Народны літаратурна-краязнаўчы музей «Скарбы роднага краю» сярэдняй школы № 7 горада Кобрына – адзін з самых вядомых сярод музеяў устаноў адукацыі горада і раёна.
У наш час установы адукацыі пастаянна шукаюць новыя формы работы, накіраваныя на фарміраванне патрыятызму ў моладзі, развіццё ў яе пачуцця любові да малой радзімы і краіны, цікавасці да гісторыі і нашых вытокаў. У сярэдняй школе № 7 горада Кобрына ўпэўнены, што вялікая роля ў выхаванні грамадзяніна-патрыёта належыць народнаму літаратурна-краязнаўчаму музею «Скарбы роднага краю», які не раз станавіўся пераможцам і прызёрам рэспубліканскіх конкурсаў і ў 2024 годзе пацвердзіў званне народнага.
Станаўленне і развіццё
Музей у сярэдняй школе № 7 города Кобрына існуе больш за 20 гадоў. Напачатку гэта быў беларускі куток – на плошчы прыкладна 2 на 3 метры размяшчаліся беларускае адзенне і прылады працы. Музей быў створаны ў 2004 годзе, а новы подых атрымаў, калі ў 2015-м яго кіраўніком стала Наталля Мех.
Наталля Мех – настаўнік пачатковых класаў. Педагагічны шлях пачала ў 1989 годзе менавіта ў гэтай установе адукацыі. Тут набывала вопыт, удасканальвала педагагічнае майстэрства, расла прафесійна і выпусціла шмат таленавітых дзяцей у старэйшыя класы. Час ад часу Наталлі Аляксандраўне даводзілася мець дачыненне да школьнага музея. Ён заўсёды прыцягваў увагу як месца, звязанае з гісторыяй і традыцыямі нашых продкаў. Таму, калі завуч прапанавала стаць кіраўніком музея ў сувязі з выхадам на пенсію былога кіраўніка Святланы Чысцік, Наталля адразу згадзілася.
Наталля Мех прыйшла працаваць у музей з новымі ідэямі. Яго плошча значна павялічылася за кошт правядзення рэканструкцыі. Змяніўся знешні выгляд музея. Вокны ўпрыгожыла кампазіцыя з шырокімі беларускімі палямі і блакітным небам. З’явіліся новыя драўляныя стэнды і экспанаты. Непаўторнасці прыдае беларуская хатка, якая быццам схавалася за сталамі, але на самой справе гарманічна ўпісалася ў стылістыку музея і стала яго важнай часткай. Наяўнасць тэлевізара і ноўтбука дазваляюць на высокім узроўні праводзіць экскурсіі.
– Наш музей мае свае традыцыі і асаблівасці. Мы ганарымся тым, што ўсе нашы экскурсіі праходзяць на беларускай мове. Пры музеі працуюць аб’яднанні па інтарэсах «Юны экскурсавод» пад кіраўніцтвам Таццяны Сцяпанаўны Валошчык, «Батлейка» пад кіраўніцтвам Аксаны Сяргееўны Кузіч, праводзяцца майстар-класы па вырабе народных лялек. За шмат гадоў у музеі склаўся творчы калектыў настаўнікаў, якія з натхненнем расказваюць дзецям пра гісторыю, традыцыі, рамёствы нашых продкаў. Гэта Валянціна Аляксандраўна Піліпчук, Ірына Валянцінаўна Багдановіч, Ірына Уладзіміраўна Дзямчук, – расказала Наталля Мех. – Штогод музей наведваюць амаль дзве тысячы чалавек – вучні нашай школы і іншых устаноў адукацыі, выхаванцы дзіцячых садкоў, а таксама дарослыя, якія цікавяцца сваімі каранямі. Мы супрацоўнічаем з народным літаратурным аб’яднаннем «Белы бусел». У школе праходзяць літаратурныя сустрэчы з пісьменнікамі, паэтамі і бардамі Кобрыншчыны. У гэтым годзе да нас ужо завіталі Валянціна Клачковіч, Наталля Сахута і Наталля Кандрацюк. Ёсць экспазіцыя, прысвечаная генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Да яе распрацавана экскурсія «Кобрынскія сёстры Хатыні». Моладзь цікавіцца ваеннай гісторыяй Кобрыншчыны.
Фарміраванне фонду
Пры ўваходзе ў музей позірк адразу трапляе на жывапісную кампазіцыю беларускай прыроды. Але аглядавая экскурсія пачынаецца з кутка, дзе размясцілася батлейка, якую зрабіў настаўнік працоўнага навучання Уладзімір Калмычэнка. За восем гадоў работы пастаўлена шмат спектакляў, змайстравана шмат лялек. Батлейка ўдзельнічала ў абласным конкурсе «Здравствуй, мир!» і атрымала дыплом другой ступені, а ў рэспубліканскім конкурсе «Нашчадкі традыцый» стала пераможцам. Побач з батлейкай – куток пчаляра.
– У мяне ёсць свая пасека, таму я вырашыла адзін з раздзелаў экспазіцыі прысвяціць пчалярству. Глядзіце: у нас тут прылады працы пчаляра і прадукты пчалярства – мёд, пярга, праполіс, соты, воск. Менавіта з гэтага воску робяць свечы, якія доўга гараць, прыемна пахнуць і нават знішчаюць мікробаў у пакоі. Расказваю наведвальнікам, што праполіс можна выкарыстоўваць пры ангіне і зубных болях. Мала хто ведае, што забрус (крышачкі, якімі пчолы закрываюць соты з мёдам), змяшчае ў сабе прыродны антыбіётык, што лечыць насмарк і алергію. А вось незвычайнае вялікае асінае гняздо, якое аднойчы знайшла ў вуллі. Яго сценкі падобныя на паперу. Менавіта восы калісьці «падказалі» кітайцам, як яе вырабляць, – з захапленнем паведаміла кіраўнік музея.
Рухаемся далей. Каля гэтага стэнда абавязкова спыняцца самыя маленькія наведвальнікі музея – колькі народных цацак з рознага матэрыялу! Яны яшчэ і рухомыя – зайцы мыюць бялізну, птушкі дзяўбуць зерне, мядзведзі б’юць молатамі па накавальні… А дзе яшчэ можна ўбачыць мядзведзя-лыжніка! На наступным стэндзе размясціліся вырабы з саломы, гліняны посуд і свістулькі. Дарэчы, тут прапісалася свістулька, якую знайшла на полі ля вёскі Балаты настаўніца школы Вольга Якаўлеўна Гелах, калі капала бульбу.
– Магчыма, калісьці яе згубіў маленькі пастушок, – разважае Наталля Мех.
Асаблівы гонар кіраўніка музея – беларуская народная лялька. У гэтым памяшканні лялек больш за восемдзесят, і зроблены яны рукамі Наталлі Аляксандраўны. Аднойчы, шукаючы матэрыял да ўрока, яна ўбачыла народную ляльку, паспрабавала яе зрабіць і вельмі захапілася гэтай тэмай. Так у музеі з’явіўся новы раздзел экспазіцыі «Беларуская народная лялька».
– Кожная лялька мае сваю назву і цікавую гісторыю. Лялькі падзяляюцца на тры групы: абярэжныя, што абараняюць хату ад злых духаў, абрадавыя, з якімі звязаны тыя ці іншыя абрады, і гульнявыя для дзяцей, – паведаміла эксперт. – Важна памятаць, што ляльцы нельга рабіць вочы, нос і рот, каб праз іх не прыйшла ў хату нячыстая сіла. Першай лялькай ў калекцыі музея была Карагодніца. Яна на палачцы. Калі хутка круціш палачку, лялька быццам танцуе ў карагодзе. Адсюль і назва.
Пра беларускую народную ляльку Наталля Аляксандраўна распавядае з захапленнем і можа рабіць гэта гадзінамі. Яна расказала пра Зосіму-пчольніка, якога пчаляры лічаць ахоўнікам пчол, Медавіцу з васкавой свечкай усярэдзіне, Вербную ляльку з галінкамі вярбы і ляльку Вялікдзень.
Чым багата хата?
Напрыканцы – самае цікавае. Адчыняеш дзверы – і адпраўляешся ў падарожжа па беларускай хаце. Адразу трапляеш у сені і бачыш тканыя і вышываныя ручнікі, кожны ўзор на якіх мае пэўную сімволіку, а таксама прылады для апрацоўкі льну. Наталля Аляксандраўна расказала, што слова «сарочка» ўтварылася ад слова «сорак», бо менавіта столькі работ трэба было зрабіць з ільном, каб звычайная расліна стала адзеннем. Лён трапалі, вычэсвалі, потым кудзелю пралі, ніткі запраўлялі ў кросны, ткалі льняную тканіну, якую адбельвалі, з яе шылі адзенне і пасцельную бялізну.
У самой хаце адразу бачым печ. Яна была адным з самых важных элементаў сялянскай хаты. Печ – гэта смачная ежа, цяпло і месца адпачынку. З цікавасцю даведалася пра бабін і чырвоны куткі. А які тут куфар з мноствам касцюмаў! Пад драўляным сталом – дзяжа, у якой замешвалі цеста. Чорны хлеб пяклі раз на тыдзень, а на святы – белы – пірагі. Што цікава: старую дзяжу не выкідалі, а ставілі пад стол у чырвоным куце, бо лічылася, што яна з’яўляецца абярэгам на багацце ў хаце.
Цудоўна, што такія цікавыя заняткі па вывучэнні беларускіх традыцый праходзяць і ў шосты школьны дзень. Дзеці адпачываюць ад праграмных дысцыплін і больш глыбока знаёмяцца з беларускай культурай. Ганна Бельская – вучаніца 9 класа і юны экскурсавод.
– Я ганаруся, што мне даверылі праводзіць экскурсіі. Мне падабаецца расказваць іншым пра мінулае, пра нашых продкаў, тлумачыць, чаму важна захоўваць традыцыі, беражліва ставіцца да старых рэчаў, асабліва тых, якія былі вельмі дарагімі для нашых бабуль і дзядуль, – падзялілася Ганна.
Багатая калекцыя школьнага музея – гэта вялікая заслуга кіраўніка. Большасць экспанатаў – падарункі музею ад вучняў, іх бацькоў, настаўнікаў, наведвальнікаў. Некаторыя экспанаты Наталля Аляксандраўна купляе, прыносіць са свайго дома, робіць сваімі рукамі. І кожны – з гісторыяй. Хочацца разглядзець дэталі, пагуляць народнымі цацкамі і, нават зрабіць самому, паспрабаваць самастойна зразумець закладзеную ў вышытых таленавітымі рукамі нашых бабуль і прабабуль сімволіку ручнікоў. У кожным з іх – цяпло рук, святло душы і вялікая мудрасць нашых продкаў. Таму галоўная задача музея – данесці здабыткі мінулых пакаленняў будучым.
Юлія ВОЎК
Фота аўтара