Жадаеце атрымаць білет у савецкае дзяцінства? Тады запрашаем ў Пружанскі палацык! Тут пачала дзейнічаць выстава “Савецкае дзяцінства”, на якой прадстаўлены цацкі, машынкі, веласіпеды, настольныя развіваючыя гульні часоў СССР.
Выстава дазволіць дарослым успомніць сваё дзяцінства, а дзецям убачыць, з чым гулялі іх бацькі, бабулі і дзядулі. Наведвальнікі змогуць пазнаёміцца з цікавымі цацкамі з дрэва, пластмасы, гумы, а таксама зрабіць фотаздымкі на памяць.
Вядома, такога выбару цацак, як зараз, у савецкіх дзяцей не было. Гэта былі ў асноўным плюшавыя і гумавыя цацкі: сабачкі, мішкі, зайчыкі, ніякіх фантастычных стварэнняў. Але не, адзін дзіўны звярок усё ж быў – Чабурашка. Гэта чыста “савецкі прадукт”, які быў знаёмы савецкім дзецям па добрых казках і мульціках.
У кожнай дзяўчынкі ў савецкі час былі лялькі. Пупсы, якіх можна было купаць і спавіваць, лялькі, якіх можна расчэсваць і пераапранаць. Для іх можна было пашыць прыгожую сукенку на цацачнай швейнай машынцы. А калі бацькі маглі сабе дазволіць, то куплялі яшчэ і калыску для лялькі. Гэта была сапраўдная падзея! Усе дзяўчынкі з двара збягаліся паглядзець.
У хлопчыкаў, вядома, былі машынкі і канструктары. Практычна кожны збіраў калекцыю мініяцюрных мадэляў машын. У некаторых дзяцей меліся нават сапраўдныя дзіцячыя машыны з педалямі, на якіх можна было ездзіць.
Хакей і футбол былі папулярнымі відамі спорту, і савецкія дзеці з задавальненнем гулялі ў аднайменныя настольныя гульні. Камп’ютарных тады наогул не было, як і хатніх камп’ютараў.
Запрашаем усіх жадаючых акунуцца ў атмасферу савецкага дзяцінства, наведаўшы выставу Аляксандра Хільковіча – калекцыянера з Брэста. На выставе прадстаўлены савецкія цацкі перыяду 1950 – 1980-х гадоў, якія былі сабраны на працягу апошняга дзесяцігоддзя. Збіраць іх Аляксандр пачаў падчас вучобы ў Пружанскім тэхнікуме. Сёння ён не проста збірае цацкі часоў СССР, але і вяртае іх да жыцця.
На выставе “Савецкае дзяцінства” працуе па 31 студзеня!
Марына КАЎТАНЮК,
галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы “Пружанскі палацык”