10 снежня 2021 года Алесю Каско, вядомаму беларускаму пісьменніку, споўнілася б 70 гадоў. На жаль, цяжкая хвароба заўчасна абарвала яго жыццё…
Ён жыў самааддана і самаахвярна. Непрыручаны і ахвярны – быў пажаданы і невыносны. Рыцар паэзіі. Яму б нарадзіцца ў іншы час, у пару рыцарскіх турніраў і паходаў, калі такія паняцці, як гонар, сумленне, любоў і нянавісць, ляжалі ў аснове ўсяго жыццёвага ладу непахісных абаронцаў сям’і і Айчыны.
Чытанне яго вершаў – асаблівая асалода размовы з палеткамі і лясамі, сінім небам і рэчкай, размова з часам і прасторай, дзе «Дол спапялёны і ў чэзлай траве./ Конік зялёны і той не жыве/. Неба пустое – без жаўрукоў, / жыта сухое – без васількоў…» Абазначыўшы яшчэ на зары паэтычнай творчасці сваім жыццёвым крэдам служэнне Радзіме і прыгажосці, паэт не здрадзіў яму ні паэтычным радком, ні кампрамісным учынкам.
Яго не стала. І ў кватэры зрабілася няўтульна, асірацелі сцены, якія спрабавалі адгарадзіць яго ад свету, асірацела Беларусь без яго невыноснасці, напорыстасці, без яго самога – абпаленага, незахінутага, з аголеным нервам.
Дзень развітання з паэтам… Ясна памятаю. Я сядзеў каля труны. Твар Алеся быў нязвыкла спакойны, прыміраны, ціхі і строгі. Жалобны момант, здавалася, узвялічваў асобу творцы, падымаў яе над светам мітусні і жыццёвых звяг. Людзей было шмат. Усе стаялі моўчкі. Ніхто не плакаў, хіба снежаньскі сівер за акном, бо памёр яго брат. Памёр не ад анкалагічнай хваробы, як пазначана ў даведцы аб смерці, а на думку родных, сяброў, проста знаёмых – ад таго, што вельмі блізка да сэрца прымаў клопаты іншых людзей, балюча рэагаваў на ўсе заганы і несправядлівасці гэтага свету.
Творцам сам выток і вынік,
каб душу – ці быць, ці не! –
з фарбамі змяшаць і выняць
ды распяць на палатне.
Мудрасць і досвед, вынесеныя з пражытага ім часу, паэт пазначыў у сваіх вершах філасофіяй светаіснавання:
Гэта пэўна, гэта існа:
свет не згіне, век міне;
гэтым далям, гэтым высям
існаваць пасля мяне.
У Алеся Каско было многа сяброў і проста знаёмых. Але, на маю думку, у душы паэт заставаўся адзінокім. Паглыбленым у самім сабе. Ён існаваў у іншасвеце. Худы і тонкі, з нязменнай цыгарэтай у руках. Курыў часта і падоўгу, увесь час аб нечым думаючы. Што яго непакоіла? Пра што згадваў? Па чым смуткаваў?..
Ён быў шчыры і, галоўнае, прынцыповы. А хвароба давала пра сябе знаць усё больш і больш. Дарэшты схуднелы. Невылечна хворы. Адзінокі. Але недасяжна велічны ў духоўным парыве.
Залатазвонам гучыць яго голас у апошнім прыжыццёвым зборніку:
Як бы доўга ні жыць – не дажыць да канца…
Зноў і зноў паўстае перад намі
грыўка спелых жытоў – недажын,
што асыплецца ветрам, прыб’ецца дажджамі.
От бы ўсё – ад зярнят да расы –
зберагчы і напоўніцу ўсім наталіцца!
Дакахаць, дапісаць… Папрасіць
даравання ва ўсіх, з паміраннем змірыцца.
Паэтычны талент Алеся Каско – відавочны. Радкі яго вершаў шчырыя і натуральныя. Гэта самабытнае стылістычнае ткацтва, у якім увасоблена глыбокая філасофія нашага сённяшняга зямнога жыцця – вобразная, маляўнічая, яркая праўда роднага краю, дзе кожнае слова прапушчана праз уласнае сэрца, народжана душэўным і фізічным болем.
Паэзія Алеся Каско самай высокай пробы, іскрыста-імгненная, нібы сполахі маланкі, што выхопліваюць са змроку невясёлыя малюнкі нашай зямной долі. Вершы Алеся Каско своеасаблівыя, разняволеныя, паяднаныя з праўдай жыцця. Творчую індывідуальнасць паэта ахарактарызаваць складана. Постаць ягонага лірычнага героя надзвычай супярэчлівая: ён нязмушана-далікатны, чуйны, датклівы. А то і выключна жорсткі. Шчыры, як дзіця, і легкадумна-хітраваты. Ён шматаблічны і непрадказальны.
Яшчэ над першым словам біцца:
і потым грунт яго крапіць,
і корань вынатужваць, быццам
пад ім прамаці ўсіх крыніц –
радкоў глыбокіх, свежых, важкіх,
што ад чакання знемаглі,
каб выплыніць табе на аркуш
і золата, і соль зямлі…
Паэзія Алеся Каско – рэч далікатная, дзе не ўсё можна пакратаць, агледзець з усіх бакоў. Яна як завеса марыва над затокаю, такога густога, што, колькі ні ўзірайся, так і не ўбачыш услаўленага безліччу пёраў зваблівага аквамарыну.
Першы прыцемак, трымценне
чашы скрушнае, а ў ёй
ледзь улоўны плыўкі цень мой
ды мінулае маё.
Ды – з завеі. З кругабегу заблукалыя ў акно –
камячкі сівога снегу
апускаюцца на дно.
Набрыняе. Перабродзіць
разам з імі мой настрой.
і змеркальны дзень народзін
памяну журбой густой.
Ледзь прыгублю – вее дымам,
над якім нябёсаў сінь
абяцала хоць на момант
хоць на хвілю ўваскрасіць.
Зараз кволіцца ў спагадзе
і знікае, не ўтрымаць,
просінню апошняй радзіць
мне і памяць знебываць.
З новага адліку часу
рэдка будзе сінь відна,
снег запоўніць гэту чашу.
выпітую мной да дна.
Шчыміць сэрца. Цяжка ад таго, што больш не адчую поціск яго рукі, не пачую разумную параду, не змагу падзяліцца сваімі радасцямі і сумненнямі.
Васіль ДЭБІШ
Алесь Каско (1951 – 2017).
Алесь Канстанцінавіч Каско нарадзіўся ў вёсцы Чудзін Ганцавіцкага раёна 10 снежня 1951 года. Скончыў філалагічны факультэт Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С. Пушкіна, працаваў настаўнікам у роднай вёсцы, карэспандэнтам Жабінкаўскай раённай газеты «Сельская праўда», рэдактарам на Брэсцкай абласной студыі тэлебачання, старшынёй абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў. Алесь Каско – аўтар кніг паэзіі «Вестка» (1979), «Скразная лінія» (1982), «Набліжэнне» (1989), «Час прысутнасці» (1994), «45» (1996)», «Трохкроп’е» (2001), «Нічога больш» (2011), «Прыадкінуты небасхіл» (2012), «Межавыя знакі (2014), «Кругабег» (пасмяротная) (2018), кнігі для дзяцей «Два сонцы» (2004), «Чыстага ўсё нячыстае баіцца» (2007). Ён адзін з найбольш вядомых беларускіх паэтаў, лаўрэат літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова за паэтычны зборнік «Час прысутнасці», абласной прэміі імя Уладзіміра Калесніка (у 2008 годзе) за сумесную з Міколам Пракаповічам і Міхасём Рудкоўскім кнігу вершаў «Трохперсце». Жыў у Жабінцы. Памёр 26 лістапада 2017 года.
Оставить комментарий