Рэканструкцыю гоцкай керамікі ІІ стагоддзя н.э. можна ўбачыць на выставе «Здабытак часу» ў малой выставачнай зале на вуліцы Савецкай, 54 у Брэсце. Гліняны посуд, адноўлены па старажытных тэхналогіях, і сучасныя керамічныя вырабы створаны таленавітымі рукамі Васіля Логвіна. Выстава прымеркавана да 70-годдзя народнага майстра Рэспублікі Беларусь.
У экспазіцыі сабрана разнастайная калекцыя гліняных вырабаў: лаканічныя і самабытныя ўзоры народнай традыцыйнай керамікі суседнічаюць з вытанчанымі інтэр’ернымі працамі. Асаблівую ўвагу прыцягвае чорнаглянцавы посуд, сакрэтамі вырабу якога з Васілём Логвінам падзяліўся пружанскі майстар Антон Такарэўскі. Знаўцы адразу прыкмецяць і посуд па матывах гараднянскай керамікі, зроблены з мясцовай гліны.
– На працягу доўгага часу мы плённа супрацоўнічаем з Васілём Іванавічам. Ён актыўна ўдзельнічае ў гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх, міжнародных выставах, конкурсах, фестывалях, святах народнай творчасці, вельмі шмат робіць для папулярызацыі і захавання беларускай народнай керамікі. На момант нашага знаёмства Васіль Іванавіч быў ледзьве не адзіным майстрам у краіне, які займаўся чорнай керамікай. Таксама ён горача падтрымаў ідэю правядзення міжнародных пленэраў ганчароў у Гарадной, – адзначыла загадчык аддзела традыцыйнай культуры Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Ларыса Быцко.
Народная кераміка стала вялікім захапленнем майстра, зрэшты, як і педагагічная дзейнасць. Больш за 40 гадоў Васіль Логвін працуе настаўнікам выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў сярэдняй школе №10 г. Брэста. Ён перакананы: каб вучыць дзяцей, трэба няспынна самаўдасканальвацца і любіць тое, чаму прысвяціў сваё жыццё. А пачалося знаёмства Васіля Іванавіча з жывой глінай выпадкова.
– Студэнтам графічна-мастацкага факультэта Віцебскага педагагічнага інстытута я меў даволі цьмянае ўяўленне пра народную кераміку. Пазней, ужо на працы, мне давялося неяк абпаліць у спецыяльнай печцы вучнёўскія гліняныя вырабы. І калі я ўпершыню ўбачыў, як змяняецца колер гліны пасля апрацоўкі агнём з шэрага на чырвоны, для мяне гэта стала сапраўдным цудам. З таго часу я займаюся керамікай – вывучаю, пераймаю вопыт, увесь час звяртаюся да даўніны, але імкнуся ствараць і нешта новае, – паведаміў Васіль Логвін.
Чарговым зваротам да даўніны Васіля Іванавіча стала рэканструкцыя посуду перыяду ІІ стагоддзя н.э. Як расказаў майстар, цікавасць да гоцкай керамікі з’явілася дзякуючы кнізе археолага Юрыя Кухарэнкі, у якой распавядалася пра Трышынскі магільнік у Брэсце. Керамісту захацелася паказаць землякам, як выглядалі гліняныя вырабы, створаныя шмат стагоддзяў таму на тэрыторыі Брэста. Знойдзеная падчас раскопак у Брэсце гоцкая кераміка захоўваецца ў Эрмітажы. Таму майстру давялося працаваць з фотаздымкамі і малюнкамі.
– Кераміка – маё жыццё. Мне падабаецца працаваць з гэтым матэрыялам, захапляе сам працэс. І праз вырабы мне хочацца перадаць прыгажосць старажытных форм. Мне шчасціць на выдатных людзей, якія мяне натхняюць і дапамагаюць у працы, – упэўнены Васіль Логвін.
На адкрыцці выставы гучала шмат цёплых слоў і пажаданняў. Павіншаваць з юбілеем Васіля Іванавіча прыйшлі родныя, сябры, калегі і вучні. Пазнаёміцца з выставай «Здабытак часу» можна да 9 кастрычніка.
Алёна САЦУТА
Фота Марыны ЛЯШКЕВІЧ
Присоединяйтесь к нашему Телеграм-каналу ЗДЕСЬ