Храм кнігі. Сховішча шматвекавой мудрасці. Крыніца асветы. Усе гэтыя вызначэнні адносяцца да бібліятэкі, якая аб’ядноўвае людзей розных пакаленняў, з разнастайнымі інтарэсамі і мастацкімі густамі. На хвалях гісторыі ўнікальны карабель, імя якому Драгічынская раённая бібліятэка, плыве ўжо на працягу васьмідзесяці гадоў, напоўненых дзіўнымі гісторыямі, мільёнамі прачытаных старонак, шматлікімі сустрэчамі з цікавымі людзьмі. У гонар саліднай даты на мінулым тыдні быў арганізаваны вечар «Бібліятэка. Юбілей. Працяг будзе…».
Летапіс
Пачатак біяграфіі бібліятэкі ў 1946 годзе. Менавіта тады згодна з рашэннем Драгічынскага раённага Савета дэпутатаў працоўных быў адкрыты Кніжны дом, які размяшчаўся ў будынку музычнай школы. Так адны вялікія настаўнікі духоўнага развіцця асобы – музычныя інструменты – саступілі месца другім уплывовым педагогам – кнігам. Казкі, апавяданні, раманы, дэтэктывы, спецыяльная літаратура – кніжны фонд першапачаткова налічваў толькі 300 экзэмпляраў, якія занялі ўсяго некалькі стэлажоў. Фармуляры былі заведзены на 400 чытачоў. Іншыя лічбы маем сёння: кніжны фонд складаюць каля трохсот тысяч экзэмпляраў, колькасць чытачоў – 8237 чалавек.
Першым загадчыкам раённай бібліятэкі стала Нэлі Любецкая. Вера ў сілу друкаванага слова, энтузіязм кіраўніка і яе памочнікаў мелі вялікае значэнне для развіцця бібліятэчнай справы на Драгічыншчыне. Бібліятэка неаднойчы мяняла дыслакацыю, у калектыў прыходзілі новыя людзі, змяняліся падыходы. Важная падзея адбылася ў 1977 годзе: бібліятэчная «рака» стала больш паўнаводнай – была створана бібліятэчная сістэма. Сёння ў склад дзяржаўнай установы культуры «Драгічынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма» ўваходзяць Цэнтральная раённая бібліятэка, Антопальская гарпасялковая бібліятэка, 16 сельскіх бібліятэк.
Ва ўсе часы
Сучасная раённая бібліятэка і ўстанова, якая ўзнікла 80 гадоў таму, – паміж імі ёсць вялікая розніца. Пра гэта ў сваім віншавальным слове сказала начальнік аддзела культуры Драгічынскага райвыканкама Іна Праневіч:
– За 80 гадоў існавання бібліятэка зазнала вялікія змены, і асабліва адчувальныя яны ў апошні час. Бібліятэка сёння – гэта інфармацыйны і культурна-адукацыйны цэнтр, дзе практыкуюцца розныя формы працы з чытачамі. Інфармацыйныя праекты, тэатралізацыя, наладжванне тэлевізійных мастоў з аналагічнымі ўстановамі іншых краін – тое, чым дыхае Храм кнігі цяпер.
Злучальным звяном паміж чытачом і кнігай заўжды былі бібліятэчныя работнікі. Калісьці іх праца абмяжоўвалася абанементам, сёння ён – аддзел нумар адзін сярод шматлікай колькасці. Ёсць яшчэ чытальная зала, працуюць аддзелы маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай працы, фарміравання бібліятэчнага фонду, дзіцяча-юнацкі сектар. І хоць накірунак дзейнасці работнікаў на сваіх рабочых месцах адрозніваецца, можна з упэўненасцю сказаць: у раённай бібліятэцы працуюць людзі, верныя справе служэння слову, зацікаўленыя ў тым, каб бібліятэка і надалей заставалася крыніцай каштоўных ведаў і асяродкам духоўнага жыцця Драгічыншчыны.
Жыла. Жыве. Будзе жыць
На юбілейным вечары прысутнічалі розныя пакаленні работнікаў бібліятэкі. Слова мела Зінаіда Эдуардаўна Жытковіч, якая ўзначальвала калектыў раённай бібліятэкі на працягу дзесяці гадоў: з лістапада 1998-га па 2008 год. У перыяд яе кіраўніцтва адбывалася камп’ютарызацыя бібліятэк. Першыя крокі ўстаноў у лічбавую прастору былі няўпэўненыя, але з кожным днём яны рабіліся больш смелымі, бібліятэкарамі паступова асвойваліся нетрадыцыйныя формы работы з чытачамі, попыт набывалі платныя паслугі. «Радуе, што кніга па-ранейшаму застаецца сэрцам бібіліятэкі, а гэта значыць, што такія ўстановы жылі, жывуць і будуць жыць заўсёды», – заўважыла Зінаіда Эдуардаўна.
Цяперашні дырэктар Марына Валадкевіч найперш адрасавала цёплыя словы падзякі ветэранам бібліятэчнай справы – тым, хто перадаваў эстафету высокай культуры абслугоўвання насельніцтва паслядоўнікам. Таксама кіраўнік ДУК запэўніла: яе калегі штодзень даказваюць вернасць аднойчы абранай прафесіі, умеюць зацікавіць сучасных патрабавальных чытачоў – як рэальных, так і віртуальных. Наяўнасць віртуальных чытачоў служыць яскравым доказам: бібліятэчныя работнікі не толькі аператыўна рэагуюць на змены, але зацікаўлены ў тым, каб кожны, незалежна ад узросту, фізічных магчымасцей і вольнага часу, стаў пастаянным сябрам бібліятэкі.
Да такіх з 1975 года – час пераезду ў Драгічын на пастаяннае месца жыхарства – можна смела залічыць Наталлю Уладзіміраўну. Яна пажадала не называць сваё прозвішча, але расказала, што калісьці працавала падатковым інспектарам, цяпер на пенсіі.
– Не ўяўляю свайго жыцця без кніг. Вельмі люблю творы, дзе ёсць напружанне, таму зачытваюся Акуніным, Роем. Даспадобы манера пісьма Аляксандра Дзюма. У дамашняй бібліятэцы маюцца ўсе яго сачыненні. Раённую бібліятэку часта наведваю – імкнуся не прапусціць ніводнай кніжнай навінкі, – падзялілася суразмоўца.
Дарэчы, каб даведацца пра новыя кнігі, якімі пастаянна папаўняюцца фонды раённага кнігасховішча, зусім неабавязкова апранацца, выходзіць на вуліцу, спяшацца, каб паспець на гарадскі транспарт. Можна здзейсніць віртуальнае падарожжа ў бібліятэку, а разам з тым наведаць цэлы раён, бо інфармацыя на сайце мае адносіны не толькі да цікавага бібліятэчнага жыцця. Яго ж, як і раней, ствараюць сэрцам адданыя сваёй прафесіі людзі.
У сувязі з юбілеем многія работнікі бібліятэкі атрымалі заслужаныя ўзнагароды. На сцэну выклікаліся іх калегі з Папінскай, Імянінскай, Хомскай і Бездзежскай сельскіх бібліятэк. Названыя філіялы таксама адзначылі салідную дату з моманту заснавання. Дарэчы, кожны жыхар можа зрабіць маленькі падарунак раённай бібліятэцы, якая знаходзіцца ў Драгічыне на вуліцы Карла Маркса, 3. Аб’яўлена акцыя «Падары кнігу да юбілею бібліятэкі». Прымаюцца кнігі, выдадзеныя пасля 2015 года.
…У той святочны вечар у адрас імяніннікаў прагучала многа добрых слоў, цудоўны настрой юбілярам стварылі творчыя нумары, якія падрыхтавалі педагогі мясцовай дзіцячай школы мастацтваў. Ад душы хочацца пажадаць бібліятэкарам сілы для далейшай прафесійнай дзейнасці, натхнення на новыя цікавыя праекты. Няхай новая старонка летапісу адкрые невядомыя гарызонты для будучых перамог!