1 кастрычніка Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы адзначае юбілей – 80-годдзе з моманту заснавання

01.10.2024

Гісторыя тэатра ў Брэсце пачынаецца з 1944 года – пасля вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў пачалася рэканструкцыя тэатральнага будынка. Першая трупа была сфарміравана з выпускнікоў Маскоўскага гарадскога тэатральнага вучылішча, вучняў народнага артыста РСФСР Уладзіміра Гатоўцава. За восемдзесят год на сцэне БАТД – установы, якая аб’ядноўвае людзей розных пакаленняў і тэатральных густаў, было пастаўлена каля 580 спектакляў. Кожная прэм’ера – своесаблівы гімн адданасці людзей, што працуюць у тэатры, сваёй прафесіі.

З нагоды юбілею тэатра на працягу шасці дзён, з 24 па 29 верасня, ладзіўся тыдзень прэм’ерных спектакляў. Гледачам былі паказаны яркія і знакавыя пастаноўкі: «Трыбунал» (па творы Андрэя Макаёнка), «Бацькі і дзеці» (па рамане Івана Тургенева), «Пастка» (аўтар дэтэктыўнай п’есы – Агата Крысці), «Алеся» (Аляксандр Купрын), «Блэз і Мары» (творчасць Клода Манье).

У суботу рознаўзроставым прыхільнікам Мельпамены для прагляду быў прапанаваны «Вечар» па п’есе карыфея беларускай драматургіі Аляксея Дударава (пастаноўшчык – Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Аляксандр Козак). З брэсцкай сцэнай гэтая пастаноўка не развітваецца ўжо сямнаццаць год. Ашаламляльны поспех абумоўлены актуальнасцю ўзнятых у драме праблем.

Іх вырашальнікамі выступаюць простыя сяляне – дзівак Васіль, мудрая і крыху наіўная Ганна, зайздрослівы Мікіта. З-за гэтай хваробы душы землякі празвалі яго Гастрытам. Усё жыццё стары стараўся знайсці апраўданне сваім амаральным учынкам. Такім, напрыклад, было яго непрызнанне ў «подзвігу» – менавіта ён стрэліў у нямецкага афіцэра. Цана маўчання была б вельмі дарагая – растрэл усёй калоны. Віну на сябе тады ўзяў «маленькі, худзенькі заморак з Полацка». Гастрыт жа змаўчаў. Хаця ў глыбіні душы мужчына прызнаваў свой слабы стрыжань. Пачварных спраў за сваё доўгае жыццё Мікіта паспеў зрабіць многа. Ён напісаў паклёп на брата Васіля Андрэя, які збіраўся сватацца да Алены. Па прычыне безвыходнасці жанчына пайшла замуж за Мікіту.

Адчуваючы вечар асабістага жыцця, героі трымаюцца адзін аднаго. Кожная такая сустрэча ператвараецца ў абмеркаванне агульных праблем – неперспектыўнасці роднай вёскі, няўдзячнасці родных дзяцей. Бацькі да апошняй хвіліны не перастаюць верыць у цуд: да іх у госці прыедуць сыны і дочкі, жыццё ў вёсцы будзе прадаўжацца. Таму і чэрпаюць ваду з вясковага калодзежа.

Гутаркі, спрэчкі старых ператвараюцца ў міні-споведзі. Камерную атмасферу стварае мінімум дэкарацый на сцэне. Іх, як і герояў, тры: стол, крыж, студня. Дадатковую нагрузку нясуць абраз, партрэрт Ганнінага мужа. Да яго звяртаецца жанчына, каб зрабіць правільны выбар жаніха. Жыць разам ёй прапанавалі абодва мужчыны.

Прадчуваючы блізкі канец жыцця, Мікіта нарэшце прызнаецца Васілю і Ганне, што жыў «толькі напалову», ачышчае перад імі сумленне ад грахоў, просіць прабачэння і малітвы.

Словамі шчырай малітвы пачынаецца і заканчваецца спектакль. Яго кульмінацыяй можна лічыць фінальную сцэну. Васіль агучвае важную мару – каб кожны чалавек сустрэў вечар свайго жыцця годна, а яшчэ… па-людску – у акружэнні самых дарагіх і блізкіх сэрцу людзей.

І такі падарунак усё-такі заслужылі героі «Вечара» – нехта накіроўваецца да іх хаты.

Гледачы атрымалі задавальненне ад пастаноўкі і былі ўдзячныя артыстам за такі падарунак. І аддзячылі іх апладысментамі.

Наталля КРЫВЕЦКАЯ

Фота з архіву БАТД