Дыялог са Скарынай. Жыхары горада Іванава пазнаёміліся з каштоўнымі экспанатамі перасоўнай выставы «Біблія» ў Беларусі»

26.02.2026

Па беларускіх гарадах падарожнічае ўнікальны праект, прысвечаны гісторыі развіцця самай уплывовай кнігі – Бібліі. Нядаўна з каштоўнымі экспанатамі перасоўнай выставы «Біблія ў Беларусі» мелі магчымасць пазнаёміцца жыхары горада Іванава.

«Спачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Бог». Вядомым выказваннем, аўтарства якога належыць евангелісту Іаану, распачалася экскурсія ў царкве хрысціян веры евангельскай горада Іванава.

– Доўгі час назапашаны досвед перадаваўся праз вусныя стасункі, а потым з’явіўся больш надзейны спосаб захавання інфармацыі – пісьменства, якое патрабавала пэўных матэрыялаў, а таксама прылад для пісьма, – удакладніў экскурсавод.

Ганаровае месца сярод экспанатаў небеспадстаўна займаў папірус, які рабілі з трыснягу (яго здабывалі ў старажытным Егіпце).  Дарэчы, слова «папера» паходзіць з лацінскай мовы (papyrоs), у англійскай мове – papеr, у нямецкай – papіеr.  Потым пісалі на пергаменце, у нашых краях таксама – на бяросце, і, нарэшце, з’явілася папера. З часам эвалюцыянавалі формы пісьма. Так, у старажытным шумерскім клінапісе было некалькі тысяч графічных знакаў. Такую колькасць запомніць маглі не ўсе людзі. Аблегчыў справу алфавіт.

Тут наўмысна зробім невялікую паўзу дзеля таго, каб сказаць: поспех гэтай выставе гарантавала тое, што яе наведвальнікі мелі магчымасць успрымаць інфармацыю не толькі на слых. Калекцыя рарытэтаў далёкага мінулага – каля ста ўнікальных рэчаў: шумерскія клінапісныя таблічкі, пячатка прарока Ісаі, копіі старажытных рукапісаў, сярэднявечныя манускрыпты, скрутак Торы, цыліндр Кіра, ашкеназскі шафар (музычны інструмент), старажытныя манеты і іншыя.

Безумоўна, закранулі пытанне пранікнення Бібліі на беларускія землі: успомнілі асветніцкую дзейнасць братоў Кірылы і Мяфодзія, якія распрацавалі стараславянскую азбуку; згадалі Тураўскае Евангелле – першую беларускую рукапісную кнігу (ХІ ст.), яе арыгінал знаходзіцца ў Літве; не абышлі ўвагай Францыска Скарыну, які 6 жніўня 1517 года надрукаваў «Псалтыр». Падчас наведвання выставы можна было не толькі пагартаць факсіміле Скарынавых прац, але і «пагаварыць» з першадрукаром. Яго ролю выконваў робат-манекен, запраграмаваны штучным інтэлектам.

– Дарагі дружа! Друкаванне было галоўнай справай майго жыцця. Я распачаў дзейнасць у Празе, дзе надрукаваў сваю першую кнігу «Псалтыр» у 1517 годзе. Дзякуючы дапамозе мецэнатаў і майстроў, мне ўдалося выдаць шмат кніг, каб распаўсюдзіць веды і Божае слова для нашых людзей, – расказаў доктар Францыск Скарына з Полацка.

Адзін з тэматычных стэндаў быў прысвечаны беларускім перакладчыкам Бібліі. Дарэчы, першыя выданні біблейскіх тэкстаў  на сучасную беларускую мову ажыццявіў пастар з Брэста Лукаш Дзекуць-Малей у 1926–1928 гадах. Перакладамі Бібліі займаліся многія вядомыя асобы, у тым ліку аўтар папулярнага «Буквара» Анатоль Клышка, праваслаўны святар, прарэктар Інстытута тэалогіі БДУ Сергій Гардун і іншыя. На сённяшні дзень у друкаваным выглядзе вядомы тры поўныя пераклады Бібліі на беларускую мову: у 1970–1980-я гады ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі пераклаў Біблію з лацінскай мовы; Васіль Сёмуха зрабіў пераклад Бібліі з царкоўнаславянскай мовы; у 2023 годзе Біблія была надрукавана ў перакладзе з яўрэйскай і грэчаскай моў (перакладчык – пастар Антоній Бокун). Госці выставы маглі суаднесці пераклады, зробленыя рознымі аўтарамі, тэкстаў Святога Пісання, тым самым, па-першае, паспрабаваць той самы перакладчыцкі хлеб, па-другое, зрабіць першы крок да спасціжэння Бібліі – кнігі, у якой, як казаў беларускі першадрукар, сабраны ўсе лекі для душы і цела.

Наталля КРЫВЕЦКАЯ

Фота аўтара