Фестываль «Лунінецкія клубніцы» прайшоў у аграгарадку Дварэц

29.06.2026

Традыцыйнае свята «Лунінецкія клубніцы» прайшло ў ягаднай сталіцы Беларусі аграгарадку Дварэц. Сёлета яно з поўным правам змяніла статус рэгіянальнага на міжнародны. Упершыню ўдзел у фестывалі бралі госці з Расійскай Федэрацыі, у прыватнасці, з горада-пабраціма Лунінца Сярэдняя Ахтуба Валгаградскай вобласці. Больш за тое, сярод удзельнікаў заўважыла невялікую групку кітайцаў, якія жэстамі паказвалі, што на свяце ім вельмі падабаецца.

Зрэшты, межы Беларусі «Лунінецкія клубніцы» перасягнулі яшчэ летась, калі ў раёне ўпершыню праводзіўся міжнародны ягадны форум. Сёлета ў рамках свята ён прайшоў у другі раз і аб’яднаў не толькі прадстаўнікоў фермерскіх гаспадарак, вытворцаў ягаднай прадукцыі, але і навукоўцаў з экспертамі, пацвердзіўшы тым самым значнасць мерапрыемства як аўтарытэтнай пляцоўкі для абмену вопытам, умацавання партнёрскіх сувязей і развіцця сучаснай ягаднай вытворчасці.

Менавіта гэта падкрэсліў у Прывітальным адрасе старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык. «”Лунінецкія клубніцы” – гэта не толькі свята працавітасці і гасціннаці, але і магчымасць прадэманстраваць патэнцыял рэгіёну, адкрыць новыя перспектывы для супрацоўніцтва, падтрымкі сельскай гаспадаркі, развіцця аграэкатурызму і мясцовых ініцыятыў. Няхай фестываль падорыць гасцям і ўдзельнікам яркія ўражанні, новыя знаёмствы, прыемныя сустрэчы і добры настрой», – сказана ў прывітанні, якое зачытаў намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Рафаловіч.

Разам са старшынёй Лунінецкага райвыканкама Аляксандрам Савіна Віктар Анатольевіч прыняў удзел у адкрыцці памятнага знака, сімвалізуючага брэнд раёна. Усталяваная на спецыяльнай пляцоўцы ў цэнтры традыцыйнага месца правядзення свята стылізаваная ягада-клубніка адразу стала любімай фотазонай для гасцей і ўдзельнікаў «Лунінецкіх клубніц». А іх сёлета было нямала. Акрамя Баранавіцкага, Кобрынскага,  Пінскага, Столінскага і Ганцавіцкага раёнаў Брэсцкай вобласці на Лунінеччыну завіталі дэлегацыі з Салігорскага Мінскай і Жыткавіцкага Гомельскай абласцей. Самадзейныя артысты з гэтых раёнаў шчодра дзяліліся талентамі, радуючы ўдзельнікаў фестывалю каларытнай творчасцю.

Вітаючы ўсіх, хто ў гэты спякотны дзень вырашыў далучыцца да свята, старшыня Лунінецкага райвыканкама Аляксандр Савіна падзякаваў землякам за нястомную працу, якая дапамагае ўслаўляць малую радзіму, і выказаў упэўненасць, што ягадны фэст абавязкова падораць жаданую магчымасць узняцца над будзённай мітуснёй і адчуць шчырую гасціннасць палешукоў.

Яркім пацверджаннем слоў Аляксандра Іванавіча сталі святочнае шэсце дэлегацый сельсаветаў раёна; шматлікія гандлёвыя пляцоўкі, дзе ягадную прадукцыю, саджанцы і нават узоры тэхнікі дэманстравалі фермерскія гаспадаркі; выставы народнай творчасці з непаўторнымі вырабамі самабытных майстроў; яркія тэматычныя падворкі, падрыхтаваныя ўсё тымі ж сельсаветамі; разнастайныя конкурсныя пляцоўкі, самай каларытнай з якіх наведвальнікі найчасцей называлі «Кандытар-фэст», а таксама творчыя конкурсы: літаратурны – «Мой клубнічны край»; дзіцячых малюнкаў – «Мая клубнічная краіна»; бібліятэчных куткоў – «Цуд-ягада»; на самую буйную клубніку – «Каралева-ягада». На свяце Аляксандр Савіна пад шчырыя апладысменты ўручыў узнагароды пераможцам.

Тым часам фестываль набіраў размах. Яго ўдзельнікі заўзята цікавіліся ўсім, што прапаноўвалі гандляры, бавілі час у кафэ пад адкрытым небам і з захапленнем дэгуставалі незвычайныя навінкі. Справа ў тым, што да свята на ААТ «Лунінецкі малочны завод» выпусцілі ёгурт з кавалачкамі клубніц, а ЗАТ «Мінскі завод безалкагольных напіткаў» пашырыў лінейку прадукцыі напоем «БэлаКола са смакам лунінецкіх клубніц». Пачаставацца ласункамі мог кожны жадаючы абсалютна бясплатна.

Спякота, якая панавала ў гэты дзень, не палохала, а быццам надавала імпэту спаўна атрымаць асалоду ад незвычайнага свята, шчодра ўвабраўшага ў сябе непаўторны водар найсмачнейшых у свеце лунінецкіх клубніц. Пасля завяршэння асноўнага дзейства госці і ўдзельнікі мерапрыемства сталі сведкамі вясёлай маладзёжнай дыскатэкі.

Згаслі апошнія акорды «Лунінецкіх клубніц», але ягадны сезон на Лунінеччыне працягваецца. Як слушна заўважыў намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Рафаловіч, толькі тут навучыліся на працягу ледзь не ўсяго года вырошчваць духмяную, салодкую, бяспечную і вельмі карысную ягаду, каб, услаўляючы раён, радаваць ёю ўсіх добрых людзей.

Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ

Фота аўтара