Адзін са старэйшых харавых калектываў Лунінеччыны – хор «Палессе» ўстановы адукацыі «Лунінецкі дзяржаўны політэхнічны каледж» – днямі паспяхова пацвердзіў званне народнага.
Удзельнікі самабытнага творчага калектыву з’яўляюцца работнікамі каледжа, што мае асаблівую каштоўнасць. У большасці сваёй людзі гэта дастаткова вопытныя, аднак да іспытаў рыхтаваліся вельмі старанна. У праграму харысты ўключылі лепшыя нумары, якія ўжо атрымалі станоўчы водгук у шматлікіх прыхільнікаў мясцовых самадзейных талентаў. Былі гэта як вядомыя рускія і беларускія народныя песні, беларускі фальклор у сучаснай апрацоўцы, так і аўтарскія творы.
Мастацкі кіраўнік хору Наталля Якавец адзначыла, што глыбіню і характар кожнага мастацкага твора дапамог раскрыць ансамбль народных інструментаў у складзе Генадзя Шэўчыка, Алены Чурсанавай і Аляксандра Канавальчука. З роляй канферансье паспяхова справіўся майстар вытворчага навучання Ігар Харытановіч.
Камісія высока ацаніла выступленне «Палесся», адзначыўшы выразнасць і цэльнасць праграмы, а таксама высокі ўзровень выканаўчага майстэрства. Няма сумнення, што да 40-гадовага юбілею харавы калектыў папоўніць творчую скарбонку новымі здабыткамі.
Вольга ШАРЭНДА, метадыст УА «Лунінецкі дзяржаўны політэхнічны каледж».
Фота з архіва ўстановы