Рыгор Піліпавіч нарадзіўся ў 1940 годзе ў Гомелі. У гэтым жа годзе яго сям’я праехала ў Пружаны. Цікавасць да малявання з’явілася падчас вучобы ў сярэдняй школе №2, дзе будучы мастак афармляў школьныя газеты і прымаў удзел у мастацкіх конкурсах.
У 1960 годзе паступіў на вячэрняе аддзяленне Мінскага мастацкага вучылішча, працаваў мастаком-афарміцелем на заводзе. Праз тры гады паступіў на аддзяленне “Графіка” Мінскага тэатральна-мастацкага інстытута.
У 1969 годзе Рыгор Піліпавіч вярнуўся ў родны горад. Тут працаваў мастаком на радыёзаводзе, настаўнікам малявання і чарчэння ў школах раёна.
У 1988 годзе ў Дзіцячай школе мастацтваў імя Р.Р. Шырмы было адкрыта выяўленчае (мастацкае) аддзяленне. Яго першым педагогам стаў Рыгор Піліпавіч Печнікаў, які вучыў дзяцей малюнку, жывапісу, станковай кампазіцыі. За час працы выкладчыкам у Пружанскай школе мастацтваў Рыгор Піліпавіч падрыхтаваў таленавітых мастакоў: Віталя Раманоўскага, Наталлю Грыцко, Эдуарда Валасевіча, Кацярыну Бушук і іншых. У апошнія гады жыцця мастак займаўся напісаннем ікон.
З многімі творамі мастака жыхары горада сустракаюцца і сёння. Гэта і інтэр’еры гарадскіх школ, і музей аграрна-тэхнічнага каледжа, і павільёны гарадскога рынку. Па яго праекце былі выкананы царскія вароты Свята-Мікалаеўскай царквы ў Засімавічах, іканастас Свята-Пакроўскай царквы ў Гарадзечна, пабудаваны помнік С.М. Гудзімаву ў скверы горада, які, дарэчы, у свой час заняў першае масца на ўсесаюзным конкурсе самадзейных помнікаў.
Пружанскі палацык таксама беражліва захоўвае работы мастака, якія былі ім створаны ў 1960–1970-я гады. Асноўная іх частка – гэта замалёўкі вуліц горада і людзей.
Марына КАЎТУНЮК, галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы “Пружанскі палацык”