Свята «Конікі» ў Давыд-Гарадку

09.01.2026

На Століншчыне ў старажытным мястэчку Давыд-Гарадок адданыя зберагальнікі аўтэнтычнай спадчыны ў 110-ы раз рыхтуюцца адсвяткаваць шчадрэц, прадэманстраваўшы самабытны калядны абрад «Конікі».

У 2020 годзе абраду прысвоены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, а сёлета, у год Вогненнага Каня, па меркаванні многіх, традыцыя набывае асаблівы сэнс і значнасць.

«Гэта песня звонкая,

ад якой не будзе сну,

пра высокую і тонкую, пра палескую сасну…»

Радкі з верша вядомага паэта-земляка Леаніда Дранько-Майсюка пры ўзгадванні пра незвычайны абрад адразу прывёў мой суразмоўнік, мясцовы краязнавец Генадзь Басавец. У недалёкім мінулым Генадзь Рыгоравіч – настаўнік гісторыі, а сёння – кіраўнік ваенна-патрыятычнага выхавання сярэдняй школы №2 горада Давыд-Гарадок. Як і ўсе гарадчукі, ён любіць сваю малую радзіму і бясконца можа пра яе расказваць.

Ад Генадзя Рыгоравіча даведалася, што незвычайнаму абраду, хутчэй за ўсё, нашмат больш, чым 110 год, хаця афіцыйна лічыцца, што з’явіўся ён у 1916 годзе. У той час у Давыд-Гарадку стаяў кавалерыйскі казацкі эскадрон. Жадаючы разнастаіць вольныя вечары, казакі вырашылі ў ноч з 13 на 14 студзеня, калі адзначаем Стары Новы год, незвычайным чынам павіншаваць жыхароў мястэчка. З падручных матэрыялаў зладзілі, так бы мовіць,  каня і накіраваліся па  хатах…

Самадзейны спектакль меў поспех, і на наступны год ужо самі гарадчукі віншавалі адзін аднаго, вандруючы ад хаты да хаты ў суправаджэнні самаробнага каня. Яго дагэтуль па-майстэрску вырабляюць з двух вялікіх кашоў, злучаных рэйкамі, і звычайнага валёнка, абцягнутага белай тканінай. Размаляваная пыса ўпрыгожана шыкоўнай грывай з паклі. З гэтага ж матэрыялу – хвост. Паміж кашамі ўладкоўваецца наезнік у шапцы-вушанцы, апрануты ў вайсковы шынель. Ганарліва ўзначальвае ён кавалькаду казачных персанажаў, сярод якіх звяртаюць на сябе ўвагу Дзед і Баба, Казёл, Баран, Мядзведзь, Бусел, Чорт, Смерць… З часам, праўда, пералік дзеючых асоб змяняецца, і сёння яго ўдала імкнуцца разнастаіць мульцяшнымі персанажамі ці нават героямі кінафільмаў, накшталт Джэка Вераб’я, але сярод сучасных песень дагэтуль утульна захаваліся колішнія, з асаблівым сэнсам. «Запеймо песню слаўному пану! Святы вэчор! Пану-мэшчаніну, мэшчанскому сыну! Святы вэчор», – даводзяць госці пасля атрымання дазволу павіншаваць гаспадароў. Калі ж у сям’і ёсць дзяўчына на выданні, то гучыць прыгожа шчымлівая песня пра сасну:

Там стояла сосна тонка, высока.

Шчодры вэчор!

Тонка, высока, лісцейком шырока.

Шчодры вэчор!

І на той сосэнцы – золота корыца.

Шчодры вэчор!

Золота корыца – майская росіца.

Шчодры вэчор!

Пасля песень, якія ўяўляюць сабой пранікнёны жыццёвы аповед, звычайна гучаць пажаданні здароўя, дабрабыту: «Каб былі грошы і харчы харошы». Скарбнік удзячна збірае гасцінцы – ласункі ды рублі.

Народны славянскі эпас жыве вякамі, дазваляючы даследчыкам лічыць аўтарам незвычайнага абраду менавіта мясцовы люд. Разам з тым Генадзь Басавец з вялікай павагай ставіцца да тых, хто па крупінках збірае звесткі пра традыцыі і абрады, беражліва захоўваючы багатую спадчыну. Адзін з такіх рупліўцаў – былы дырэктар мясцовага музея Мікалай Бразоўскі.

– Мікалай Паўлавіч шмат зрабіў для таго, каб багатая культурная спадчына нашых продкаў не загінула ў віхуры часу, жыла, развівалася, – даводзіць Генадзь Басавец. – І гэта знаходзіць удзячны водгук у сэрцах землякоў. І дзеці, і дарослыя любяць па-сапраўднаму народныя святы, рыхтуюцца да іх. Вось, напрыклад, Аляксандр Юр’евіч і Ніна Васільеўна Савічы штогод самі вырабляюць маскі, шыюць касцюмы. І такіх нямала! Добра, што іх падтрымліваюць мясцовыя культработнікі, якія імкнуцца ўдыхнуць у старыя абрады новае жыццё.

«Каб за год даждалі

ды зноў святкавалі…»

Зусім блізка той час, калі з розных куткоў Давыд-Гарадка – Мельнікаў, Радзічаў, Закасцёлля, Каморы, Балота – пачуецца прызыўны гук рога ці трубы. Дзівосна і ярка апранутыя групы калядоўшчыкаў на чале з нязменнымі Конікамі з паяўленнем на небе першай зоркі накіруюцца вандраваць ад хаты да хаты, будуць спыняць праязджаючыя аўто, дорачы жыхарам старажытнага мястэчка подых свята, аздоблены цяплом шчырых пажаданняў, іскрамётным гумарам і добрай песняй. Калядоўшчыкі – невялікія дзіцячыя групкі па пяць–шэсць падлеткаў і дарослыя – ад 10 да 15 чалавек з бубнамі, баянамі ды гармонікамі.

– «Конікі» – адна з найбольш адметных візітовак Давыд-Гарадка, – упэўнены старшыня гарвыканкама Вячаслаў Стаднік. – Менавіта таму мы ўсяляк стараемся падтрымаць нашых зберагальнікаў спадчыны. Ужо шмат гадоў гэты калядны абрад становіцца ўсеагульным гарадскім святам – прыгожым, запамінальным і вельмі шчырым. Варта хоць аднойчы ўбачыць парад Конікаў, і відовішча ніколі не забудзеш! Мы абавязкова  ўзнагароджваем аўтараў найбольш крэатыўных персанажаў і ўладальнікаў уражваючых самаробных масак.

Парад будзе праводзіцца і сёлета. Пасля традыцыйных паходаў па дамах гурты калядоўшчыкаў накіруюцца на галоўную плошчу старажытнага мястэчка, дзе адбудзецца кульмінацыя свята. Як і штогод, тут чакаюць гасцей, сярод якіх абавязкова будуць суседзі з Пінскага і Жыткавіцкага раёнаў. Неаднойчы прыязджалі сюды самадзейныя калектывы з Драгічыншчыны. З нядаўняга часу свята аблюбавалі пабрацімы з падмаскоўнага пасялення Марушкінскае. Асабліва ганарацца ў Давыд-Гарадку тым, што малую радзіму не забываюць знакамітыя землякі. Сярод іх – Герой Расіі Аляксандр Дарковіч, чыя грамадская дзейнасць на пасадзе першага намесніка Старшыні Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Расіі напрамую звязана з аб’яднаннем усіх, хто цікавіцца беларускай культурай.

Подых свята адчуваецца ўжо сёння. Яго ўдзельнікі апантана ладзяць маскі і прымяраюць карнавальныя касцюмы. А яшчэ спадзяюцца, што зіма нарэшце падорыць абавязковыя атрыбуты свята – шыкоўны сняжок і бадзёры марозік, якіх так не хапала ў мінулыя гады.

Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ, фота з архіва Аляксандра НІКІФАРЭНКІ