“Карпатлівая праца пісьменніка і доўгая дарога да чытача” – магчыма, так можа сказаць сучасны аўтар пра нараджэнне сваёй новай кнігі. У Брэсцкай гарадской бібліятэцы імя А.С. Пушкіна на літаратурна-музычнай вечарыне “Мой сусвет – кніга” былі прадстаўлены кніжныя набыткі творцаў Брэстчыны за мінулы год.
Вядучая сустрэчы Наталля Арцемчык адзначыла, што ў 2023 годзе кніжны сусвет Брэстчыны абагаціўся 23 новымі выданнямі, сярод якіх – 16 аўтарскіх кніг.
Падчас відэапрэзентацыі ішла гаворка пра кнігі, якія ўбачылі свет у выдавецкім доме “Звязда”. Кожная з іх мае адметны і непаўторны шлях да прыхільнікаў мастацкага слова.
Зборнік паэзіі “Чыстая музыка неба”, у які ўвайшлі паэтычыя творы трох вядомых паэтаў-землякоў Міколы Антаноўскага, Міколы Бусько і Анатоля Шушко, на працягу года быў прадстаўлены на кніжных святах у бібліятэках Баранавіцкага і Пінскага раёнаў, старонках рэспубліканскіх і абласных выданняў; дакументальная аповесць-эсэ “Галавасек” Анатоля Бензерука, прысвечаная трагічным падзеям вёскі Драмлёва на Жабінкаўшчыне ў гады ваеннага ліхалецця, выклікала ў прадстаўнікоў розных пакаленняў самыя глыбокія пачуцці, абудзіла сямейныя ўспаміны; героі дзіцячай кнігі Таццяны Дземідовіч “МармеЛаднае лета” падарылі маленькім чытачам яркія і светлыя сустрэчы.
Упершыню творчасць пісьменнікаў-гумарыстаў з Брэстчыны трапіла ў серыю кніг выдавецтва “Чатыры чвэрці” “Несур’ёзна пра сур’ёзнае”. Кнігі Таццяны Дземідовіч “Абое рабое” і Віктара Рэчыца “Дзве рапсодыі” абавязкова выклічуць у чытачоў добрую ўсмешку.
У папулярным жанры нон-фікшн працуе пісьменнік з Бярозы Анатоль Бярнацкі. Назва яго кнігі, што выйшла ў выдавецтве “Беларусь”, гаворыць сама за сабе – “Загадочный мир белорусской природы”. Выступаючы ў ролі вопытнага экскурсавода, аўтар знаёміць дасціпных дзяцей з хараством роднага краю.
Сярод цікавых выданняў – кніга з лунінецкімі каранямі “Крепкой дружбой связаны школьные товарищи и учителя”, складальнікам якой з’яўляецца Таццяна Канапацкая, і перававыданне зборніка эсэ Анатоля Дзенісейкі “Любовь в огне войны” з дадаткам “Мир книги глазами читателя. Обратная связь”.
Чысцінёй пачуццяў, прамяністым успрыманнем навакольнага свету адзначаюцца паэтычныя “вяночкі” іванаўскага паэта Васіля Жушмы “Кахання зорныя кастры” і Таццяны Шульгі з Брэста “От весны до весны”, а аўтар кнігі “ Я веру! “ Васіль Казачок з вёскі Гарадная Столінскага раёна праз паэтычнае слова імкнецца прыцягнуць увагу чатача да сваёй малой радзімы, да багатай духоўнай спадчыны беларусаў.
Жывым дыялогам паміж аўтарам і чытачамі, падручнікам для маральнага выхавання можна назваць кнігу Мікалая Кавалевіча “Перед иконою земли: стихотворения, отзывы, статьи, уроки”.
У пінскай рэгіянальнай друкарні “нарадзілася” яшчэ адна кніга – п’еса для дзяцей і дарослых “Марыська-папараць” Анатоля Крэйдзіча. У аснове тэксту – фальклор драгічынска-іванаўскага рэгіёна і прылеглых тэрыторый. Кнігу багата і маляўніча праілюстравала дачка пісьменніка – Кацярына, выпускніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
Рэкардсменам па кнігавыданні ў 2023 годзе стала кобрынскі аўтар Наталля Кандрашук. Паэтычныя кніжкі для самых маленькіх дзетак “Переводчик” і “Игрушечная математика” дапамогуць чытачу зрабіць упэўненыя крокі да ведаў, зборнікі вершаў на рускай мове “На изломе строки” і беларускай “Лабірынты летуценняў” натоляць аматараў паэзіі смакам паэтычнага слова, а ў зборніку духоўнай паэзіі “Свет нельзя утаить” паэт ўздымае вечныя пытанні быцця і чалавечага лёсу.
Прысутныя ўспомнілі цікавыя падзеі і творчыя адкрыцці, якія знайші адлюстраванне на старонках чатырох выпускаў літаратурна-краязнаўчага альманаха “Астрамечаўскі рукапіс” і юбілейнай “Берасцейскай скарбніцы-5”.
Пра свае публікацыі ў міжнародных, рэспубліканскіх зборніках расказала Зінаіда Дудзюк, творчымі набыткамі падзяліліся паэты Васіль Барысюк, Аксана Валуй, Вера Вакула, аўтар лірічных абразкоў Ірына Фаміна, госці з Кобрына Марына Міхалюк і Алена Котава.
Паэтычныя выступленні, абмеркаванні кніг перамяжоўваліся з выступленнем хора “Вераснёвы звон” пад кіраўніцтвам Наталлі Шосцік, што дало магчымасць прысутным атрымаць асаблівую асалоду ад палётнасці думак, абуджэння пачуццяў, вечнага саюза паэзіі і музыкі. Абрадавы песні, прысвечаныя калядным святам, прагучалі на розных мовах. Асаблівай пяшчотай кранула сэрцы прысутных песня “Пакуль ты спіш” на музыку Г. Гедзік і словы З. Дудзюк у выкананні юнай спявачкі, навучэнкі гімназіі №3 г.Брэста Соф’і Івановай.
Таццяна АНАТОЛЬЕВА, г. Брэст
Фота Наталлі АРЦЕМЧЫК
Оставить комментарий