У Брэсцкай гарадской бібліятэцы імя А.С. Пушкіна адбыўся традыцыйны літаратурна-паэтычны марафон «За Радзімы жыццё», прысвечаны Дню народнага адзінства, у якім прынялі ўдзел паэты Брэсцкага абласнога аддзялення СПБ і навучэнцы Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М. Машэрава.
У чарговы раз удзельнікі імпрэзы ўспомнілі паэтаў, актыўных удзельнікаў нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі – Валянціна Таўлая, Янку Чабора, Піліпа Пестрака, Міколу Засіма, Васіля Ласковіча.
Ганаровы грамадзянін Брэста, рэвалюцыянер-падпольшчык, былы палітвязень Брэсцкай турмы, ветэран партызанскага руху на тэрыторыі нашага краю ў гады Вялікай Айчыннай вайны Васіль Ласковіч стаяў ля вытокаў стварэння і брэсцкай творчай суполкі. Ён быў членам Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2006 года, і сёлета яму споўнілася б 110 гадоў.
Марафон распачаў паэт, заслужаны журналіст Беларускага саюза журналістаў Георгій Тамашэвіч, які выступіў з вершамі-прысвячэннямі роднай Беларусі і друкаванаму слову. Юныя дэкламатары-ліцэісты хвалююча і ўрачыста прачыталі радкі песняроў заходнебеларускіх барыкад.
Пра нялёгкія змагарскія дарогі паэтаў-рэвалюцыянераў, трагічныя лёсы і нязломнасць духу распавёў галоўны рэдактар радыё «Тэлерадыёкампанія Брэст», стваральнік і вядучы радыёпраграмы «Натхнёныя лёсам адзіным» Васіль Барысюк.
Сваімі ўспамінамі, творчымі набыткамі, паэтычнымі прызнаннямі падзялліся Зінаіда Дудзюк, Ірына Морых, Наталля Кандрашук, Ірына Фаміна.
Літаратурная спадчына заходнебеларускіх паэтаў беражліва захоўваецца сучаснымі пісьменнікамі, літаратуразнаўцамі, супрацоўнікамі бібліятэк, і вельмі знакава, што падчас святкавання дзяржаўнага свята Дня народнага адзінства пісьменнікі разам з моладдзю гарталі старонкі гісторыі, літаратурнага летапісу, успомнілі яркіх прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, якія ўключыліся ў вызваленчы рух Заходняй Беларусі.
Таццяна ДЗЕМІДОВІЧ
Фота прадсаўлена Брэсцкай гарадской бібліятэкай імя А.С. Пушкіна