Шлях да вялікай сцэны і прызнання гэтага самабытнага сямейнага калектыву, адзінага на прасторах Драгічынскага раёна, пачаўся яшчэ ў мінулым стагоддзі.
Упершыню разам браты і сёстры Лук’яновічы выступілі ў 1986 годзе на школьнай вечарыне. Апранутыя ў нацыянальныя касцюмы, дзеці спявалі мясцовыя песні. Паралельна творчы квінтэт акампаніраваў на музычных інструментах: Ала і Уладзімір ігралі на бубнах, у руках Валерыя звінелі лыжкі, Сяргей расцягваў гармонік; драўлянае «качало», якім карысталіся для разгладжвання тканіны, замяніла Святлане ксілафон. Аўдыторыя тады прыхільна сустрэла дзіцячы дэбют. І калі Святлане Лук’яновіч, цяпер Новік, у той час было трынаццаць гадоў, то Уладзіміру – усяго чатыры.
– За трыццаць сем гадоў творчай біяграфіі ў калектыве адбыліся пэўныя змены. Цяпер наш ансамбль – жаночы. У 2017 годзе ён атрымаў званне «народны». Яго візіткамі з’яўляюцца каляндарныя абрады «Зелянец», «Калядкі», «Шчодрык», «Кліканне буська», «Купалле» і вясельны «Каравайніцы». У скарбонцы калектыву – мясцовыя калядныя, веснавыя, бытавыя, жартоўныя песні. Экспедыцыі па іх збору ладзяцца і цяпер. А гэта значыць, што адкрыцці працягваюцца да сённяшняга часу, – адзначыла кіраўнік народнага сямейнага аўтэнтычнага фальклорнага калектыву Валянціна Лук’яновіч.
Старэйшыя яго ўдзельніцы, Святлана (працуе жывёлаводам), Ала (санітаркай) і Валянціна (загадчыцай Леснікоўскага Дома фальклору) нарадзіліся ў Сукачах. Напамінам пра колішнюю вёску з’яўляецца адзнака ў пашпарце родных сясцёр. У 1976 года суседнія населеныя пункты, Сукачы і Леснікі, аб’ядналі. Яны сталі Леснікамі. Такім чынам, артыстамі Лук’яновічы сталі ўжо ў Лесніках. Спачатку выступалі за родную школу, таксама за калгас «Іскра», Леснікоўскі сельскі клуб. З часам да жаночага трыа далучыліся іх дзеці – Яна Давідовіч (майстар вытворчага навучання) і Крысціна Новік (студэнтка ПалесДУ). Сёння каларытнымі спевамі яны заваёўваюць сэрцы не толькі землякоў-слухачоў, але і замежных гасцей.
– Музычны дар нам перайшоў ад бабуль. Абедзве, дарэчы, былі Соф’і Васільеўны Лук’яновіч. Калі трэба было выступіць, звярталіся да іх. Так і знаёміліся з народнай песняй. «Голуб на дубочку» – не толькі хіт нашай сям’і, але калектыву, – працягвае Валянціна Мікалаеўна.
«Голуб на дубочку,
Голубка на вышні.
Скажы мій мылэнькы –
Шо маіш на мыслі?
Я на мыслі маю
Тэбэ покыдаты.
Чырыз ворожэю
Ны можу я взяты…».
З гэтай кампазіцыяй Лук’яновічы перамаглі на раённым і абласным этапах рэспубліканскага конкурсу «Новыя імёны-2016».
Святаў, конкурсаў, фестываляў, на якіх выступаў гэты фальклорны калектыў, – незлічоная колькасць. Плацінавыя галасы Леснікоўскіх спявачак неаднойчы здзіўлялі публіку ў Любліне, Бельску, Гайнаўцы, Студзіводах і іншых месцах. Дарэчы, з польскім калектывам «Жымырва», які раней ладзіў фальклорныя экспедыцыі на Палессе, пры сустрэчы разам выконвалі мясцовую вясельную песню «Куды б я ны йхала».
Падарожжаў па свеце, галоўная мэта якіх – прэзентацыя народнай спадчыны, запісанай ад жыхароў вёскі Леснікі і навакольных – Пярэспа, Скрыпялі, Тыневічы, – за гады існавання калектыву было шмат. Кіраўнік паказвае вялікую чорную папку і адразу ж удакладняе:
– Тут толькі частка сабранага матэрыялу. У мяне ёсць сшытак, куды раблю запісы. А бывае, пазначаю на тым, што ёсць пад рукой, – чэку, напрыклад. Чакаем аўталаўку, размаўляем з людзьмі: нехта прыказку скажа, хтосьці незвычайнае слова ўжыве, песню згадае. Перапыняю, перапытваю і занатоўваю ўсё. І ведаеце, што цікава: вёскі блізка знаходзяцца, а ў кожнай – свае традыцыі. У Лесніках, напрыклад, толькі калядуюць (7 студзеня), у Аляксеевічах – ходзяць выключна ў «Шчодрыкі», а ў Пярэспе – і калядуюць, і шчадруюць.
Добры вэчор, пан-господар!
Чы спыш, чы лыжыш,
Чы в оконэчко глядыш,
Чы пырожкы пырыбыраіш,
Чы коляднычкыв дожыдаіш?
– Часам гаспадары заказвалі для каляднікоў пэўную песню. Даўнюю «Два батлеі», як успамінаў Віктар Трафімавіч Давідовіч, калісьці спявалі толькі ў адной хаце ў Сукачах. З гэтым шэдэўрам атрымалася цікавая гісторыя. Я прыйшла ў сям’ю Давідовічаў, каб запісаць калядную песню «Адам і Ева». Ішла за адной песняй, а атрымала две.
Ой, за гаем зэлынэнькым
Там орало два батлеі (2 разы).
Выгоралы свенты образ (2 разы),
А той образ позлочоны
Дай у скрыню уложоны…
Сёння многіх людзей, хто дзяліўся з Валянцінай Мікалаеўнай народнай спадчынай, няма ў жывых. Аднак дзякуючы старажылам калектыў Лук’яновічаў паспеў адрадзіць аўтэнтычны абрад «Зелянец», які сведчыць пра пераход з вясны на лета.
– Заўжды «Зелянец» праводзяць у другі чацвер пасля Тройцы. Абавязковым атрыбутам абраду, які раней быў пашыраны ў Лесніках Драгічынскага раёна і Бярозаўскім раёне, служыць вянок з зёлак: бруснічніку, барвёнка і дзеразы, па-мясцоваму «бырізкі». Яго плятуць дзяўчаты і жанчыны. Потым вянок вешаюць на прыдарожны крыж, – расказала жыхарка Леснікоў Лідзія Мікіціч.
На Дабравешчанне раней у Лесніках «клікалі буська». Сёння аднайменны абрад таксама адноўлены руплівым калектывам. Чакае свайго часу «Бородэйко». Зачэпкай да адраджэння веснавога свята стала пачутая ад Соф’і Рыгораўны Давідовіч песня, якая спявалася ў Вялікі пост. Пошукам разнастайнай інфармацыі – дакладнай даты, калі адзначалася свята, у што апраналіся на яго, цяпер шчыльна займаецца Валянціна Лук’яновіч.
– Жыхары Леснікоў расказвалі, што раней, калі было цёпла, яны хадзілі на рэчку, якая служыла падзелам паміж Сукачамі і Бярозаўскім раёнам. На карце цяпер яна пазначана як Маркаўскі канал. Пратвай звалася раней. На Бородэйка жанчыны сядалі ў чоўны і спявалі, а па вадзе ішлі «вэдра» – галасы. І далёка было чуваць тыя песні. Іх сэнс – людзі радаваліся, што прыйшла вясна, і ўсё абуджаецца. Нездарма там ёсць такі радок: «Ой, Бородэйко, зылёно дырэвко…». Пазней спявалі на прызбе. А яшчэ звярталіся: «Бородай, хліба дай – йсты хочыцца…».
А яшчэ ў Лесніках даўным-даўно праводзілі абрад «Купанне маладой». Халастыя хлопцы на Правадным тыдні (нядзеля пасля Вялікадня) да ўсхода сонца ішлі ў хаты, дзе жылі новаспечаныя муж з жонкай. Жанчына павінна была выйсці да калодзежа, з якога зачэрпвалі вядро вады. І трэба было ўмыцца.
– Замужняя жанчына спярша павінна памыць твар, рукі, пасля пачаставаць гасцей. Хто адмаўляўся выконваць старадаўні звычай, потым шкадаваў. Вадой маглі абліць жанчыну альбо выліць у ложак. Вось так! Канстанцін Сцяпанавіч Каўганка, якому зараз 89 гадоў, расказваў, што яны з жонкай жылі ў хаце з бацькамі. Свякруха з вечара папярэджвала нявестку, каб уставала рана, бо прыйдуць госці.
Паралельна Валянціна Лук’яновіч аднаўляе мясцовае свята «Тырнывка». Назва паходзіць ад дзеяслова «церці». Усё проста – людзі заканчвалі церці лён. Адзенне з гэтай тканіны было, ёсць і будзе беларускім брэндам. Аўтэнтычныя спевы калектыву Лук’яновічаў – культурны брэнд, «голас» палескай самабытнасці. І чым званчэй ён будзе гучаць, тым больш веры, што здолеем захаваць сваю нацыянальную душу.
Наталля МЕЧНАЯ
Фота аўтара