Захаваць спадчыну Палесся: як Вулькаўскі цэнтр культуры адзначыў 65-годдзе

31.07.2026

Установа культуры, якая першапачаткова была вясковым клубам, а сёння носіць гучную назву філіял Вулькаўскі 1 Цэнтр культуры і народнай творчасці, адзначыла 65-годдзе.

Вулькаўскі 1 Цэнтр культуры і народнай творчасці невыпадкова называюць сімвалічнай візітоўкай Лунінеччыны.  Тут уваскрасаюць з небыцця і атрымліваюць новае жыццё характэрныя для рэгіёну народныя рамёствы, самабытныя абрады, гучаць са сцэны і песцяць слых песні, якія спявалі нашы продкі, а моладзь мае ўнікальную магчымасць душой дакрануцца да багатай культурнай спадчыны палешукоў. Пераканацца ў гэтым дапамагло мерапрыемства, якое праводзілася днямі з нагоды круглай даты. Варта сказаць, што супала яно з асабістымі знакавымі вехамі біяграфіі загадчыка Цэнтра Вольгі Мелюх, якая ў гэты дзеь адзначала 40 гадоў творчай дзейнасці і ўласнае 65-годдзе.

Вольга Фёдараўна – душа калектыву, яго заснавальнік, чалавек невычэрпнай энергіі і творчага запалу. Сустракаючы гасцей, гаспадыня правяла невялікую экскурсію , у ходзе якой расказала пра набыткі Цэнтра і сваіх паплечнікаў – сённяшніх і тых, хто застаецца жыць у памяці.   Гэта яны трапятліва і настойліва дапамагаюць пракладваць сцяжынку з мінулага ў сённяшні дзень, вучаць любіць сваю зямлю і ўсё, што звязана з гісторыяй і традыцыямі Лунінецкага краю.

Зрабіць аповед больш змястоўным і пераканаўчым дапамаглі яркія фотаздымкі, якія адлюстроўваюць незабыўныя вехі творчага шляху невялікага калектыву. На відным месцы – фота з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у момант уручэння Спецыяльнай прэміі дзеячам культуры і мастацтва 2009 года за збор і захаванне мясцовага фальклору, а таксама выява вышытай карты Беларусі, якая ў якасці экспанату і сёння займае ганаровае месца ў адной з залаў Палаца Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Сама Вольга Мелюх – нязменны ўдзельнік усіх знакавых мерапрыемстваў самага рознага ўзроўню – паспяхова ўдзельнічала ў шматлікіх тэлепраектах, у тым ліку на расійскім тэлебачанні, пра што сведчаць фотаздымкі са знакамітым тэлевядучым Андрэем Малахавым і вядомымі артыстамі.

На ўваходзе ў невялікую майстэрню – экспазіцыя створаных рукамі Вольгі Фёдараўны сцэнічных касцюмаў у народным стылі, якія ўражваюць сваёй прыгажосцю і вытанчанасцю. У самой майстэрні гасцей чакалі жанчыны, чыім рукам падуладны кросны, нітка з іголкай, пэндзаль мастака, залатая саломка, гліна… Сярод іх ёсць і майстры мастацкага слова. Адна з іх – Настасся Пратасавіцкая. У рэпертуары мясцовага народнага фальклорнага калектыву “Жывіца” – адразу некалькі песень, аўтарам якіх з’яўляецца Настасся Ананьеўна.

Залаты фонд Цэнтра – Ніна Стасюк, Марыя Філіпчык, Іна Сергіевіч, Ніна Піліпчык, Ніна Дунчык. Дарэчы, Ніна Уладзіміраўна Дунчык падарыла Цэнтру створаны ўласнымі рукамі вялікі маляўнічы дыван, па-майстэрску выбіты з дапамогай звычайнай іголкі. Увогуле, самабытныя вырабы мясцовых  майстрых выклікалі непадробнае здзіўленне і шчырае захапленне.

Мерапрыемства невыпадкова мела вызначэнне імерсіўнай пастаноўкі. Пагружэнне ў атмасферу творчасці і адухоўленай узнёсласці атрымала працяг у глядзельнай зале. Павіншаваць з адметнай датай самабытны калектыў і яго кіраўніка прыйшлі прадстаўнікі ўлады, калегі, аднавяскоўцы і проста адданыя прыхільнікі. Намеснік старшыні Лунінецкага райвыканкама Вадзім Заруба перадаў прывітальны адрас старшыні райвыканкама Аляксандра Савіны, дзе адзначана, што і сёння Цэнтр застаецца сэрцам духоўнага і культурнага жыцця аграгарадка Вулька 1. Прагучала шчырая падзяка ветэранам калектыву, якімі створаны трывалы фундамент у справе захавання нацыянальнай спадчыны, а таксама – сённяшнім рупліўцам, чыімі стараннямі яна працягвае жыць і развівацца ў сучасным фармаце.

Віншаванні з нагоды юбілею і пажаданні моцнага здароўя, невычэрпнага творчага запалу і новых дасягненняў кіраўніку калектыва Вользе Мелюх даслаў наш зямляк, міністр культуры Рэспублікі Беларусь Марат Маркаў. Увогуле, у гэты вечар шмат было прачулых слоў. Гучалі яны з вуснаў загадчыка сектара навучальных устаноў і кадравай работы ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Ліліі Свідуновіч, дырэктара дзяржаўнага прадпрыемства “Хваецкае” Васіля Лазіцкага, старшыні Лунінскага сельвыканкама Аляксандра Якаўца, начальніка сектара культуры Лунінецкага райвыканкама Таццяны Лівінец, дырэктара цэнтралізаванай клубнай сістэмы раёна Святланы Касцючэнкі, іншых гасцей, якім пашчасціла дакрануцца да каларыту незвычайнага свята.

Грэлі душу песні, якія шчымліва нагадвалі пра мінулае, а потым неўпрыкмет вярталі ў сённяшні дзень. Іх выканаўцы  пераканаўча запэўнівалі: вялікае багацце талентаў хавае ў сабе палеская глыбінка і як слаўна, што ёсць людзі, якія самааддана клапоцяцца пра тое, каб на аснове багацейшай народнай спадчыны іх удасканальваць і развіваць.

Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ

Фота аўтара