Фальклорны фестываль «Сузор’е мастацтваў з глыбіні стагоддзяў» прайшоў 2 сакавіка ў Драгічынскім раёне. На гэты раз творчыя калектывы выступалі на сцэне сельскага Дома культуры ў аграгарадку Закозель.
Артысты паказалі разнастайныя каляндарныя і сямейныя абрады, якія раней былі пашыраны на Драгічыншчыне. Некаторыя з такіх скарбаў, дзякуючы намаганням культработнікаў, былі не толькі пісьмова занатаваны, але і адноўлены. Шчаслівы лёс напаткаў абрад «Зелянец». Да яго адраджэння спрычынены ўдзельнікі сямейнага фальклорнага калектыву Лук’яновічаў з вёскі Леснікі.
– «Зылынэц» – мясцовая назва даўняга абраду. Праводзіцца ён у другі чацвер пасля свята Тройцы. Прыдарожныя крыжы ўпрыгожваюцца вяночкамі і вышытымі ручнікамі ці вытканымі фартушкамі. У 1950-х гадах крыжы-абярэгі прыбралі. Праўда, адзін у хуткім часе ўсё-такі быў вернуты на ранейшае месца. Да яго перыядычна прыносілі вянок. Так захавалі памяць пра народны абрад, – расказала загадчык Леснікоўскага Дома фальклору Валянціна Лук’яновіч.
У канцы 1990 гадоў «Зелянец» зноў аб’яднаў людзей розных пакаленняў. Жанчыны і дзяўчаты, як гаворыцца ў песні, штогод ходзяць «до гаю, збырають зілле розмаю», потым плятуць вянкі – вялікія і малыя, якія з’яўляюцца галоўнымі атрыбутамі дзейства. Абавязковымі кампанентамі большых па памерах вянкоў з’яўляюцца бруснічнік, барвінак, дзераза (па-леснікоўску «бырізка»), аспарагус (па-мясцоваму «зелянец»). Прадстаўнікі мужчынскага полу гэтымі «падарункамі» ўпрыгожваюць крыжы. Маленькія вяночкі, якія людзі забіраюць дадому, складаюцца з зёлак: зверабою, мелісы, чабору, васількоў, рамонкаў. Засушаныя «інгрэдыенты» потым дадаюць у смачную гарбату альбо кладуць духмяныя галінкі і кветачкі ў падушку.
Калі «Зелянец», які, магчыма, у хуткім часе папоўніць Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, сімвалізуе канец вясны – пачатак лета, то абрад «Галэля», прадэманстраваны работнікамі Ліпніцкага, Заказельскага, Вулька-Радавецкага сельскіх Дамоў культуры, звязаны з пачаткам каляндарнай вясны. Ён суправаджаецца вяснянкамі, скокамі, моладзевымі таночкамі, гульнямі.
На мерапрыемстве гледачы пазнаёміліся таксама з зімовым абрадам «Калядкі» і восеньскім «Пакроў». Апошні ў Хомску праводзіўся 14 кастрычніка. На гэты дзень прыпадае праваслаўнае свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы. На дварэ ўжо, як правіла, было холадна, таму скаціну не выпускалі на пашу. Вяскоўцы нездарма казалі: прыйшла Пакроўка – рыкнула ў хляве кароўка. Вернікі наведвалі ў гэты дзень набажэнства. Дзяўчаты, што мелі жаданне хутчэй выйсці замуж, спяшаліся ў царкву першымі паставіць свечку з просьбай да Божай Маці паслаць добрага жаніха. Увечары па хатах ладзіліся радасныя сустрэчы. Перш чым сесці за стол, у Хомску чыталі малітву, а яшчэ ставілі ў вуглы пачастункі (бліны) для продкаў. Дарослыя спявалі, дзеці тым часам плялі касу з доўгіх каляровых стужак.
Удзельнікі фальклорнага свята паказалі таксама сямейныя абрады. Сярод такіх – «Вяселле трэцяга дня». Да слова, яго ўключылі ў праграму фестывалю не проста так. Справа ў тым, што беларускі дыялектолаг Фёдар Клімчук – ураджэнец вёскі Сіманавічы Драгічынскага раёна – падрабязна запісаў традыцыі святкавання вяселля на малой радзіме. 27 лютага 2025 года рупліваму лінгвісту, які пераклаў на заходне-палескую гаворку творы Гамэра, Талстога, «Новы Запавет» Бібліі, споўнілася б дзевяноста гадоў. З вуснаў гасцей пачула такія словы: «Калі пазнаёміліся з «Новым Завітом», атрымалі культурны шок. Чытаючы старонку за старонкай, нібыта з продкамі, якія такой гаворкай карысталіся ў паўсядзённым жыцці, размаўлялі». У хуткім часе на Драгічыншчыне плануюць правесці памятнае мерапрыемства, прымеркаванае да гадавіны з дня нараджэння Фёдара Данілавіча. Ганаровымі гасцямі стануць былыя калегі вучонага з Інстытута мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
На свяце ў Закозелі працавалі выставы, дзе былі прадстаўлены работы майстроў народнай творчасці: тканыя паясы, вышытыя і драўляныя вырабы, выкананыя на паперы і шкле малюнкі… Для прысутных быў паказаны майстар-клас па вырабе папяровых кветак для весельнага каравая.
– Традыцыі, звычаі, абрады, мясцовыя гаворкі робяць унікальнай нашу драгічынскую зямлю, – звярнулася да прысутных начальнік аддзела культуры Іна Праневіч. – Дзякуй вам, нястомныя збіральнікі традыцыйнай спадчыны, за тое, што зберагаеце і прывіваеце любоў да гэтага багацця маладому пакаленню, якое, шчыра веру, захавае гэты неацэнны скарб.
У канцы адбылося ўзнагароджанне творчых калектываў.
Наталля МЕЧНАЯ
Фота аўтара