Канал «Культура» Беларускага радыё запускае маштабны нацыянальны літаратурна-мастацкі праект «Чытанка». Прэм’ера адбудзецца 4 мая.
Галоўная мэта праекта – папулярызацыя творчасці сучасных айчынных аўтараў. У эпоху лічбавага кантэнту радыё «Культура» беражліва захоўвае традыцыі літаратурна-мастацкага вяшчання, дзе галоўным застаецца жывое слова. Гэта дазваляе слухачу не проста пачуць тэкст, а адчуць яго глыбіню праз прафесійную інтэрпрэтацыю, голас і эмоцыі. Да працы над праектам прыцягнуты лепшыя майстры мастацкага слова – вядучыя акцёры тэатраў і дыктары Беларускага радыё, якія ператвараюць кожнае чытанне ў паўнавартасную драматургічную пастаноўку.
Адкрываюць цыкл «Чытанка» прыгодніцкая гісторыя аб падлетках брэсцкай пісьменніцы Наталлі Андрасюк «Незвычайныя прыгоды Гавара і Кундоса» і атмасферны твор пісьменніцы Алесі Кузняцовай «Стамбульскі вецер».
Канал “Культура” запрашае ўсіх аматараў прыгожага пісьменства далучыцца да праслухоўвання. Гэта выдатная магчымасць адкрыць для сябе новыя імёны ў сучаснай літаратуры і атрымаць асалоду ад якаснага гучання літаратурнага слова. Слухайце «Чытанку» кожны будны дзень на хвалях радыё «Культура». Стартуе праект 4 мая ў 11.00, паўтор – у 23.00.
Арганізатары перакананы, што «Чытанка» стане выдатнай творчай пляцоўкай для пераможцаў значных конкурсаў, перш за ўсё – Нацыянальнай літаратурнай прэміі, забяспечваючы маштабнае прадстаўленне літаратурнай творчасці ў медыяпрасторы. Праект закліканы стаць ключавым інструментам захавання нацыянальнага культурнага кода і папулярызацыі сучаснай айчыннай літаратуры.
Ініцыятыва рэалізуецца сумесна з Міністэрствам інфармацыі Беларусі, Саюзам пісьменнікаў Беларусі і ААТ «Белкніга».
Падрыхтавала Яўгенія КЛАЧКО