Сямейны тандэм паказвае батлейку ў Драгічыне і не толькі

06.01.2025

Дзесяць гадоў таму Ігар Шыкулаў і Аліна Цыганова, людзі творчыя ад прыроды, афіцыйна сталі сям’ёй. Сыны Прохар, якому сем год, і чатырохгадовы Якуб дапамагаюць бацькам не толькі з выкананнем хатніх справаў, але з ахвотай удзельнічаюць у цікавых мерапрыемствах, якія арганізоўваюць мама і тата. Адным з такіх з’яўляецца імпрэза «Цар Ірад». Яе прэзентуюць 7 студзеня. Звычайна гэта адбываецца ў горадзе Драгічыне – на малой радзіме Аліны.

– У старэйшага сына цяпер школьныя канікулы, таму прыехалі і ў гэты раз Новы год адзначыць да маіх бацькоў. Застанемся таксама на Каляды. Традыцыйна пакажам для гасцей батлейку. Гэта стала неад’емнай часткай нашых сустрэч, – расказалі Ігар і Аліна.

Ігар і Аліна пазнаёміліся ў сталічнай альма-матар – Беларускім дзяржаўным педагагічным ўніверсітэце імя Максіма Танка. Ігар Велікавіч працаваў там выкладчыкам, Аліна была студэнткай. Для будучай настаўніцы пачатковых класаў і выяўленчага мастацтва студэнцкія гады сталі перыядам адкрыццяў.

– Выставы, экскурсіі, новыя знаёмствы – было многа ўсяго цікавага. Дзякуючы Ігару Велікавічу ўпершыню даведалася аб тым, што ў старажытныя часы на Каляды па вёсках і мястэчках вандраваў незвычайны лялечны тэатр – батлейка, які ў Беларусі існаваў ажно з шаснаццатага стагоддзя. Разам з аднакурснікамі самастойна зрабілі драўляную двух’ярусную скрыню, персанажаў для імпрэз. Першапачаткова іх паказвалі для студэнтаў малодшых курсаў, – успамінае Аліна Цыганова.

– Апрача спецпрадметаў – малюнак, жывапіс, шрыфтавая графіка, дызайн, якія выкладаў, лічыў неабходным зрабіць сваім выхаванцам незвычайную «прышчэпку», назва якой батлейка. Знаёміліся з народнай творчасцю на занятках у гуртку, – патлумачыў сябра Беларускага саюза дызайнераў Ігар Шыкулаў. – Потым, калі паехалі працаваць у Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа, рабілі гэта разам. Дарэчы, карані майго роду – у нясвіжскай зямлі. Таму дыпломную работу падчас навучання ў Віцебску прысвяціў родным мясцінам. У даследаванні прапаноўваў выкарыстоўваць нясвіжскую ратушу ў якасці лакацыі для паказу батлеечных спектаклей.

Некалькі гадоў выкладчыкі жылі на два гарады – Мінск, дзе была кватэра, і Нясвіж – тут працавалі. Адлегласць паміж імі немалая – сто кіламетраў у адзін бок. Хтосьці называў тыя паездкі падзвіжніцтвам. Пасля такіх выказванняў Ігар і Аліна праводзілі кароткі лікбез – тлумачылі, чаму туды, нібыта магнітам, цягнула. Аказваецца, інтэрнат Нясвіжскага каледжа знаходзіцца ў будынку былога манастыра бенедэктынак – першай каталіцкай жаночай абіцелі на тэрыторыі Беларусі. Ды і сам старажытны Нясвіж, дзе ёсць помнік Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА – знакаміты Нясвіжскі замак, не можа не вабіць. Сам жа Ігар Шыкулаў лічыў сваёй місіяй пэўным чынам аддаць даніну павагі спадчыне продкаў.

Аліну Цыганову Нясвіж захапіў акурат у студэнцтве – падчас выязнога двухтыднёвага пленэру. Пасля ўжо ў якасці выкладчыцы яна таксама прывівала сваім таленавітым студэнтам любоў да батлейкі. Выступалі ў Нясвіжы – ва ўстанове адукацыі, Доме творчасці, удзельнічалі ў дабрачынных акцыях. Выязны дэбют адбыўся ў вёсцы Дастоева Іванаўскага раёна. Было гэта ў 2010 годзе.

– Там распісваў купал і барабан храма. Прапанаваў настаяцелю мясцовай царквы айцу Сергію ў святочныя дні паказаць батлейку. Ён згадзіўся. Дзеля гэтага студэнты прыехалі з Мінска начным цягніком. Са сталіцы везлі наш скарб – батлейку. Гледачамі тады былі дзеці, дарослыя. Усе яны сабраліся ў глядзельнай зале Дома культуры. Мы рыхтавалі дадатковыя дэкарацыі, паказалі паралельныя сюжэты. Гэта калі акцёры-лялькі і акцёры-людзі ўвасабляюць адно і тое ж дзеянне, – гаварыць Ігар Шыкулаў.

У аснове імпрэзы «Цар Ірад» – класічны біблейскі сюжэт, які нагадвае людзям пра Хрыстова нараджэнне, намер жорсткага цара Ірада забіць будучага Збавіцеля свету. У пастаноўцы ўдзельнічаюць крыху больш за дзесяць герояў – Анёл, цар Ірад, Рахіль, Каза, Каралі, Чарнакніжнік і іншыя. Аліна і Ігар размяркоўваюць ролі: яна выконвае, як правіла, жаночыя, ён – мужчынскія.

– Майстэрству пераўвасаблення голасу нас навучыла менавіта батлейка. Яна станоўча дзейнічала і на асобных студэнтаў, якія ў звычайным жыцці, бывала, прагульвалі заняткі. Тут жа яны адказна ставіліся да справы – завучвалі ролі, прыходзілі на рэпетыцыі, майстравалі лялькі, прыслухоўваліся да нашых парадаў. Батлейка – добры выхавацель, таму што далучае ўсіх да даўняй культурнай традыцыі беларускага народу. Такое народнае мастацтва можа служыць трамплінам, які праз песенна-гульнявую форму знаёміць людзей з рэлігіяй. Нашым маленькім гледачам мы раздаём ролі, разам спяваем. Пасля імпрэзы дазваляем ім пагуляць лялькамі, – расказвалі Ігар і Аліна.

Сямейная батлейка пашырае геаграфію выступленняў. Прадстаўленне паказвалі ў дзіцячым садку, для арганізацыі «Беларускі зялёны крыж», у Гарадзейскай спецыяльнай школе-інтэрнаце. Акрамя «Цара Ірада» прадставілі «Куру-шчабятуру». Рыхтуецца і новая імпрэза, якая, магчыма, стане цікавай для гледачоў.

Выдатна, калі традыцыя жыве прадаўжаецца ў новых пакаленнях.

Наталля МЕЧНАЯ