Баранавічы наведаў пісьменнік-зямляк з Расіі

16.12.2025

Беларуска-расійскія літаратурныя, кнігавыдавецкія стасункі – гэта лёсы канкрэтных пісьменнікаў і канкрэтных кніг.

У апошнія гады ў Мінску ўбачыла свет бібліятэка твораў расійскіх пісьменнікаў – Валерыя Ліпневіча, Уладзіслава Арцёмава, Алеся Кажадуба і іншых паэтаў і празаікаў. Дарэчы, шмат хто з расіян, якія спрыяюць пашырэнню беларускай літаратурнай прасторы ў Расіі, прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. А гэта маскоўскі літаратуразнаўца Любоў Турбіна, башкірскія літаратары Айгіз Баймухаметаў і Зульфія Хананава, народны паэт Чувашыі Валеры Тургай, калмыцкая пісьменніца і доктар філалагічных навук Рыма Ханінава…

Пісьменнік-баталіст Мікалай Чаркашын, які жыве і працуе ў Маскве, – добра вядомы і ў Беларусі творца. Яго кнігі пра ваенную гісторыю, драматычныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны пастаянна прыстунічаюць на паліцах кнігарняў ААТ «Белкніга». Не аднойчы член Саюза пісьменнікаў Расіі і член Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаркашын прэзентаваў свае навінкі, выдадзеныя ў тым ліку і ў Беларусі, у мінскай кнігарні «Светач». Яго творы выходзяць і ў Выдавецкім доме «Звязда», выдавецтвах «Чатыры чвэрці» і «Беларусь».

Днямі празаік і публіцыст наведаўся ў Баранавіцкую цэнтральную гарадскую бібліятэку імя В.П. Таўлая. Расказвае дырэктар бібліятэкі Таццяна Рудкоўская: «Нам прыемна было пазнаёміцца, лічы, з нашым земляком. Мікалай Андрэевіч нарадзіўся ў Ваўкавыску, на Гродзеншчыне, у сям’і вайскоўца-франтавіка. Падлеткам жыў у Баранавічах. Добра памятае наш горад і яго ваколіцы ў пасляваенны час. Толькі сёлета ў Мінску былі выдадзены кнігі расійскага і беларускага пісьменніка «Брестские врата», «Заговоренные», «Нелегал из Кенигсберга». Усе яны ёсць на паліцах нашай цэнтральнай бібліятэкі і ў бібліятэках-філіялах горада. Мы дамовіліся, што Мікалай Андрэевіч яшчэ сёлета наведаецца ў Баранавічы і выступіць перад маладзёжнай аўдыторыяй – студэнтамі і школьнікамі горада».


Мікалай Чаркашын добра ведае многія грамадскія і дзяржаўныя краязнаўчыя музеі Брэсцкай вобласці, знаёмы з пашукавікамі, краязнаўцамі, архівістамі краю, нераўнадушнымі даследчыкамі падзей ваеннай пары. Вось і зараз пісьменнік шукаў новыя сюжэты, цікавіўся лёсам знойдзенага Баявога сцяга 144-га кавалерыйскага палка 36-й дывізіі. Магчыма, падзеі 1941 года на Берасцейшчыне таксама ўвойдуць у новыя раманы і аповесці Мікалая Чаркашына. А выдадзены яны будуць як у Маскве, так і ў Мінску.

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі