Родныя скокі – лёгкія крокі

28.01.2026

Назіраць за тым, як у людзей адкрываецца другое дыханне, раней прыходзілася неаднойчы. Звычайна гэта адбывалася на стадыёнах. Падчас забегу спартсмен на апошніх секундах дэманстраваў фенаменальную хуткасць, што ў рэшце рэшт дапамагала яму «вырваць» перамогу.

Падобнае назірала напрыканцы мінулага рабочага тыдня ў Іванаве, дзе ў рамках рэалізацыі прапанаванага Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю праекта «Кожная пятніца – роднае, сваё!» прайшло чарговае цікавае мерапрыемства. Цяпер пра ўсё па парадку.

Аб’ява аб правядзенні ў Цэнтры культуры і народных традыцый (ЦКіНТ) вечара побытавых танцаў з’явілася ў сацыяльных сетках за некалькі дзён да падзеі. Свядомасць супярэчліва ўспрыняла навіну. Інтрыгавала тое, што не было ўзроставых і прафесійных абмежаванняў для ўдзелу. Адразу чамусьці прыгадаліся ранейшыя вячоркі, каларыт якім надавалі тагачасныя песні і танцы. Каб не пайсці, было адно вялікае «але»: дзень і час правядзення мерапрыемства «Танцую, гуляю, скачу – як хачу». Арганізатары запрашалі ўсіх аматараў побытавых скокаў у пятніцу, 23 студзеня, а шостай гадзіне вечара. Падумалася: «Няўжо знойдуцца героі, якія наважацца адпрэчыць стому працоўнага тыдня?» Было вялікае сумненне, што такія дзівакі (у добрым сэнсе гэтага слова) знойдуцца.

Надышоў чаканы час. Зала хутка напаўнялася ўдзельнікамі розных пакаленняў. Школьнікі, людзі працоўнага ўзросту, паважаныя пенсіянеры з задавальненнем выконвалі альбо развучвалі «Лысага», «Лявоніху», «Ночку», «Рэчачку», «Мотальскі кракавяк» і іншыя народныя танцы. Мадэратарам вечарыны быў загадчык метадычнага аддзела Іванаўскага раённага ЦкіНТ Уладзімір Фалітарык. Паміж танцамі Уладзімір Віктаравіч рабіў невялікія паўзы, якія запаўняў цікавымі звесткамі пра ўнікальнасць беларускіх абрадаў і народных гульняў. Аднойчы пасля такога непрацяглага перапынку вядучы вечарыны звярнуўся да музыкаў: «Ну што,  хлопцы, зайграйце весела ды лоўка… беларускую польку!» Як стала вядома пасля, у многіх вёсках гэты танец выконваўся «на два бокі», і той, хто гэтак умеў, лічыўся выдатным танцорам.

Навучыцца танцаваць польку дапамагала Ганна Сідаровіч. Кіраўнічая пасада – Ганна Уладзіміраўна менш за год узначальвае Цэнтр культуры і народных традыцый – не стала перашкодай, каб па просьбе ўдзельнікаў станцаваць, напрыклад, «Барыню» і «Карапета». Некалькі рэпэтыцый – і «вучні» чуюць ад настаўніцы (якая па прафесіі з’яўляецца харэографам) шыкоўны камплімент – «Белісіма», што значыць цудоўна.

Дарэчы, падтрымаць мерапрыемства праекта «Кожная пятніца – роднае, сваё!» прыйшлі аматары танцаў розных узростаў і заняткаў: школьнікі, бібліятэкар, зваршчык, бухгалтар, экскурсавод, вадзіцель. Яны прызналіся, што танцы дапамаглі ім пасля напружанага працоўнага тыдня пазбавіцца ад стомы.

– Без танцаў нельга! Нібыта другое дыханне адкрылася, – так ва ўнісон выказаліся зваршчык Аляксандр і бухгалтар Ніна Уладзіміраўна.

У Аляксандра праца цяжкая фізічна, у Ніны Уладзіміраўны – патрабуе сур’ёзнага разумовага напружання. Для абаіх важна было эмацыянальна перазагрузіцца. «Родныя скокі зрабілі лёгкімі нашыя крокі» – такім быў вердыкт аматараў народных танцаў у Іванаве.

Наталля КРЫВЕЦКАЯ

Фота аўтара