У народным лiтаратурна-краязнаўчым музеi Якуба Коласа ў Пінскім раёне прайшлi традыцыйныя «Каласавiны», прысвечаныя 140-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай лiтаратуры Якуба Коласа. Самая вялiкая музейная зала ледзь умясцiла ўсiх гасцей.
Салiднасцi музейнаму святу «Творчасць паэта – на многія лета» надавала выступленне вядомых творчых калектываў i выканаўцаў. Так, яшчэ ў вестыбюлi святочны настрой гасцям падымаў народны iнструментальны ансамбль выкладчыкаў Пiнкавiцкай дзяржаўнай школы мастацтваў «Мяцелiца». Вакальны дуэт гэтай жа ўстановы сваiм прафесiйным выкананнем песнi на словы Якуба Коласа «Мой родны кут» пакарыў апублiку.
А «Тэатр па-Коласу» ўпершыню стваралi настаўнiкi Жыдчанскай сярэдняй школы Пінскага раёна. Iх пастаноўка «За дождж» магла б з аншлагам icцi і на тэатральнай сцэне. Таленавiты рэжысёр Зоя Кандрацюк удала падабрала акцёрскую трупу.
Педагог дадатковай адукацыi ЦТДiМ Пінскага раёна Марыя Клiменка падрыхтавала з вучнямi Стытычаўскай сярэдняй школы iнсцэнiроўку ўрыўка з паэмы «Новая зямля». Юнакi i дзяўчаты так увайшлi ў вобразы сваiх герояў, што гледачы на некалькi хвiлiн быццам бы апынулiся на леснiковай сядзiбе.
Сюрпрызам на «Каласавiнах» стаў падарунак музею ад Святланы Мажароўскай – вышыты партрэт Якуба Коласа. У дапаўненне майстрыха прачытала ўласны верш «У госцi да Коласа». Вельмi ж спалучалася з падарункам выкананне танцавальным калектывам «Сланечнiкi» фолькмадэрнага нумара «Вышыванка» пад кiраўнiцтвам педагога цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Анжэлiкi Хмарук.
Маладым ўдзельнікам свята да спадобы прыйшлося выступленне папулярнага беларускага рэпера, студэнта каледжа мастацтваў Iвана Дарашэнка. Паэт, спявак, зорка iнстаграм з задавальненнем спяваў рэп пра Пiнск i раздаваў аўтографы сваiм фанатам.
Клуб лiтаратараў «Пiнчукi» таксама падрыхтаваў вiншавальную праграму: Вiктар Мяцельскi i Анатоль Козiч выконвалi пад гiтару свае песнi, а Галiна Лазiцкая і Людмiла Шклёда чыталi ўласныя вершы, прысвечаныя Якубу Коласу. Уладзiмiр Варонiн перадаў прывiтанне ад Тамары Лазнюхi і зачытаў яе верш.
З успамiнамi былога вучня Якуба Коласа Мiкiты Козiча, выступiла яго ўнучка Вольга Козiч, кандыдат філалагiчных навук. Яна гаварыла аб годнасцj Коласа i яго вучняў. Раiла сучасным школьнікам развiваць у сябе ўменнi думаць ды назiраць.
Напрыканцы святочнай праграмы ўсе ўдзельнiкi «Каласавiн» разам з вакальным калектывам Пiнкавiцкай школы «Дамiсолькi» (кiраўнiк Людмiла Дэйнэга) спявалi папулярную песню групы «Дразды» «Беларуская мова».
Гучна, весела адзначылi ў музеi дзень нараджэння Якуба Коласа, якога ўспамiнаюць у Пiнкавiчах як настаўнiка Пiнкавiцкага народнага вучылiшча Канстанцiна Мiхайлавiча Мiцкевiча. І ўспамiны над берагам Пiны будуць жыць, як жыве слова песняра беларускага народа.
Жанна ВЕРЫЧ,
Пінскі раён
Фото ЦТДіМ Пінскага раёна