У Брэсцкім музычным каледжы імя Р. Шырмы адбылося ўзнагароджанне пераможцаў абласнога літаратурнага конкурсу «Духоўная веліч». Лепшых літаратараў вызначылі ў чатырох намінацыях – «Мастацкая проза», «Публіцыстыка», «Паэзія» і «Літаратура для дзяцей і юнацтва».
Літаратурны конкурс «Духоўная веліч» заснаваны ў 2018 годзе абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі і галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама сумесна з Брэсцкай і Пінскай епархіямі Беларускай Праваслаўнай Царквы і Беларускім фондам міру. Творчае спаборніцтва праводзіцца з мэтай папулярызацыі моўнай, літаратурнай і гістарычнай спадчыны рэгіёна, выяўлення лепшых твораў, якія спрыяюць выхаванню ў чытачоў духоўнасці і патрыятызму, захаванню памяці об знакамітых асобах Брэстчыны, чые справы і духоўны подзвіг сталі ўзорам бескарыслівай адданасці Радзіме, істотна паўплывалі на грамадскае жыццё, культуру і гісторыю роднага краю.
Як адзначыла начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама Таццяна Гагакава, кожны конкурс – гэта магчымасць для творчых людзей унесці свой уклад у духоўнае развіццё Брэстчыны.
– Гаварыць пра бездухоўнасць сучаснага грамадства можна шмат, але лепш нешта рабіць, каб змяніць сітуацыю. Так, у 2018 годзе ў нашым культурным календары з’явіўся гэты конкурс. Безумоўна, пакуль яшчэ рана сцвярджаць, што ён стаў маштабнай падзеяй, ды і, мабыць, ён ніколі не будзе масавым, таму што вартыя мастацкія творы – гэта штучны тавар. Аднак, я мяркую, акрамя кніжных намінацый – проза, паэзія, публіцыстыка, дзіцячыя творы – актуальнымі з’яўляюцца і нашы інтэрнэт-рэсурсы. Сёння мы гаворым аб тым, што грамадства мае патрэбу ў блогерах – людзях, якіх чуюць са старонак гаджэтаў. Выхаванне духоўнасці не мае меж, і калі сёння яно пяройдзе і ў інтэрнэт і, можа быць, у наступным конкурсе будзе не чатыры намінацыі, а пяць – гэта таксама будзе сучасна, – лічыць Таццяна Гагакава.
Штогод творчая скарбонка берасцейскіх літаратараў папаўняецца новымі цікавымі творамі. У лік лаўрэатаў конкурсу «Духоўная веліч» сёлета ўвайшлі аўтар кнігі «Сустрэча ў зялёным жыце» Расціслаў Бензярук, паэтэса Святлана Сцепанчук са зборнікам «Зірну на неба», пісьменнік Анатоль Брытун з «Трылогіяй прыгод тысячагоддзя» і Фёдар Саевіч з кнігай «Моя малая Родина – Беловежская пуща». Дарэчы, Фёдар Канстанцінавіч – найстарэйшы літаратар Брэстчыны, летась ён адзначыў сваё 90-годдзе. Бацькаву ўзнагароду атрымаў Канстанцін Саевіч, які распавёў удзельнікам імпрэзы пра любоў пісьменніка да роднай вёсачкі на Пружаншчыне і захапленне літаратурнай дзейнасцю.
– У конкурсе прымалі ўдзел кніжныя навінкі апошніх двух гадоў. Сёлета сярод лаўрэатаў – людзі старэйшага пакалення, многія з іх былі відавочцамі падзей Вялікай Айчыннай вайны. На жаль, стан здароўя і шаноўны ўзрост не дазваляюць ім, як раней, актыўна сустракацца з маладой аўдыторыяй. Але жывуць іх кнігі, якія дапамагаюць моладзі знайсці свой шлях у жыцці, ратуюць ад памылак і раўнадушша. Безумоўна, нашы пісьменнікі імкнуцца, каб іх творы былі напоўнены духоўнай сілай, натхнялі на добрыя ўчынкі, – лічыць старшыня журы конкурсу, кіраўнік абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Дземідовіч.
Твор пераможцы ў намінацыі «Літаратура для дзяцей і юнацтва» Анатоля Брытуна «Трылогія прыгод тысячагоддзя» ўвайшоў у ТОП-10 самых папулярных кніг у чытачоў Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага. Такая чытацкая прыхільнасць, безумоўна, вельмі цешыць аўтара.
– Мая кніга прысвечана тысячагоддзю Брэста і складаецца з трох частак, якія ахопліваюць падзеі ад часоў будаўніцтва Брэста да мангола-татарскага нашэсця і Грунвальдскай бітвы. Пры напісанні твора я карыстаўся гістарычнымі крыніцамі, імкнуўся зацікавіць чытачоў не толькі прыгодніцкім сюжэтам, але і цікавымі гістарычнымі фактамі. Безумоўна, вельмі прыемна, што «Трылогію прыгод тысячагоддзя» адзначылі на абласным літаратурным конкурсе і кніга знайшла свайго чытача, – падзяліўся пісьменнік Анатоль Брытун.
Алёна САЦУТА
Фота Валерыя КАРАЛЯ
Оставить комментарий