы рытм. Адрозніваюцца малыя і вялікія куточкі сваімі традыцыямі, якія маюць значны ўплыў на сферы жыццядзейнасці чалавека. У вёсцы Залядынне Іванаўскага раёна захавальнікам спрадвечных традыцый выступае народны фальклорны гурт «Залядынская гамонка» (кіраўнік – Ірына Кацко).
У рэпертуары калектыву, створанага ў 2008 годзе, – безліч аўтэнтычных песень, абрадаў, танцаў. Некаторыя з іх маюць творчую прапіску Залядыння і навакольных вёсак Карсынь, Страмца, Смольнік і іншых. На жаль, вірлівае жыццё ў іх – мінулы дзень. Аднак руплівыя самадзейныя артысты паспелі пагаманіць з жыхарамі – носьбітамі багатага фальклорнага скарбу.
Каларытным у веснавым цыкле залядынцаў-палешукоў з’ўляецца абрад «Гоняты шуляка» (мясцовая назва каршуна – заўв. аўтара). Супраць драпежнай птушкі, якая любіць ласавацца курамі, у Залядынні існуе крэатыўная «спецаперацыя». Яе ўдзельнікі – выключна жанчыны. Удзел мужчын заключаецца ў падрыхтоўцы пудзіла шуляка, якое мацуецца на тычку, ці віху.
– Старыя людзі казалі, што яго трэба апранаць у нагавіцы. Галаву ж упрыгожвалі пер’ем, – удакладніла Ірына Сяргееўна.
Месцам дзеі, якую праводзілі да абеду, служыў звычайна ўласны падворак. Бывала, што ўсе разам ішлі да лесу. Туды і праганялі шуляка. Абрадавым песням, замовам надавалася магічная сіла. Кульмінацыйным момантам быў наступны: жанчыны збіраліся ў карагод, у цэнтры ставілі пудзіла. Пагражаючы бутафорыі-шуляку доўгімі венікамі, гаспадыні пагрозліва прыгаворвалі: «Ой, шуляка, злая пташка, до нас ны літай, людэй нашых ны лякай, курэй ны хапай, шкоды нам ны задавай!..».
Словы – палова справы. У імкненні пазбавіцца ад шуляка жанчыны праяўляюць настойлівасць – кідаюць яго ў поле:
Котысь, котысь
Да за вітром до лісу нысысь, нысысь!
Мудрыя палешукі верылі, што такім чынам можна прымусіць гэтую драпежніцу-птушку абмінаць іх багаты жыўнасцю падворак.
Наталля КРЫВЕЦКАЯ Фота аўтара