Мінулы суботні вечар выдаўся па-сапраўднаму гістарычным. Нават чароўным і містычным, таму што ў драматычным тэатры адбылася прэм’ера тэатралізаванай чыткі ў пастаноўцы Валянціны Янавец па аднайменнай аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча.
Сюжэт гэтага твора знаёмы кожнаму адукаванаму чалавеку. Фалькларыст Андрэй Беларэцкі апынуўся ў маёнтку Балотныя Яліны, над гаспадыняй якога вісіць праклён. Ён вырашае разгадаць усе таямніцы і пазбавіць Надзею Яноўскую страхаў.
– Аповесць захапіла мяне ў дзяцінстве. Некаторы час было адчуванне, что «паляванне» за мной ходзіць, – расказала Валянціна Янавец. – Некалькі разоў перачытвала твор. Мяне заўсёды падкупаў рамантызм Караткевіча, таму што не кожнаму ўдаецца пра важныя для чалавека справы паведаміць узнёсла-рамантычна.
Рэжысёр прызналася, что працаваць з беларускамоўнымі тэкстамі цяжэй, чым з рускамоўнымі, таму маленькія памылкі былі. Хваляванне на гэта таксама паўплывала. Але рэпетыцыі працягнуцца і наступныя выступленні будуць лепшымі. Артысты проста не могуць не апраўдаць давер гледачоў, якія актыўна набываюць білеты.
Як вядома, чытка – складаная работа для акцёраў, бо яна не разлічана на дынаміку. Але нашы артысты пастараліся данесці гледачам-слухачам характары герояў Уладзіміра Караткевіча. Так, Таццяна Васількова ў ролі Надзеі Яноўскай напачатку паўстала стрыманай і моцнай жанчынай, нават здавалася няветлівай, але паступова праявіла сябе слабай. Міхаіл Ільіч у ролі Андрэя Беларэцкага з первых хвілін чыткі запрасіў гледачоў у падарожжа. Яны, вядома ж, не падняліся з крэслаў і не кінуліся дапамагаць герою у пошуках таго, кто пужае гаспадыню маёнтка, але артыст прымусіў іх задумвацца, як бы яны павялі сябе на яго месцы. Зала вярнулася ў рэальнасць бліжэй да фіналу, калі ўсе таямніцы былі разгаданыя і галоўныя героі вырашылі пакінуць маёнтак.
Успамінаецца са школы, што аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха» стварыла маленькую рэвалюцыю ў беларускай літаратуры. Сёння можна сказаць, што тэатралізаваная чытка ў выкананні артыстаў Брэсцкага драматычнага тэатра выклікала фурор – гледачы гучна апладзіравалі, доўга не адпускалі артыстаў і дарылі ім кветкі.
Юлія ВОЎК
Фота аўтара
Оставить комментарий