Тыдзень беларускай мовы пачаўся для вучняў сярэдняй школы №30 імя Д.Б. Гвішыяні сустрэчай з Таццянай Дземідовіч – старшынёй Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Арганізавала сустрэчу для школьнікаў настаўніца беларускай мовы і літаратуры Зоя Іванаўна Кавальчук.
Таццяна Анатольеўна расказала пра брэсцкіх пісьменнікаў, што большасць з іх піша на беларускай мове. Асаблівая ўвага была нададзена ў час гутаркі выхаванню пачуцця любові да Беларусі і нашай роднай мовы. «Мы цікавы сваёй культурай. Нас ведаюць як вельмі разумных людзей, шчырых і спагадлівых, людзей, якія дабіваюцца вялікіх поспехаў», – падкрэсліла кіраўнік пісьменніцкай суполкі Брэстчыны.
Таццяна Дземідовіч рассказала пра тое, што для яе значыць кніга:
– Я нарадзілася ў Брэсце. Бацькі заўсёды куплялі мне разам з рускамоўнымі кнігамі і беларускія. Бабуля была з Гомельскай вобласці, расказвала мне беларускамоўныя казкі. Я здзіўлялася, бо нейкія словы былі незразумелыя, а потым знаходзіла іх у творах Якуба Коласа і Янкі Купалы. Каб быць адукаваным чалавекам, трэба абавязкова чытаць кнігі, часопісы, газеты. Дабро робяць дзецям тыя бацькі, якія з маленства прывучаюць іх да чытання.
Пісьменніца ахвотна адказала на пытанні вучняў, якіх цікавіла не толькі творчасць майстра слова, але і яе адносіны да розных жыццёвых сітуацый.
– Ці бывае ў вас дрэнны настрой, калі не хочацца працаваць? І калі так, то як вы гэта пераадольваеце?
– Вялікі вучоны Канфуцый сказаў: «Калі хочаш не працаваць ні дня, знайдзі сабе справу па душы». Мая праца звязана з літаратурай, з натхненнем. Гэта вялікая радасць – працаваць з людзьмі, з творчымі людзьмі. Настрой бывае дрэнны толькі ад таго, што хтосьці хварэе з пісьменнікаў, штосьці не атрымліваецца, а так, наогул, усё натхняе, працую заўсёды з добрым настроем.
– Як прайшлі вашы школьныя гады? Чым запомніліся?
– Кожны тыдзень мы збіраліся з сяброўкамі і ішлі ў бібліятэку. Раней можна было ў бібліятэцы хадзіць па радах, выбіраць лепшыя кнігі. Мы бралі кнігі і за тыдзень прачытвалі. Таму з дзяцінства кніга была і ёсць маім лепшым сябрам. І адным з лепшых школьных успамінаў.
– Творчасць якіх сучасных пісьменнікаў вам падабаецца?
– Людмілы Рублеўскай. І я прачытала цудоўную кнігу апавяданняў Маргарыты Прохар. Вельмі цікавы аўтар.
– Раскажыце, чым вы яшчэ займаецеся акрамя пісьменніцтва. Ці ёсць іншыя захапленні?
– Так здарылася, што захапленні маіх дзяцей – гэта і мае захапленні. Мой сын займаўся інфарматыкай вельмі сур’ёзна, мне даводзілася пастаянна быць побач з ім. Зараз дачка займаецца музыкай, творчасцю, мне прыходзіцца ў гэтым таксама разбірацца. Я думаю, што вельмі важна, калі мы падтрымліваем сваіх дзяцей.
– Кажуць, што лепшы твор – гэта той, які яшчэ не напісаны. У вашых планах ёсць такі зборнік паэзіі ці прозы?
– Я думаю, што яшчэ большая частка маіх твораў у планах, і гэта патрабуе часу. Часу ў мяне зараз не шмат, таму я не магу “выйсці” на раман ці аповесць. Яшчэ вельмі шмат вандрую з сям’ёй. Я дачцы заўсёды раблю такі падарунак: на дзень нараджэння вязу яе ў які-небудзь горад Беларусі. Галоўнае, што мы можам падарыць сваім дзецям і сабе – гэта ўражаннІ, магчымасць дакрануцца да нашай гісторыі, культуры, што важней усялякіх падарункаў. Пабываць у розных мясцінах нашай Беларусі, пазнаёміцца з яе гісторыяй і сучаснасцю – цікава і карысна. Я вам ўсім раю таксама шмат вандраваць па Беларусі і адкрываць яе для сябе. Радзіма ў нас адна – гэта наша прыгожая Беларусь.
У канцы сустрэчы старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Дземідовіч пажадала школьнікам:
– Я вам ўсім зычу, каб ваша жыццё была напоўнена добрымі справамі, каб вы не ленаваліся працаваць над сабой. Рабіце ўсё неадкладна, бо заўтра можа быць позна. І вершы пісаць, і рухацца да сваёй прафесіі трэба штодня. Зараз такі час, што важна мець свае ідэі, важна прасоўваць іх ў жыцці; важна быць чалавекам добрым, шчырым, адкрытым, цікавым для іншых людзей. А мець вялікі духоўны падмурак вам дапамогуць веды, літаратура, наша гісторыя, наша любоў да продкаў, да бацькоў, да роднай зямлі.
Наталія СКУРАТАВА,
вучаніца 11 класа СШ №30 імя Д.Б. Гвішыяні г. Брэста
Фота аўтара