Падчас літаратурнага свята ў Лунінскай сярэдней школе Лунінецкага района адбылося ўзнагароджанне лаўрэатаў прэміі Брэсцкага аблавыканкама імя У.А. Калесніка. Дзясятае па ліку ўручэнне ганаровай узнагароды пасля доўгага перапынку вярнулася на Лунінеччыну, а ўпершыню яно адбылося яшчэ ў 2007-м.
Названае літаратурнае свята са сваімі паплечнікамі-аднадумцамі заснаваў вядомы пісьменнік і журналіст Мікалай Елянеўскі, ураджэнец Луніна (1948 – 2013). На жаль, ён рана пайшоў з жыцця, але запалены ім творчы агеньчык падтрымліваецца і да гэтага часу.
З першых хвілін госці трапілі ў атмасферу надзвычайнай душэўнай цеплыні і шчырай гасціннасці гаспадароў зямлі лунінецкай. Удзельнікаў свята лунінчане сустракалі духмянымі караваямі, спевамі ды танцамі. Мясцовыя настаўніцы ў нацыянальных касцюмах выканалі народны танец з вышытымі рушнікамі, а маленькая гаспадыня Ульяна Сацкевіч у вобразе «Лунінскай восені» разам са сваімі юнымі памочнікамі правяла для гасцей цікавую экскурсію па школе. І кожны крок быў як старонка ажыўшай гісторыі ад старадаўніх дзён да сучаснасці.
Побач са школьным музеем, прысвечаным героям-землякам Вялікай Айчыннай вайны, размешчаны стэнды з вышыванкамі, самабытнымі працамі сучасных рамеснікаў і дзіцячымі работамі ў розных тэхніках.
Супрацоўнікі абласной бібліятэкі імя М. Горкага падрыхтавалі кніжную выставу, на якой шырока былі прадстаўлены кнігі пераможцаў прэміі імя У.А. Калесніка за розныя гады і кнігі намінантаў. Малюнкі народнага побыту ажылі ў сялянскай хатцы: юныя акцёры паказалі гумарыстычныя мініяцюры з жыцця сялян ды сцэнкі з даўно забытымі прыладамі працы, а потым усіх запрасілі да багатага стала з нацыянальнымі стравамі, дзе ўсё было так смачна, як у дзяцінстве, калі бабулі выпякалі хлеб у вясковай печцы ды гатавалі гарбату з мясцовых лекавых траў.
На афіцыйнай цырымоніі, якая праходзіла ў школьнай актавай зале, шчыра вітаў прысутных старшыня Лунінецкага райвыканкама Аляксандр Пачко, а намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Генадзь Барысюк у сваёй урачыстай прадмове расказаў пра сяброўства яго бацькі з вядомым літаратарам Уладзімірам Калеснікам, падкрэсліўшы, як важна захаваць традыцыі знакамітых пісьменнікаў, культурную спадчыну.
Ва ўрачыстай абстаноўцы былі названы імёны пераможцаў літааратурнай прэміі 2021 года. У намінацыі «Паэзія» перамогу раздзялілі брастаўчанка, паэт Любоў Красеўская (за кнігу «Та самая сила») і літаратар, журналіст з Пружан Мікола Антаноўскі (за зборнік паэзіі «Як ліст сярод лістоў»). У намінацыі «Проза» ўзнагародзілі публіцыста, краязнаўцу, аўтара серыі кніг «Лунінецкая памяць» Таццяну Канапацкую, а ў намінацыі «Дзіцячая літаратура» атрымалі прызнанне аўтар фэнтэзійнай аповесці «Марго і чароўны экран», музыказнаўца, літаратар Ірына Морых і супрацоўніца міжнароднага аддзела Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Наталля Кухліч за чароўную кнігу казак «Раскрашенный мир». Па выніках конкурсу граматай і грашовай прэміяй Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага саюза журналістаў быў узнагароджаны Мікола Панасюк за дакументальную аповесць «Пётр Клімук. Жыццё і подзвіг касманаўта».
Асаблівы настрой напрыканцы цырымоніі стварылі самабытныя лунінецкія музыкі. Прагучалі музычныя творы ў выкананні народных ансамбляў «Шляхцічы» і «Вандроўнікі», узорнага вакальнага калектыву «Залатое птушаня», узорнага ансамбля «Сунічка», народнага клуба аматараў песні «Весніца», Уладзіміра Калянковіча, Канстанціна Насковіча, Аляксея Рамановіча, Марыі Лукашэвіч і Алега Грудзько.
Таццяна Дземідовіч, страшыня Брэсцкага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі»
Фото Наталля ПАЎЛЮКЕВІЧ
Оставить комментарий