Мая душа не толькі настаўніка, але і мастака заўсёды прагне наведвання новых выстаў. Так, надоечы я пабывала на выставе «Таленты зямлі берасцейскай: жывая стужка часу», якая на мінулым тыдні адкрылася ў Брэсцкім дзяржаўным цэнтры моладзёжнай творчасці».
У выставачнай зале ЦМТ прадстаўлены дзіцячыя мастацкія творы з усіх куточкаў Берасцейшчыны. На мой погляд, яны вызначаюцца вытанчаным мастацкім густам, высокай якасцю выканання і выкарыстаннем традыцыйных і даволі рэдкіх тэхнік дэкаратыўна-выяўленчага мастацтва.
Трэба адзначыць, што ў гэтай яркай экспазіцыі ёсць работы навучэнцаў і ўстаноў дадатковай адукацыі, і школ. Тут можна пабачыць і лялькі ў народных касцюмах, у якіх выраблена самастойна ўсё, уключаючы саму ляльку і яе адмысловы строй. Дарэчы, лялькі выраблены настолькі якасна, што нават нагадваюць выраб прамысловай вытворчасці.
Прыцягваюць увагу плеценыя саламяныя вырабы, напрыклад, капелюшы, а таксама творы, інкрусціраваныя саломкай. Не пакіне наведвальнікаў выставы вышыўка крыжыкам. Вартыя ўвагі творы, дзе класічнае мастацтва, напрыклад, станкавы жывапіс маслам, спалучаецца з тэхнікамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Выстава будзе працаваць яшчэ каля двух тыдняў. Шчыра раю яе наведаць з вучнямі і выхаванцамі гурткоў па інтарэсах, з уласнымі дзецьмі. Магчыма, пасля такой экскурсіі нехта вырашыць займацца мастацтвам, стане наведваць аб’яднанне ва ўстанове дадатковай адукацыі творчага або фальклорнага профілю.
На жаль, многія народныя рамёствы забываюцца таксама як і тэхнікі дэкаратыўна-выяўленчага мастацтва. Таму выстава «Таленты зямлі берасцейскай: жывая стужка часу» – гэта яшчэ адзін спосаб зацікавіць юнае пакаленне мастацтвам і фальклорам, мінулым і сучасным нашага беларускага народнага мастацтва, бо яно – наша гістарычная памяць.
Святлана СЁМІНА, настаўніца СШ №10 г. Брэста
Фота аўтара