Спіс народных майстроў Ганцавіцкага раёна папоўніўся яшчэ адным прозвішчам

31.12.2024

Рашэннем рэспублінскай экспертнай камісіі па народных мастацкіх рамёствах пры Міністэрстве культуры ганаровае званне «Народны майстар Рэспублікі Беларусь» прысвоена Марыі Уладзіміраўне Муха.

Марыя Муха стала дзявятым па ліку майстрам у Ганцавіцкім раёне, атрымаўшым высокую адзнаку за значны асабісты ўклад у захаванне і адраджэнне традыцыйнай народнай творчасці і рамёстваў.

Марыя Уладзіміраўна выдатна валодае многімі відамі народных рамёстваў. Ужо шмат гадоў яна вышывае, пляце паясы, вяжа дзівосныя карункі, а таксама з’яўляецца сапраўдным носьбітам старадаўніх ткацкіх традыцый. Майстар не толькі валодае традыцыйнымі тэхналогіямі ткацтва і вышыўкі і беражліва іх захоўвае, але і дзеліцца сваім вопытам з падрастаючым пакаленнем.

Вышытыя і тканыя ручнікі, вышытыя абрусы і сурвэткі, падушкі – гэта непаўторныя, цудоўныя работы, напоўненыя сонечным цяплом, святлом і любоўю самой майстрыхі.

Наталля БІЛІМАВА, загадчык раённага Дома рамёстваў

Фота з архіва Дома рамёстваў